Традыцыйнае святкаванне дня нараджэння нашай зямлячкі, паэткі і публіцысткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) прайшло ў гарадскім пасёлку Астрына

 

 

Філіял “Астрынскі Дом культуры і тэатральнай творчасці” арганізаваў шэраг мерапрыемстваў на цэнтральнай пляцоўцы гарадскога пасёлка, дзе лунала паэтычнае слова, гучалі беларускія песні, ладзіліся народныя танцы, частавалі смачнымі беларускімі стравамі.

 

Адкрыла свята старшыня Астрынскага сельскага выканаўчага камітэта Наталля Іванаўна Лебядзевіч: “Наш пасёлак багаты на таленты, людзі сумленныя, працавітыя і вельмі прыхільныя да творчасці. З вытокаў нашых, ад продкаў цягнецца цудоўная нітачка сувязі з народнымі традыцыямі і святамі нашай зямлі. Мары Цёткі збыліся: мы жывём у суверэннай Беларусі, шануем родную мову і духоўную спадчыну. І заўжды будзем памятаць пра нашу Алаізу.”

 

 

Удзельнікі свята ўсклалі жывыя кветкі ля помніка Алаізы Пашкевіч (Цётка). На свяце радавалі выступленнямі юныя артысты, якія звонкім талентам і сакавітымі галасамі Дзмітрыя Трусь, Анастасіі Конан і Сабіны Аўдзей праслаўлялі песняй свой родны край. Натхнёна Ксенія Трусь чытала верш астрынскай паэткі Ганны Сцяпанчанка. Літаратурную старонку “Свабодны мікрафон” для ўсіх удзельнікаў свята правяла загадчык філіяла “Астрынская гарпасялковая бібліятэка” Ірына Лістратава. Аматары паэтычнага слова Аліна Максімовіч, Вольга Матукевіч, Святлана Швец і Таццяна Чарняк мелі магчымасць прадставіць публіцы свае ўласныя вершы.

 

Юныя экскурсаводы разам з кіраўніком Алай Балобан запрасілі ўсіх у свой унікальны – адзіны ў Беларусі – народны музей Цёткі. Тэатральная пастаноўка “Якая яна, будучыня” народнага паэтычнага тэатра “Волат” Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці пад кіраўніцтвам Наталлі Лукіной, перанеслі гледачоў у пачатак мінулага стагодзя.

 

 

Свята разгортвалася не толькі на галоўнай сцэне, але і на імправізаваных падворках арганізацый і прадпрыемстваў Астрынскага сельсавета. Шумна, гучна, з песнямі і вершамі, у народным стыле гасцінна сустракалі работнікі ААТ “АграГЖС”, УЗ “Астрынская гарадская бальніца”, ДУА “Астрынская сярэдняя школа ім. А.С. Пашкевіч (Цёткі)”, ДУ “ТЦСАН Шчучынскага раёна”. А каб грамчэй спявалася, ды лёгка скакалася ААТ “АграГЖС” узнагародзіў удзельнікаў свята заахвочвальнымі прызамі.

 

Шчыра спадзяемся, што свята, якое мае назву “У госці да Алаізы” у Астрыне, застанецца ў памяці жыхароў і гасцей, як добры і шчаслівы дзень. Запрашаем усіх паклонікаў паэзіі на наступны год, каб усім прыхільнікам вершаваных радкоў адзначыць разам 150-ці гадовы дзень нараджэння Алаіза Пашкевіч.

 

 

Галіна ПЕТУШОК,

загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы  РЦКіНТ”.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!