Чакаем у госці Чорнага Труса

Надыходзячы 2023-ці год па ўсходнім календары — год Чорнага (Вадзянога) Труса. І гэта выдатна, таму што Трус — самы прыязны і міралюбівы «звер» усходняга гараскопа. Год абяцае завяршэнне любых канфліктаў — як у грамадстве, так і ў сям'і, а таксама сямейнае шчасце, рамантыку, нараджэнне дзяцей і матэрыяльны дабрабыт.

 

Нечаканасцяў і сюрпрызаў лёсу заступнік надыходзячага года не любіць, а стыхія вады дадае яму спакою і разважлівасці. Астролагі кажуць, што практычна любы год Вадзянога Труса (дарэчы, год менавіта Чорнага Вадзянога Труса па ўсходнім гараскопе прыходзіць раз у 60 гадоў) можна аднесці да спакойных і мірных. Дадамо, што больш за ўсё са знакаў задыяка, калі верыць астролагам, заступнік надыходзячага года спрыяе тым, хто належыць да стыхіі вады: Рыбам і Ракам, а таксама «зямным» Дзевам і Цяльцам. Зрэшты, добрым Трусік будзе да ўсіх. Гэты мілы пухнацік валодае мяккім нязлосным норавам, і хоць бывае хітрым, сюрпрызы падае ў асноўным добрыя. Так што, уступаючы ў год Труса, можна спадзявацца: тое, што ў нашым жыцці перавярнулася з ног на галаву, пакуль у нябёсах панаваў суровы і непрадказальны Тыгр, вернецца ў звыклае рэчышча — і мы з радасцю ўсвядомім, што так сапраўды лепш!

 

Сямейныя каштоўнасці

 

Усходні гараскоп — ён яшчэ называецца кітайскі па краіне паходжання — налічвае тысячы гадоў. На Усходзе існуе старадаўняя прытча пра тое, што, вырашыўшы назаўжды пакінуць Зямлю і пасяліцца на Нябёсах, Буда паклікаў да сябе ўсіх жывёл свету. Але прыйшлі толькі 12, іх Буда і прызначыў заступнікамі кожнага луннага года. У 12-гадовым цыкле астралагічныя «звяры» бясконца паўтараюцца ў наступным парадку: Пацук, Бык, Тыгр, Трус (Кот), Дракон, Змяя, Конь, Каза (Авечка), Малпа, Певень, Сабака і Кабан. Як бачым, у дачыненні да некаторых жывёл ёсць розначытанні. У прыватнасці, у Кітаі адным з 12 нябесных «звяроў» лічаць Труса, а ў Японіі і В'етнаме — Ката. Але характарыстык года гэта не мяняе.

 

На працягу аднаго чалавечага жыцця мы можам назіраць шасці-сяміразовае паўтарэнне кожнага знака. Сутнасць усходняга гараскопа: заступнік года — простае і зразумелае тлумачэнне характару сіл Сусвету, якія ўплываюць у дадзены адрэзак часу на лёсы людзей, на глабальныя сусветныя падзеі і на тое, што адбываецца ў жыцці кожнага. Таксама заступнік года вызначае характар тых, хто нарадзіўся ў яго год.

 

Акрамя таго, кожны год праходзіць пад заступніцтвам адной са стыхій: Дрэва, Агонь, Зямля, Метал, Вада таксама змяняюцца па крузе. Такім чынам, за 60 гадоў сімвал стыхіі прыходзіць у жыццё чалавека каля 12 разоў. І, нарэшце, кожнаму году па ўсходнім гараскопе адпавядае свой колер. Колеры таксама змяняюцца па парадку, але раз у два гады запар: сіні (зялёны), чырвоны, жоўты, белы, чорны.

