У ААТ “Дэмбрава” завяршылі ўборку кукурузы на зерне і сілас

На полі каля вёскі Еўлашы шчыравалі камбайнеры, вадзіцелі адвозілі свежасабранае зерне. Ураджай сёлета ў гаспадарцы неблагі, сярэдняя ўраджайнасць трымаецца на ўзроўні 120 цэнтнераў з гектара.

 

 

У гэтым годзе пад “царыцу палёў” у ААТ “Дэмбрава” было адведзена 2000 гектараў, з іх 550 гектараў на зерне і 1450 гектараў на сілас.

 

Як адзначае галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Андрэй Козел, сёлета добрае надвор’е для ўборкі ўраджаю:
– Ніколі так рана кукурузу на зерне мы не пачыналі ўбіраць. Таму ўжо завяршылі ўборку. Калі з уборкай надвор’е дапамагала, то для добрага росту культуры было мала дажджу. Жнівеньская і вераснёўская засуха адбіліся на ўраджаі, культура недаатрымала вільгаці. Таму на палях з лёгкай глебай адбылося зніжэнне ўраджайнасці. Там, дзе засуха мела меншы ўплыў, – вынік вельмі годны. Напрыклад, на гэтым полі, каля Еўлашоў, мы атрымалі 140 цэнтнераў з гектара.

 

 

У ААТ “Дэмбрава” намалочана больш за 6500 тон кукурузы. Больш за 4800 тон заплюшчылі ў траншэі на малочнатаварных комплексах, а астатняе накіравалі на зернесушыльны комплекс. У цэлым сабралі каля 7500 – 8000 тон зерня. Таксама мясцовыя аграрыі нарыхтавалі 60 000 тон сіласу.
– Цяпер, калі скончылі ўборку кукурузы, пераключымся на буракі, – адзначае Андрэй Козел.

 

На ўборцы кукурузы ў ААТ “Дэмбрава” працавала звяно з трох камбайнаў і машын адвозкі. Механізатары Валерый Вейка, Андрэй Богдан і Віталій Медушэўскі добра ведаюць сваю справу і заўсёды стараюцца выканаць яе максімальна эфектыўна і якасна.

 

 

Валерый Вейка ўбіраў кукурузу трэці год, для ягонага камбайна Lexsion - 580 гэта 20-ы сезон.
– Для свайго ўзросту машына цудоўна сябе паказвае, з камбайнам няма праблем, – кажа Валерый Вейка. –  Сам рыхтаваў тэхніку да ўборкі, таму сабе давяраю. Усяго ў гаспадарцы працую 21-ы год. І бацька, і старэйшы брат таксама механізатары, вось і я вырашыў прайсці іхні шлях. Сёлета надзвычай выдатнае надвор’е для ўборкі, прыемна было працаваць, тым больш што кіраўніцтва стараецца стварыць камфортныя ўмовы. Працавалі з сёмай гадзіны ранку і да восьмай вечара. Скончылі ўбіраць кукурузу, будзем займацца пастаноўкай тэхнікі на захоўванне, а пасля перасяду на трактар.

 

 

 

Працы ў ААТ “Дэмбрава” яшчэ шмат. Зараз тут завяршаюць сяўбу азімых. Вядзецца асенняя хімпраполка азімых збожжавых культур. Хутка пачнуць уносіць арганіку пад цукровыя буракі і кукурузу. Усё ідзе па плане, але галоўнага агранома Андрэя Козела непакоіць колькасць ападкаў у верасні. Па яго словах, пасяўная праходзіць у даволі экстрэмальных умовах, бо мала вільгаці для азімых. Таму мясцовыя аграрыі спадзяюцца на ападкі ў кастрычніку.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!