22 лютага ў Шчучыне на плошчы Свабоды адбудзецца свята “Масленіца”

 

Вось і прыйшоў люты - апошні месяц зімы, калі маразы сёлета шчыплюць за шчокі, снег храбусціць пад нагамі, а сонца ўсё часцей зазірае ў вокны, абяцаючы хуткую вясну. А гэта значыць, што зусім хутка - Масленіца! Сапраўдная, з румянымі блінамі і вясёлымі гуляннямі.

 

У гэтым годзе масленічныя гулянні ў раённым цэнтры пройдуць у нядзелю, 22 лютага. У Шчучыне святочная пляцоўка разгорнецца на плошчы Свабоды. Падчас свята будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны, святочны кірмаш і тэматычныя фотазоны, пройдзе дэгустацыя масленічных страў. Усе жадаючыя змогуць стаць удзельнікамі конкурсаў і гледачамі тэатралізаванага прадстаўлення, паспрабаваць гарачых бліноў. У праграме свята – правядзенне атракцыёна “Масленічны слуп”.

 

З 11.00 пачнецца тэатралізаванае прадстаўленне, кульмінацыяй якога стануць “Праводзіны зімы” са спальваннем пудзіла Масленіцы. Акрамя традыцыйных гульняў, бліноў і кірмашу, удзельнікаў свята чакае казачны аўтапарад.

 

Завітайце на “Масленіцу” і пачніце вясну са святочным настроем! Масленіца – гэта свята, якое вучыць нас радавацца жыццю, шанаваць родных, дараваць і спадзявацца. Яно нагадвае: зіма не вечная, і за ёй абавязкова прыйдзе вясна – з новымі сіламі, святлом і цяплом.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!