 

Заступнік 2023 года — менавіта чорны. Але хвалявацца наконт гэтага не варта. На Усходзе гэты колер мае, хутчэй, пазітыўнае значэнне. Трусік — вельмі інтэлектуальны задыякальны «звер» (чорны колер яшчэ і дадае яму артыстызму і вытанчанасці). Але пры гэтым ён не любіць неапраўданай рызыкі (уласна кажучы, наогул ніякай рызыкі не заахвочвае), а аддае перавагу спакою і руціне. Менавіта як руцінны і трэба правесці наступны год — не варта планаваць на яго ніякіх глабальных і раптоўных жыццёвых пераменаў, а таксама любых рэзкіх рухаў. Трус нясе з сабой супакаенне і жыццёвую мудрасць. Гэта час адбудоўваць сямейныя сувязі, нараджаць і выхоўваць дзяцей, удумліва і спакойна падымацца па кар'ернай лесвіцы, атрымліваць асалоду ад мернай плыні жыцця. Пагадзіцеся, гучыць нядрэнна — нават калі камусьці гэта падасца прэснаватым і сумным. Людзі, народжаныя ў год Труса, тактоўныя і акуратныя, клапатлівыя і ўважлівыя. Часам яны пазёры, але пры гэтым добрыя і прыязныя. Яны бываюць сентыментальныя і ранімыя, але зусім не безабаронныя: невыпадкова другое «аблічча» заступніка надыходзячага года — мяккі і пухнаты, але, калі трэба, зубасты і кіпцюрысты Кот. Так што, выходзіць з зоны камфорту ў надыходзячым годзе часам прыйдзецца, але толькі для таго, каб яе пашырыць, абнадзейваюць астролагі.

 

Трусік вызначаецца добрым густам і не любіць стракатасці.

 

Трусік вызначаецца добрым густам і не любіць стракатасці.

 

На жыццё людзі, народжаныя ў год Труса, глядзяць цвяроза, планы строяць рэальныя і амаль заўсёды дабіваюцца свайго. У гараскопы і ўсякую містыку яны не вераць, і пры гэтым, калі не хлусяць астролагі, карыстаюцца асаблівай падтрымкай Фартуны — лічыцца, што ў год Труса нараджаюцца шчасліўчыкі. Дарэчы, Трус — дзеталюбівы бацька, і менавіта надыходзячы год ідэальны для папаўнення ў сям'і: Трус спрыяе цяжарным і маладым мамам. Ды і ўвогуле ўсім бацькам. Таму, каб заступнік года не адвярнуўся ад вас, у будучым годзе трэба старацца быць клапатлівымі і ўважлівымі бацькамі і прысвячаць час сваім дзецям — і маленькім, і тым, што падраслі, і тым, якія даўно выраслі. Роўна як і сваім бацькам, бабулям і дзядулям. Сям'я для Труса — адназначны прыярытэт.

 

У цэлым наступны год абяцае быць фінансава шчасным для людзей, якія ўмеюць працаваць і маюць тое, «што можна прадаць» (гаворка ідзе аб прафесійных навыках і інтэлектуальных здольнасцях): заступнік года дапаможа ўсім, хто будзе вучыцца, расці прафесіянальна і «паляпшаць свае кампетэнцыі». Вам могуць прапанаваць добрую працу або вы атрымаеце шанец падняцца на новую прыступку кар'ернай лесвіцы. І, вядома, у надыходзячым годзе вельмі многіх чакаюць любоўныя раманы, усякія і розныя — службовыя, курортныя, раптоўнае пачуццё да, здавалася б, даўно знаёмага чалавека з вашага асяроддзя... І многія з гэтых раманаў скончацца маршам Мендэльсона — такі ўжо «характар» у надыходзячага года.

 

Як сустрэць свята?

 

Адназначна — з сям'ёй і/або з самымі блізкімі сябрамі. Трус не любіць выпадковых людзей, чужых кампаній і незнаёмых месцаў. Зрэшты, ён не інтраверт — шумная вечарынка таксама прыйдзецца яму па душы, але не з незнаёмцамі, а, напрыклад, у пашыранай версіі сям'і: з блізкімі і далёкімі сваякамі, магчыма, нават якія прыехалі з іншых гарадоў. «Новы год — сямейнае свята» пры сустрэчы 2023-га — аксіёма!

