Тыгры ў Мінскім заапарку. Як жывуць і чым харчуюцца сімвалы 2022 года?

 

Паводле кітайскага календара 2022-і пройдзе пад знакам Тыгра. Мы адправіліся ў Мінскі заапарк, каб даведацца ўсё пра сімвал новага года. Там жывуць адразу тры прадстаўнікі гэтага віду.

 

Белыя, як снег

Сайман і Тамуці адносяцца да бенгальскага падвіду тыгра. Але гэта не зусім звычайныя бенгальцы: на свет яны з’явіліся з блакітнымі вачыма і белай поўсцю. Такая афарбоўка сустракаецца вельмі рэдка. Частата з’яўлення белых тыграў — адна асобіна на 10 тысяч са звычайнай афарбоўкай. Таму не дзіўна, што індыйцы верылі: таму, хто ўбачыў белага тыгра, будуць падараваныя прасвятленне і поўнае шчасце.

Сайман — ветлівы жыхар заапарка, любіць красавацца перад наведвальнікамі, блізка падыходзіць да шкла, глядзець на людзей. А Тамуці больш скрытная, не хоча мець зносін з гасцямі і выходзіць да іх, але яе таксама можна ўбачыць, калі яна гуляе па вальеры. Па словах метадыста Мінскага заапарка Вольгі Калмаковай, грацыёзныя драпежнікі яшчэ прыглядаюцца адзін да аднаго. Падчас шлюбнага перыяду ўжо былі спробы звесці Саймана і Тамуці, але тыгрыца аказалася з характарам. Яна не толькі ад людскіх вачэй хаваецца, але і з патэнцыйным партнёрам мець адносіны пакуль жаданнем не гарыць.

— Спадзяёмся, усё яшчэ атрымаецца, — гаворыць метадыст. — Наогул, тыгры па натуры адзіночкі, яны жывуць паасобку, аб’ядноўваючыся ў прыродзе толькі падчас шлюбнага перыяду.

Прыгажуня Яраслава

Амурскі тыгр — самая буйная кошка на Зямлі. Вага такога паласатага дасягае 320 кг. Тыгры лічацца аднымі з найбуйнейшых наземных драпежнікаў, па памеры яны саступаюць толькі мядзведзям. Від занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу. Па розных ацэнках, дзікая папуляцыя амурскіх тыграў складае каля 650 асобін. У заапарку тыгрыца Яраслава жыве ўжо чацвёрты год. Гэтая буйная агніста-рудая ў чорную палоску кошка то хаваецца ў закрытай частцы вальера, то на радасць наведвальнікам ладзіць кругавыя забегі па сваёй тэрыторыі і не саромеецца падыходзіць бліжэй да публікі (менавіта яе вальер з аднаго боку абгароджаны толькі металічнымі прутамі, без шкла, як у іншых тыграў) і час ад часу выдае слабы рык або буркатанне. 

— Калі ў заапарк паступае жывёла, яна павінна знаходзіцца месяц на каранціне, — расказвае Вольга Калмакова. — Яраслава ў гэты перыяд у асноўным хавалася ад людзей, пазбягала іх, нельга было сказаць, што яна вельмі таварыская кошка. Але паступова асвойталася. Цяпер можна заўважыць, што тыгрыца досыць гуллівая, цікаўная, не хаваецца, ходзіць па клетцы, любіць грацыёзна ляжаць на сваёй скале. Нягледзячы на тое, што амурскія тыгры — самыя буйныя сярод усіх прадстаўнікоў віду, Яраслава крыху саступае ў памерах бенгальцу Сайману. Самцы заўсёды буйнейшыя за самак.

Чым харчуюцца тыгры?

У дзікай прыродзе гэтыя прадстаўнікі сямейства кашачых палююць на ізюбраў, аленяў, кабаноў, ласёў, рысяў, дробных млекакормячых. У заапарку яны таксама ядуць мяса, але якое?

— Драпежнікаў кормяць толькі ялавічынай. Свініну ім нельга даваць, бо гэта тлустае і шкоднае мяса. Нашым тыграм прызначаецца зімой прыкладна 10 кг ялавічыны на костцы, а летам — да 6 кг. Мяса праходзіць складаную апрацоўку: з яго выдаляецца ўвесь тлушч, камусьці наразаюць кубікамі, камусьці адварваюць, а для кагосьці робяць фарш. Таксама ж для драпежных кошак ладзяць разгрузачныя дні для прафілактыкі атлусцення. Гэта здараецца раз на тыдзень, але жывёла і тады не галадае. У разгрузачны дзень тыграм даюць яйкі і малако, — тлумачыць Вольга Калмакова.

Наведвальнікі таксама маюць магчымасць паглядзець, як тыгр абедае. Мне пашанцавала ўбачыць, з якім апетытам харчуецца самая скрытная кошка заапарка Тамуці. У заапарку рэгулярна арганізоўваюць паказальныя кармленні. Але, як правіла, гэты працэс схаваны ад наведвальнікаў: жывёла любіць усё ж есці далей ад чужых вачэй.

