“Салодкая” ўборка. Даведаліся як праходзіць збор ураджаю цукровых буракоў у ААТ “Шчучынаграпрадукт”

 

Поўным ходам ідзе ўборка цукровых буракоў у ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Сёлета пад гэтую культуру ў гаспадарцы выдзелена 405 гектараў, з мінулага года паказчык не змяніўся. Уборка цукровых буракоў толькі пачалася, таму пакуль рана рабіць прагнозы аб аб’ёме ўраджаю, але аграрыі спадзяюцца, што ён будзе не меншы за леташні.

 

– Надвор’е ўнесла сур’ёзныя карэктывы, – адзначае галоўны аграном гаспадаркі Дзяніс Кароль. – Была моцная засуха, і культуры не хапала вільгаці. Зараз ураджайнасць цукровых буракоў складае 450 цэнтнераў з гектара, але мы плануем выйсці на планку ў 500 цэнтнераў. Зараз капаем гібрыд пад назвай “тарпеда”, з ім мы працуем першы год. “Тарпеда” зарэкамендавала сябе высокай ураджайнасцю і цукрыстасцю, гэтым гібрыд нас і прывабіў.

 

Галоўныя героі ўборкі, вядома ж, механізатары. Калі справа тычыцца цукровых буракоў, то за работу бярэцца Сяргей Палубятка. Мужчына мае вялікі досвед, з трыццаці гадоў, што ён працуе ў ААТ “Шчучынаграпрадукт”, чатырнаццаць сезонаў быў заняты на ўборцы салодкай культуры.

 

 

– Капаю буракі з васьмі гадзін раніцы і да восьмай вечара, амаль увесь дзень атрымліваецца, – дзеліцца Сяргей. – Ураджай нармальны, улічваючы засушлівасць гэтага года. Зараз працую на буракаўборачным камбайне вытворчасці нямецкай фірмы “Холмер”. Машына якасная, рэдка падводзіць і частага рамонту не патрабуе. Умовы ў кабіне выдатныя: ёсць кандыцыянер, усё акуратна, слухаю радыё, працаваць камфортна.

 

 

Бункер гэтага камбайна можа ўмясціць у сябе да 22 тон буракоў. Што дазваляе Сяргею Палубятку ўбіраць каля 10 гектараў цукровай культуры за дзень.

 

 

У гаспадарцы Сяргея Палубятку адзначаюць як сумленнага і стараннага работніка не толькі на ўборцы буракоў. Сёлета ён зарэкамендаваў сябе на сяўбе азімага рапсу і кукурузы. Добры вынік паказаў механізатар і на ўборцы збожжа, намалаціўшы больш за тысячу тон зерня.

 

 

Вырошчванне буракоў справа рэнтабельная і прыносіць добрыя грошы, кажа галоўны аграном Дзяніс Кароль. Аднак не аднымі буракамі заняты. Паралельна ў гаспадарцы вядзецца ўборка кукурузы на сілас і зерне, яшчэ ідзе сяўба, ворыва і ўнясенне мінеральных угнаенняў. Адным словам, працы шмат. Восень – напружаная пара для аграрыяў, аднак у ААТ “Шчучынаграпрадукт” працуюць згодна з планам.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!