У Ганаровага грамадзяніна Шчучына – юбілей!

 

Зараз Анатолій Паўлавіч Майстровіч жыве ў Гродне, але тое, што ён у сваю бытнасць галоўным урачом Шчучынскай ЦРБ зрабіў для нашага горада і жыхароў раёна, не забыта і сёння. На працягу 32-х гадоў ён узначальваў сферу аховы здароўя нашага раёна: удумліва падбіраў і расстаўляў на ключавыя пасты кадры, не спыняўся ў імкненні ісці ў нагу з прагрэсам і абнаўляць медыцынскае абсталяванне, будаваў новыя бальнічныя карпусы.

 

І пры гэтым заставаўся дзеючым тэрапеўтам – доктарам, які рэальна ратаваў жыцці і вяртаў людзям самае каштоўнае -- здароўе. Свае гучныя званні Заслужанага ўрача Рэспублікі Беларусь і Ганаровага грамадзяніна горада Шчучына гэты чалавек атрымаў за напружаную працу, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, зайздросную мэтанакіраванасць і ўменне абавязкова да канца вырашаць пастаўленую задачу: дзеля людзей, дзеля грамадства… Мы звязаліся па тэлефоне з Анатоліем Паўлавічам, каб даведацца, з якім настроем ён сустракае свой юбілей.

 

-- Шчыра кажучы, 85 год – гэта сур’ёзны рубеж! Але без аптымізму, бадзёрасці духа тут ніяк не абысціся! – перакананы наш суразмоўца. – Шчучынскую старонку сваёй біяграфіі ўзгадваю вельмі часта, бо менавіта з гэтым краем цесна і назаўжды звязана маё жыццё. Сюды прыязджаю досыць часта. Даражу запрашэннямі шчучынцаў на ўрачыстасці з нагоды знакавых падзей у гісторыі горада і раёна.

 

… Яшчэ ў далёкім 1957 годзе юнак з Гомельшчыны пасля заканчэння Мазырскага медвучылішча прыехаў па размеркаванні працаваць у Васілішкаўскую ўчастковую бальніцу. У нашым Прынеманскім краі Анатолій Майстровіч канчаткова рэалізаваў сваю мару: паступіў у Гродзенскі медыцынскі інстытут і атрымаў дыплом урача-тэрапеўта. Неўзабаве зноў вярнуўся ў Васілішкі, але ўжо каб узначаліць бальніцу, дзе пачынаў шлях у прафесію. Маладому і энергічнаму доктару ў хуткім часе прапанавалі пераехаць у райцэнтр і заняць пасаду загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення ў Шчучынскай ЦРБ. Літаральна праз два гады – новая прыступка ў кар’ерным росце: А.П. Майстровіча назначаюць галоўным урачом, і цяпер ён у адказе за ўсю сферу аховы здароўя на Шчучыншчыне.

 

Планаў было грамаддзё. Належала здзейсніць сапраўдную рэвалюцыю, каб не ў старых драўляных будынінах туліліся бальнічныя палаты, а прыступіць да ўзвядзення сучаснага лячэбнага корпусу, пад дахам якога хапіла б месца ўсім аддзяленням, развіваць іншую інфраструктуру.

 

-- З тагачасным старшынёй Шчучынскага райвыканкама Уладзімірам Іванавічам Дземянковым мы, як на работу, ездзілі ў Мінск. Там у Доме Ураду дабіваліся выдзялення сродкаў на будаўніцтва новай бальніцы, -- узгадвае Анатолій Паўлавіч. – І нарэшце на гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту ў Шчучын накіравалі 500 тысяч рублёў – каласальную па тых часах суму, якую ў кароткі тэрмін трэба было асвоіць ва ўмовах татальнага дэфіцыту будаўнічых матэрыялаў. На аб’екце працавалі не толькі спецыялісты МПМК-167. Калгасы, прадпрыемствы таксама падключаліся да гэтай справы, накіроўвалі свае брыгады. Потым паўстала задача аснасціць аддзяленні новым абсталяваннем, “дастаць” мэблю, належным чынам аформіць інтэр’еры. І тут праявілі сябе нашы загадчыкі аддзяленняў. Гэта былі надзейныя людзі, прафесіяналы, якія па 30 і болей год дастойна спраўляліся з нялёгкімі абавязкамі на сваім пасту.

 

Увогуле падчас кіраўніцтва Анатолія Майстровіча ў Шчучыне былі пабудаваны адміністрацыйны корпус райбальніцы, дзіцячая кансультацыя і стаматалагічнае аддзяленне, вышэйпамянёны 5-павярховы лячэбны корпус. Наваселле адзначылі супрацоўнікі “хуткай дапамогі”, профільныя спецыялісты паліклінікі…

 

Зараз Анатолій Паўлавіч па-ранейшаму цікавіцца справамі Шчучынскай ЦРБ, ухвальна адгукаецца пра сённяшняга галоўнага ўрача Івана Уладзіміравіча Загароўскага, з гонарам канстатуючы: “Малайчына, стараецца!” А яшчэ ветэран імкнецца быць у курсе ўсіх падзей у нашым раёне. У гэтым яму дапамагае… наша “Дзянніца”.

 

 

-- Дарэчы, мая любімая газета, якую я заўжды ўважліва чытаю ад першай паласы і да апошняй, -- дзеліцца Анатолій Паўлвіч. – Не выпускаю з рук і добрыя кнігі. Люблю гістарычныя раманы, фантастыку, дэтэктывы. У пенсійнай пары таксама ёсць свае перавагі. Усё працоўнае жыццё прайшло ў такім неверагодным рытме, што зараз самы час навярстаць упушчанае, заняцца тым, што прыносіць задавальненне. Вельмі ўдзячны за разуменне маёй жонцы – Хрысціне Сямёнаўне. Яна мяне натхняе і падтрымлівае.

 

11 кастрычніка павіншаваць А.П. Майстровіча з паважаным юбілеем прыехала цэлая дэлегацыя шчучынцаў. Ад імя раённай ўлады Ганароваму жыхару нашага горада жадала здароўя і даўгалецця старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. Прывітанне і самыя шчырыя словы падзякі ад калектыву Шчучынскай райбальніцы выказвалі намеснік галоўнага ўрача Алена Жамойціна, загадчыца раённай паліклінікі Ганна Сасноўская, галоўны бухгалтар ЦРБ Алена Шота і іншыя калегі: усім ім ёсць што ўспомніць з гэтым мудрым чалавекам, для якога любімая справа заўжды была на першым месцы.  Мы таксама далучаемся да віншаванняў і жадаем Анатолію Паўлавічу толькі пазітыву і новых цікавых сустрэч менавіта ў нашым Шчучыне – горадзе, якому ён аддаў часцінку свайго сэрца, і дзе яго памятаюць, паважаць і любяць. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!