У ААТ “Шчучынаграпрадукт” пачалася ўборка цукровых буракоў

 

На гэтым тыдні ў ААТ “Шчучынаграпрадукт” пачалася ўборка цукровых буракоў. Яшчэ з мінулай восені мясцовыя аграрыі старанна падрыхтавалі глебу, унеслі неабходныя ўгнаенні і паклапаціліся аб сродках аховы раслін. Таму ўраджай чакаюць добры і ўпэўнены, што зямелька аддзячыць за старанні.

 

Сёлета пад цукровыя буракі ў гаспадарцы адвялі 340 гектараў. З гэтай плошчы плануюць сабраць не менш за 17000 тон салодкіх караняплодаў.

 

 

Як адзначыў галоўны аграном ААТ “Шчучынаграпрадукт” Дзяніс Кароль, што тычыцца тэрмінаў копкі і здачы буракоў, то яны цалкам залежаць ад графіка прыёму на Скідзельскім цукровым камбінаце.

 

– Прыблізная ўраджайнасць культуры зараз складае 550 цэнтнераў з гектара – гэта добрыя паказчыкі, улічваючы раннія тэрміны копкі і здачы, за што належыць даплата. Таму рэнтабельнасць культуры, безумоўна, узрастае, – заўважыў Дзяніс Кароль.

 

 

У полі каля вёскі Барташы ўборкай буракоў на камбайне “Holmer” займаецца Сяргей Палубятка. У ААТ “Шчучынаграпрадукт” механізатара без перабольшвання называюць “галоўным па бураках”. Вось ужо пятнаццаты сезон ён задзейнічаны на ўборцы цукровых караняплодаў, а агульны працоўны стаж Сяргея ў гаспадарцы пераваліў за трыццаць гадоў.

 

 

– Уборка буракоў для мяне вялікая справа, да якой стаўлюся адказна, – кажа Сяргей Палубятка. – З года ў год прысутнічае спартыўны інтарэс, каб як мага лепш і ў адпаведны тэрмін сабраць ураджай. Тэхніка падрыхтавана добра, працуе спраўна. Камбайн рухаецца па полі з хуткасцю каля васьмі кіламетраў у гадзіну, зразае бацвінне, а выкапаныя буракі трапляюць у бункер агульнай умяшчальнасцю дваццаць тон.

 

Каб запоўніць бункер цалкам, мне патрабуецца прыблізна дзесяць хвілін. Пасля чаго свежавыкапаныя караняплоды складваюцца ў бурты на полі. Прыемна старацца і працаваць, кіраўніцтва стварае камфортныя ўмовы, за што яму шчыры дзякуй.

 

 

Як адзначае Сяргей Палубятка, за дзень трэба ўбіраць плошчу каля 12 гектараў. Тады атрымаецца завяршыць уборку буракоў у камфортны тэрмін. Для гэтага механізатар шчыруе ў полі з раніцы да ночы.

 

 

У аграрыяў зараз шмат працы. Так, акрамя буракоў у ААТ “Шчучынаграпрадукт” убіраецца кукуруза на зерне і сілас, яшчэ вядуцца сяўба азімых збожжавых культур, ворыва і ўнясенне мінеральных угнаенняў. Аграрыі працуюць згодна з планам, каб зрабіць добры зачын на наступны год.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!