— Мы не проста даем звярам ежу, кармленне адбываецца з элементамі ўзбагачэння асяроддзя: можам зрабіць з кардону авечку і начыніць яе мясам. Або падвесіць лапатку з мясам вышэй, каб жывёла палявала за здабычай. Цікава назіраць за тым, як тыгр падскоквае, якія маніпуляцыі яму ўдаецца рабіць, — адзначае суразмоўца. 

Каціныя забавы

— Як я ўжо казала, тыгры — адзіночкі. Але ім не бывае сумна. У заапарку ў іх распараджэнні розныя цацкі: канаты, шыны, дошкі, пянькі, мячы, басейн і іншае. Усё гэта ўзбагачае асяроддзе для звера, каб ён гуляў, мог павастрыць кіпцюры, выкупацца і г. д., — тлумачыць метадыст. 

Гульня — гэта не проста забаўка, але і прывіццё навыкаў палявання. Драпежнікі прызвычаіліся да яе нават у заапарку. У любым выпадку тыгр — дзікая і небяспечная жывёла, дзе б яна ні вырасла. Яму трэба стварыць неабходныя ўмовы пражывання, а наведвальнікам заапарка не забываць пра прыродную сутнасць гэтай жывёлы.

Народжаныя ў няволі

Вольга Калмакова тлумачыць, што тыгры добра прыстасаваліся да ўмоў жыцця і ў беларускім клімаце, і ў заапарку. Цяпер зіма, холадна, марозна, але яны ўсё роўна гуляюць на вуліцы, спакойна ўспрымаюць снег. Але, вядома, у моцныя маразы супрацоўнікі, сыходзячы дадому, закрываюць тыграў ва ўнутраных памяшканнях вальераў — там працуюць абагравальнікі, ёсць подсціл з саломы, каб жывёлы не мерзлі.

Па словах метадыста, тыгры ў заапарку адчуваюць сябе добра і свабодна. Так, гэта не дзікая прырода, але да яе ні Яраслава, ні парачка Сайман і Тамуці, народжаныя і выгадаваныя ў няволі, не прыстасаваныя. Важна адзначыць, што белыя тыгры могуць паўнавартасна жыць толькі ў няволі, бо такая афарбоўка выключае якасную маскіроўку падчас палявання. Месца ў вальеры тыграм хапае, як і забаў.

— Многія супраць заапаркаў, але я не думаю, што ў гэтых установах ёсць нешта дрэннае, — дзеліцца меркаваннем суразмоўца. — Іх задача — захаванне рэдкіх відаў. Большасць нашых насельнікаў занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу і Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Тыграў становіцца менш з-за браканьерства, з-за змены арэала пасялення: людзі ўсё больш пашыраюць свае месцы пражывання, высякаюць лясы, таму заапаркі спрабуюць выратаваць звяроў, захаваць іх разнастайнасць.

Прыходзьце паглядзець на прыгажуноў: нават зімой яны захоўваюць сваю велічнасць, а сняжынкі на іх поўсці выглядаюць сапраўдным навагоднім упрыгажэннем. І не забудзьцеся загадаць знаку года сваё запаветнае жаданне!


Лічбы і факты

  • Тыгры з’явіліся на Зямлі каля двух мільёнаў гадоў таму назад.
  • Паводле даных ААН, за апошнія 100 гадоў сусветная папуляцыя дзікіх тыграў скарацілася на 97 % — са 100 000 да 3 900 асобін. Каля 3 000 з іх жывуць у Індыі.
  • У ЗША і Кітаі ў няволі ўтрымліваецца больш тыграў, чым пражывае ў дзікай прыродзе ва ўсім свеце.
  • Ніхто дакладна не ведае, колькі тыграў разводзяць у няволі. Жывёл цераз сілу прымушаюць размнажацца для прыватных заапаркаў і тэматычных паркаў у розных кутках планеты. Як толькі тыгр становіцца вельмі вялікім, яго забіваюць дзеля шкуры і дэрыватаў (касцей, кіпцюроў і г. д.), якія выкарыстоўваюць у кітайскай медыцыне.
  • З дзевяці падвідаў на планеце засталіся толькі пяць, астатнія чатыры незваротна зніклі. Чалавецтва ўжо ніколі не ўбачыць яванскага, балійскага, паўднёвакітайскага і туранскага (каспійскага) тыгра. Вінаватыя ў гэтым браканьеры, а таксама неразумныя адносіны ча- лавека да прыроды.
  • Людзі знішчылі 95 % месцаў пражывання тыграў. Высечка лясоў і расчыстка зямель для сельскай гаспадаркі перашкаджаюць жывёле пазбягаць сутыкнення з чалавекам. Тыграм даводзіцца канкурыраваць з людзьмі за зямлю і ежу.

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!