Трусік любіць грунтоўнасць, таму да яго сустрэчы варта падрыхтавацца загадзя. Зрэшты, у нас яшчэ ёсць фора — паводле ўсходняга гараскопа, у свае правы Трус цалкам уступіць толькі 22 студзеня. Да гэтага моманту важна:

 

  • Па магчымасці пазбавіцца ад даўгоў. У ідэале — нават закрыць усе крэдыты. Гэта датычыцца, зрэшты, не толькі грашовых пытанняў: варта выканаць усе абяцанні і ўзятыя на сябе абавязацельствы, вярнуць у бібліятэку кнігі, а на працы і дома — завяршыць адкладзеныя ў «доўгую скрыню» справы.
  • Намеціць канкрэтныя мэты на наступны год і зрабіць першыя крокі па іх увасабленні ў жыццё. Тады Трус дапаможа з іх дасягненнем.
  • Абавязкова — памірыцца з усімі, з кім у сварцы. Асабліва калі гаворка пра сваякоў. Дараваць усе крыўды, каб не цягнуць іх у будучы год. Сюды ж адносіцца і неабходнасць патэлефанаваць або напісаць тым блізкім людзям, якія надоўга засталіся без вашай увагі.

 

Трусік любіць ўтульнасць, таму, каб прыцягнуць да сябе поспех у наступным годзе, перад навагодняй ноччу не залянуйцеся зрабіць уборку. Колеры, у якіх Трусу спадабаецца навагодні дэкор — спакойныя і глыбокія (смарагдавы, сіні, прыглушаны бардовы, фіялетавы, шакаладны) або далікатныя і пастэльныя (мятны, лавандавы, бледна-ружовы, усе адценні блакітнага, бэжавы), а таксама залатыя і сярэбраныя тоны. Старайцеся, каб тонаў падчас ўпрыгожвання ёлкі было не занадта шмат (не больш за тры-чатыры) — калі «мітусіцца ў вачах», гэта гісторыя не пра сёлетні Новы год. Трусік трохі пыхлівы — не забудзьцеся ўпрыгожыць ёлку і свой дом яго фігуркамі, гэта прыцягне поспех. Галоўная забарона і ў дэкоры, і ў навагоднім уборы — на «драпежныя» прынты, а таксама натуральны мех. Экафутра і модны дэкор з пёраў Труса не пакрыўдзяць. Усё гэта датычыцца і навагодняга вобраза: менш стракатасці, больш арыстакратычнасці, Трусік гэта ацэніць. Зрэшты, цяпер модныя стразы яму цалкам да душы.

 

У гэты Новы год у любую святочную страву дадаём зеляніну і гародніну.

 

У гэты Новы год у любую святочную страву дадаём зеляніну і гародніну.

 

Зразумела, на стале ў навагоднюю ноч не павінна быць мяса труса. І наогул памятаем, што заступнік надыходзячага года — вегетарыянец. А таму ў любую навагоднюю страву важна дадаць гародніну (у першую чаргу моркву і капусту). У святочным меню абавязковыя садавіна, дарэчы будуць і ягады (напрыклад, хутка замарожаныя), а таксама стравы і прысмакі з імі. У цэлым, Чорны Вадзяны Трус не адабрае абжорства, хоць і любіць «пажаваць». Бедны стол будзе яму не даспадобы, але ён з добразычлівасцю прыме не надта каларыйныя, карысныя для здароўя стравы (усе з маянэзам — не варыянт, агароднінныя салаты лепш заправіць карыснымі расліннымі алеямі — напрыклад, рапсавым, аліўкавым, вінаградным). З сытных страў «зорная жывёла» надыходзячага года адобрыць морапрадукты, рыбу, а таксама курыцу, індычку, не занадта каларыйную свініну. Да гарачага на навагоднім стале павінен быць гарнір з запечанай гародніны (бо Трус — не аматар бялковай дыеты). Гэта можа быць, напрыклад, бульба, гарбуз або капуста. І паболей свежай зеляніны! Кроп, пятрушка, зялёная цыбуля, кінза, ліставая салата — усё гэта будзе дарэчы. А абавязковай «прыправай» да святочнай трапезы павінна быць сяброўская гутарка, атмасфера цяпла і ўзаемаразумення, якая пануе за сталом. Астролагі абяцаюць нам самы шчаслівы год у апошнім дванаццацігадовым цыкле. Давайце гэта святкаваць!

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!