У хуткім часе ў Паэтычным салоне палаца Друцкіх-Любецкіх адбудзецца першая сустрэча творчых асоб

У людзей рознага ўзро­сту і ва ўсе ча­сы кары­с­таліся папу­ляр­насцю літаратурныя гур­ткі, аб’яднанні. Тыя ж філаматы ў Вільні не толькі авалодвалі разна­стайнымі веда­мі, але і спасцігалі таямніцы вершаскладання. Несумненна, чыталі оды ў гонар гаспадароў-князёў і ў палацы Друцкіх-Любецкіх. Гэта як найлепш стасуецца з сучаснасцю помніка архітэктуры, установы адукацыі і творчасці.

Ёсць творчыя асобы, носьбіты прыгожага пісьменства, і ў нашай мясцовасці, толькі не кожны адважыцца вынесці на людзі асабісты твор. Таму прапанова: аб’явіць адкрыццё Паэтычнага салона ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі, дадаўшы – і дарослых. 
Збірацца, да прыкладу, можна двойчы на месяц. Пры неабходнасці – часцей. Напэўна, па суботах? Пра час дамовімся пры першай сустрэчы. Пачытаем, як гэта прынята ў іншых гарадах і пасёлках, вершы, малую прозу (мініяцюры, замалёўкі, абразкі, нават невялічкія апавя­данні), памяркуем, як жыць далей. Напрыклад, папросім галоўнага рэдактара “Дзянніцы”, каб была магчымасць выхаду на літаратурную старонку. З часам пры жаданні і паспяховай працы ўдзельнікаў салона магчыма друкаванне літаратурнага альманаха ў выдавецтве.
Прыкінем першую сустрэчу ў Паэтычным салоне палаца на 14 красавіка гэтага года ў 13 гадзін. Пытанні можна задаць напярэдадні па тэлефоне: МТС 29 8848638.

У паэтычным салоне
Задуменнае князя аблічча.
Штосьці скажа высокае ён.
Паглядае на свет рамантычна
Праз акно
Паэтычны салон.

Праз стагоддзі і праз завірухі
Цераз іхні і звонкі наш час
Сцены чуйныя моўчкі паслухай,
Усміхніся князёўне ў адказ.

І скажы на свой лад адмыслова,
Стануць Друцкія слухаць калі,
Паэтычнае роднае слова
На спакон беларускай зямлі.

Слова весняе, слова жывое,
Што матулі заўсёды казаў.
Князь кіўне маладой галавою,
І пакоціцца долу сляза.

Паэтычны салон у палацы – 
Баль вачэй
І душы тваёй баль,
Каб здзіўляць
І самому здзіўляцца
Пры Самім быць, 
Пры Богу амаль.
Рычард БЯЛЯЧЫЦ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!