У ААТ “Шчучынаграпрадукт” поўным ходам ідзе копка бульбы, пад якую ў гаспадарцы адведзена 50 гектараў
У ААТ “Шчучынаграпрадукт” поўным ходам ідзе копка бульбы. На ўборцы гэтай культуры ў гаспадарцы задзейнічана тры адзінкі тэхнікі і сем работнікаў, а сам працэс амаль цалкам механізаваны.
Калі мы прыехалі на бульбяное поле ля вёскі Балічы, тут ва ўсю кіпела работа. Трактар МТЗ-952 з прычапной капалкай, якім кіраваў механізатар Аляксандр Герасімчык, праходзіў паласу за паласой, падымаючы з зямлі буйныя клубні. Побач дзяжурылі грузавыя машыны, якія аператыўна дастаўлялі сабраны ўраджай да бульбасховішча.
-- Калі надвор’е спрыяе, то на такой тэхніцы за працоўную змену, якая доўжыцца з 8 гадзін раніцы і да 7 гадзін вечара, можна ўбраць да двух гектараў бульбянога поля, -- гаворыць Аляксандр Герасімчык. – У бункер капалкі змяшчаецца 2,5 тоны бульбы, і запаўняецца ён за паўгадзіны.
Перад тым, як трапіць у кузаў грузавіка, клубні праходзяць ачыстку ад камення: за гэта адказваюць чатыры паляводы, якія працуюць уручную.
-- Я працую ў гаспадарцы 23 гады, -- дзеліцца палявод Аксана Касцярова. – Спачатку была аператарам машыннага даення, а пасля закрыцця нашай старэнькай малочнатаварнай фермы падалася ў паляводы. У поле нас падвозяць на спецыяльна выдзеленай для гэтых мэт камфортнай “Газэлі”. Выбіраць каменне з механізаванага стала з бульбай цэлы дзень не так проста, як можа падацца на першы погляд: у канцы працоўнай змены ад напружанай работы баляць пальцы. Але мы ўжо прывыклі, разумеем, што другі хлеб, які зусім не другарадны, трэба ўбраць якасна.
-- У нашай гаспадарцы пад бульбу адведзена 50 гектараў, і ўсе яны размешчаны на сельскагаспадарчым участку “Ражанка”, -- гаворыць галоўны аграном ААТ “Шчучынаграпрадукт” Валяр’ян Фядзюк. – Для закладкі ўраджаю выкарыстоўвалі элітнае насенне розных сартоў, у тым ліку правераных часам – “Янка”, “уладар”, “верас” і “скарб”. Усходы двойчы акучылі і некалькі разоў апрацавалі ад пустазелля, шкоднікаў і хвароб. Для ўборкі гэтай культуры ў нас ёсць дзве механізаваныя капалкі, але пакуль спраўляемся адной. З кожнага гектара ўбіраем у сярэднім 300 цэнтнераў клубняў. Іх адвозім на сартыроўку на склад у Руткевічы, дзе дзелім па фракцыях – на буйную, дробную і насенную. На сваёй базе ў Балічах арганізавалі ручную пераборку бульбы. Насенную бульбу засыпаем у кантэйнеры і ставім у сховішча змяшчальнасцю 1000 тон у Заполлі. Дзякуючы створанаму там мікраклімату і аптымальнай вільготнасці ўраджай выдатна захоўваецца да наступнага сезона. Буйную фракцыю рэалізуем насельніцтву, а дробную здадзім на перапрацоўку на крухмальны завод у Рагозніцы.
Калі нябесная канцылярыя не ўнясе свае карэктывы, выкапаць бульбу ў ААТ “Шчучынаграпрадукт” плануюць да канца верасня. Паралельна тут убіраюць кукурузу на сілас і сеюць азімыя культуры. А хутка возьмуцца і за цукровыя буракі.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.