Пытанні, вартыя абмеркавання: у ААТ “Шчучынаграпрадукт” прайшоў адзіны дзень інфармавання
У рамках правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва інфармацыйная група пад кіраўніцтвам старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк сустрэлася ў Ражанцы з працоўным калектывам ААТ “Шчучынаграпрадукт”.
У абмеркаванні актуальных пытанняў таксама прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык і начальнік галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення аблвыканкама Дзмітрый Паўлоўскі.
Падчас сустрэчы Руслан Абрамчык звярнуў увагу прысутных на актуальныя праблемы дзяцей і моладзі, сярод іх асаблівую трывогу выклікаюць педафілія і распаўсюджванне наркотыкаў. Таксама былі закрануты змены ў працэсе паступлення ў беларускія ВНУ. Так, напрыклад, прысутных цікавіла пытанне аб экзаменах, якія заменяць ЦТ.
– Гэта тэма зараз бурліва абмяркоўваецца, – адзначыў Руслан Абрамчык. – Сёлета, пасля адзінаццатага класа, дзеці будуць здаваць два экзамены. Адзін іспыт стане абавязковым – гэта беларуская ці руская мова. Другі экзамен выбіраюць дзеці ў залежнасці ад таго, куды плануюць паступаць. Гэтыя два іспыты будуць называцца цэнтралізаванымі, яны пройдуць на незалежных пляцоўках, такіх як каледжы і ўніверсітэты. Усяго такіх пляцовак 17 у нашай вобласці. Экзамены пройдуць у форме ЦТ з павялічанай другой часткай. Таксама абітурыенту трэба для паступлення здаваць трэці экзамен. Яшчэ не вызначана, ў якой форме ён пройдзе, але ёсць прапановы па ўвядзенні трэцяга ўнутраннага іспыту на базе ВНУ. Таксама дадам, што, як і раней, пры паступленні будзе ўлічваецца бал атэстата.
Дзмітрый Паўлоўскі расказаў пра харчовую бяспеку нашай краіны і захады, якія прымаюцца для развіцця эканомікі ва ўмовах санкцый. Падрабязней ён спыніўся на палітыцы дзяржавы па рэгуляванні цэн:
– Мы бачым, што сёння нацэнка на некаторую прадукцыю замест прынятых 20-30 працэнтаў паднімаецца да трохсот. Часта гэтым займаюцца нават не гандлёвыя сеткі, а пасрэднікі, якія працуюць з бюджэтнымі арганізацыямі. Напрыклад, тыя, што забяспечваюць харчаваннем школы і бальніцы. Зараз усе гэтыя парушэнні выяўляюцца і выпраўляюцца.
На сустрэчы былі падведзены вынікі працы сельскагаспадарчага сектара Шчучыншчыны. Таксама была закранута тэма траўматызму на вытворчасці. Пра гэта расказваў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Андрэй Навіцкі. Разам з тым абмяркоўваліся пытанні супрацьпраўных дзеянняў у нашым раёне, таксама была нададзена ўвага пажарнай бяспецы і правілам знаходжання ў лесе.
Вынікі сустрэчы падводзіла старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.