У чым заключаецца чароўны свет музыкі? Даведаліся на свяце ў Васілішках

 

У чым заключаецца чароўны свет музыкі? Гэтым пытаннем задаліся ўдзельнікі свята, якое прайшло 25 жніўня ў Васілішках. Аказваецца, музыка – гэта не проста прыгожая мелодыя. Яна пранізвае душу праз голас матулі, шчабятанне птушак, шум дажджу, мільгаценне агеньчыка ў вакне роднай хаты. Менавіта пра гэта і спявалі ўдзельнікі раённага фестывалю.

 

Урачыста вітала ўсіх гасцей свята старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Нэлі Вальшчук, якая пажадала цудоўнага настрою і папрасіла не шкадаваць апладысментаў у адрас выканаўцаў.

 

 

У рамках музычнага свята адбыўся конкурс на лепшы падворак сярод сельвыканкамаў «Беларуская хата – традыцыямі і песнямі багата». Гасцей віталі майстры і майстрыхі з Жалудка, Васілішак, Дэмбрава і Астрыны. Да чаго ж крэатыўна падышлі да прэзентацый сваіх сельсаветаў і родных гаспадарак нашы землякі!

 

 

На дэмбраўскім падворку гасцей сустракалі не толькі шчодрым сталом і прысмакамі, але і духоўнымі скарбамі ад знакамітага гурта “Скарбоначка”, танцоры якога давалі майстар-клас усім жадаючым навучыцца танчыць “Дэмбраўскую кадрылю”. Таксама майстрыхі паказвалі, як неабходна апрацоўваць лён, воўну, фарбаваць ніткі, ткаць – усё, што патрэбна для вырабу тканіны.

 

 

На жалудоцкім падворку цікава распавядалі аб узорах на беларускіх ручніках і іх значэнні. Ручнік быў не проста бытавой прыладай, а абавязковым удзельнікам усіх значных падзей у жыцці чалавека. На ручнік прымалі нованароджанае дзіця, з ручніком хрысцілі, вянчалі і праводзілі ў апошні шлях. Васілішкаўцы прадставілі на агляд свае дасягненні – ураджай з палёў і садоў, сустрэлі гасцей караваем, а прадстаўнікі Астрынскага падворку віталі ўсіх гасціннымі беларускімі песнямі, частушкамі, варажылі ля кола жаданняў.

 

 

Нялёгка было членам журы вызначыць пераможцаў. У выніку дыпломам першай ступені ўзнагароджаны падворак Васілішкаўскага сельвыканкама, на другім і трэцім месцы размясціліся Астрынскі і Дэмбраўскі падворкі адпаведна.

 

Прадоўжылася свята на галоўнай пляцоўцы каля Дома культуры, дзе выступілі калектывы і артысты шчучынскага краю. Музычныя пажы адчынілі чароўныя дзверы ў свет песні і запрасілі Царыцу-музыку на свята.

 

 

-- Нашы артысты вельмі добра спяваюць, не горш за зорак вялікай эстрады, -- кажа мясцовая жыхарка Марыя Комар. – Сёння тут і мая ўнучка выступае, мы ўсёй сям’ёй прыйшлі паслухаць.

 

Дарэчы, усе удзельнікі святочнага канцэрту атрымалі дыпломы і падарункі ад арганізатараў свята – ААТ “Васілішкі”, Шчучынскага РЦКіНТ і касцёльнай парафіі аг. Васілішкі.

 

У гандлёвых радах можна было набыць сувеніры, цацкі, вырабы самадзейных майстроў. А маленькія ўдзельнікі свята весяліліся на атракцыёнах і дзіцячых пляцоўках. Разыходзіцца жыхары не спяшылі: завяршылі свой вечар дыскатэкай.

 

 

Шчырым і душэўным атрымалася свята. Шмат прагучала добрых песень, прысвечаных бацькоўскаму дому, малой радзіме, роднай Беларусі.

 

Вікторыя ШЫЛКО.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!