У ААТ “Шчучынаграпрадукт” пры дапамозе двух сеялак штодзень засяваюць яравымі зерневымі культурамі не менш за 70 гектараў

 

Аграрыі ААТ “Шчучынаграпрадукт” актыўна ўключыліся ў пасяўную кампанію. Пры дапамозе двух сеялак у гаспадарцы штодзень засяваюць яравымі зерневымі культурамі не менш за 70 гектараў. Пры такіх тэмпах сяўбу тут завершаць за два тыдні.

 

Калі мы заехалі на поле ля аграгарадка Тур’я, там ва ўсю кіпела работа. Культыватар актыўна рыхтаваў глебу, а за ім рухаўся энерганасычаны МТЗ-3022 з сеялкай “HORSCH Pronto 6” і пакідаў пасля сябе роўныя свежазасеяныя яравой пшаніцай палосы зямлі. За рулём жалезнага асілка сядзеў вопытны механізатар Генадзій Лукашэвіч.

 

– Мы ў полі з 7 гадзін раніцы і працуем увесь светлавы дзень, – зазначае Генадзій Вальдэмаравіч. – Шасціметровая дзесяцітонная сеялка “HORSCH Pronto 6” настроена такім чынам, што змяшчае насенне ў глебу на глыбіню 3-5 сантыметраў, як таго патрабуюць тэхналогіі. Прычым пад кожнае зерне ўносіць гранулу фосфару, які дапаможа пасевам хутка ўзысці.

 

Аказваецца, пяцітонны бункер нямецкага пасяўнога агрэгата падзелены на дзве паловы: першая запаўняецца пратраўленым насеннем, а другая – мінеральнымі ўгнаеннямі. Увесь вытворчы працэс кантралюе камп’ютар, таму ён праходзіць з матэматычнай дакладнасцю. За адзін праход сеялка засявае 40 радкоў агульнай шырынёй 6 метраў.

 

– Запоўненага бункера хапае прыкладна на паўтары гадзіны работы, – працягвае Генадзій Лукашэвіч. – Затым патрабуецца “запраўка”. Для гэтага ў полі дзяжурыць пагрузчык, які пры дапамозе доўгага шнэка за 7-10 хвілін па-новай запаўняе бункер пратручаным зернем першай рэпрадукцыі і “элітай”. Згодна з распрацаванымі нормамі на адзін гектар высяваем 240 кілаграмаў зерня. А вось фосфару ўносім 20 кілаграмаў на гектар, што адпавядае патрабаванням тэхналогіі. Калі надвор’е будзе цёплым, то першыя ўсходы мы ўбачым ужо праз 4-5 дзён.

 

Генадзій Лукашэвіч, які абслугоўвае сельскагаспадарчы ўчастак “Янчукі” ААТ “Шчучынаграпрадукт”, у дзень засявае прыкладна 35 гектараў. Столькі ж плюсуе за працоўную змену механізатар Андрэй Комар, які сее зерневыя на сельскагаспадарчым участку “Ражанка”.

 

– На сяўбе ў нашай гаспадарцы задзейнічана два культыватары, дзве сеялкі і столькі ж пагрузчыкаў, – гаворыць загадчык сельскагаспадарчага ўчастка “Янчукі” Дзяніс Кароль. – Гэтай тэхнікі дастаткова, каб у тэрмін пасеяць яравыя зерневыя культуры на плошчы 1000 гектараў. Каб зерне абавязкова ўзышло, мы старанна рыхтуем глебу. Дзе трэба – працуем спецыяльнымі агрэгатамі, якія зрываюць падглебавую падэшву на глыбіні да 40 сантыметраў і выраўноўваюць поле. Паралельна заканчваем падкормку карбамідам азімых культур, пасевы якіх займаюць у сельгаспрадпрыемстве 3000 гектараў. Для гэтага выкарыстоўваем 5 адзінак спецыялізаванай тэхнікі, у тым ліку самаходны апырсквальнік “Раса”. Як бачыце, работы хапае, і з кожным днём клопатаў становіцца ўсё больш. Аднак зямля любіць працавітых і дзякуе багатым ураджаем!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!