У гатоўнасці васілішкаўскіх аграрыяў да пасяўной кампаніі пераканаліся нават школьнікі

Перад пачаткам вясенне-пасяўных работ у ААТ “Васілішкі” прайшоў традыцыйны тэхнічны агляд сельскагаспадарчай тэхнікі. Сёлета ён быў арганізаваны ў незвычайным фармаце: акрамя спецыялістаў райсельгасхарчу і супрацоўнікаў ДАІ, на цэнтральную мехмайстэрню былі запрошаны таксама старшакласнікі Галавічпольскага дз/с-СШ і Васілішкаўскай СШ.
На пляцоўцы ў рад выстраіліся трактары: усе адрамантаваныя, як след абслужаныя і падфарбаваныя. Побач стаялі механізатары, адзетыя ў спецадзенне і спецабутак. У руках яны трымалі запраўленыя вогнетушыцелі і новыя аптэчкі з неабходным пералікам медыкаментаў.
Да аграрыяў звярнуўся начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Антон Мікалаевіч Кавалеўскі:
– Паступова вясна набірае сілу і надвор’е становіцца ўсё больш цёплым. Не за гарамі пасяўная кампанія, падчас якой кожны трактар – на вагу золата. Абавязкова пераканайцеся ў тым, што на вашых “жалезных конях” працуюць габарытныя агні. Таксама праверце спраўнасць тармазной сістэмы, каб не стаць віноўнікамі аварыйных сітуацый на дарозе.
Да слоў Антона Мікалаевіча далучыўся старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС Дзмітрый Уладзіслававіч Арлоўскі. Ён папярэдзіў, што за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане прадугледжана не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць, і заклікаў механізатараў не парушаць правілы дарожнага руху.
І пакуль спецыяльная камісія правярала гатоўнасць тэхнікі да выхаду ў поле, старшакласнікі Галавічпольскага дз/с-СШ і Васілішкаўскай СШ “засыпалі” механізатараў пытаннямі. Падлеткаў цікавіла ўсё: магчымасці сучаснай тэхнікі, умовы працы, узровень заработнай платы, наяўнасць выхадных дзён. Многія выказалі жаданне прагуляцца па тэрыторыі мехдвара, каб убачыць, дзе стаяць на захоўванні зерне- і кормаўборачныя камбайны, наколькі дагледжаны прычапныя і навясныя агрэгаты, у якім стане знаходзяцца бытавыя памяшканні. Убачаным рабяты засталіся задаволеныя, як і члены спецыяльнай камісіі: агляд тэхнікі пацвердзіў, што васілішкаўскія механізатары выдатна падрыхтаваліся да пасяўной кампаніі.
– Сёлета я заканчваю сярэднюю школу і перада мной стаіць пытанне выбару будучай прафесіі, – гаворыць адзінаццацікласнік Галавічпольскага дз/с-СШ Віктар Працкайла. – Мой бацька Часлаў Францавіч працуе ў гаспадарцы зваршчыкам. Ён не раз браў мяне з сабой на работу і нават навучыў кіраваць трактарам. Аднак яшчэ да нядаўняга часу я не планаваў звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Але пасля экскурсіі ў СВУ “Пратасаўшчына” і па роднай гаспадарцы міф аб тым, што на сяле немагчыма дастойна зарабляць, хутка развеяўся. Цяпер усур’ёз задумаўся аб паступленні ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, дзе планую атрымаць прафесію агранома. Вярнуся дыпламаваным спецыялістам на малую радзіму!
Такіх рабят, чые адносіны да працы на зямлі пасля наведвання гаспадарак Шчучыншчыны змяніліся, было нямала, што не можа не радаваць! Значыць, у сяла ёсць будучыня!
– Сучасная моладзь рэдка бывае на вытворчасці і не бачыць, наколькі дынамічна сёння развіваюцца сельгаспрадпрыемствы рэгіёна, – канстатуе класны кіраўнік 11 класа Галавічпольскага дз/с-СШ Таццяна Васільеўна Шымановіч. – Таму па ініцыятыве кіраўніцтва раёна ў гаспадарках Шчучыншчыны пачалі праводзіцца экскурсіі з удзелам школьнікаў. І гэта здорава! Падчас такіх выездаў падлеткі маюць выдатную магчымасць бліжэй пазнаёміцца з сельскагаспадарчымі прафесіямі. Да ўсяго ў разуменні юнакоў і дзяўчат пачаў рушыцца стэрэатып, што толькі ў горадзе можна знайсці сваё шчасце. Безумоўна, гэта дапаможа ім зрабіць правільны выбар.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.