У ААТ “Шчучынаграпрадукт” актыўна сеюць сеюць цукровыя буракі і кукурузу
Механізатары ААТ “Шчучынаграпрадукт” Анатолій Паўлавіч Чарніцкі і Віталій Міхайлавіч Літкоўскі штодзень выязджаюць у поле разам: першы рыхтуе глебу, а другі адразу засявае яе цукровымі буракамі. Работа спорыцца, бо кожны з іх – сапраўдны прафесіянал.
– Я працую ў гаспадарцы ўжо 27 гадоў, – зазначае Анатолій Паўлавіч. – За гэты час асвоіў мноства рознай тэхнікі: трактары “ДТ-72”, “Т-150”, “МТЗ-82”… Цяпер кірую “МТЗ-1221” з прычапным шасціметровым глебаапрацоўчым агрэгатам. Пры дапамозе яго выраўноўваю і ўшчыльняю глебу – да 25 гектараў за працоўную змену, якая доўжыцца амаль увесь светлавы дзень.
Прыкладна столькі ж гектараў у суткі засявае цукровымі буракамі механізатар Віталій Міхайлавіч Літкоўскі.
– Сеялка дванаццацірадная і ахоплівае за раз 5,4 метра, – гаворыць Віталій Міхайлавіч. – Глыбіня задзелкі выстаўлена на 3-5 сантыметраў, а норма высеву складае 130 тысяч штук насення на гектар, як таго патрабуюць тэхналогіі. Адной “запраўкі” хапае, каб засеяць 9 гектараў. Затым пад’язджае машына, і мы папаўняем бункеры насеннем. Паколькі ўсё яно загадзя пратраўлена, працуем у спецыяльных пальчатках, каб выключыць прамы кантакт з рукамі.
Работа ў полі не спыняецца, пакуль сонца не схаваецца за гарызонт. Аграрыі не лічацца з асабістым часам, бо разумеюць, што трэба завяршыць сяўбу цукровых буракоў у тэрмін.
– Засеем гэтай культурай 480 гектараў, – дзеліцца галоўны аграном ААТ “Шчучынаграпрадукт” Валяр’ян Янавіч Фядзюк. – Летась з кожнага гектара сабралі ў сярэднім па 500 цэнтнераў салодкіх караняплодаў, а іх цукрыстасць склала 16-17%. З восені ўзаралі адведзеныя пад буракі палеткі і ўнеслі неабходную колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў. Перад сяўбой падкармілі глебу азотам. Пры закладцы новага ўраджаю выкарыстоўваем толькі правераныя сарты. Прыкладна праз дзесяць дзён з’явяцца першыя ўсходы.
Паралельна ў гаспадарцы актыўна сеюць “царыцу палёў”: на 300 гектарах з запланаваных 1400 будзе вырошчвацца кукуруза на зерне, на астатніх – на сілас. Таксама мясцовым аграрыям належыць перазалужыць 540 гектараў шматгадовых траў і пасеяць каля 500 гектараў адналетнікаў, з якіх будзе ўбрана два ўкосы.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.