Жыццё, каханне, творчасць… Сёння ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі дзяліліся ўсебаковымі даследаваннямі біяграфіі нашай знакамітай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі)

 

Тыдзень, прымеркаваны да 145-годдзя слыннай дачкі беларускага народа Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч, распачаўся ўчора са свята паэзіі ў гарадскім пасёлку Астрына “Вы падхапілі маю песню”, а сёння – наступнае не менш значнае мерапрыемства ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі: міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Жыве мая ліра…” Удзельнікі канферэнцыі – настаўнікі і вучні – падрыхтавалі  і вынеслі на суд журы цікавыя навуковыя работы, назвы якіх гавораць самі за сябе: “Жыццё і творчы шлях Цёткі – яркі прыклад служэння Айчыне”, “Уклад А.С. Пашкевіч у беларускую літаратуру пачатку ХХ стагоддзя” і іншыя. У палемічным ключы (а таму асабліва цікава!) гучалі аргументы даследавання філолага, загадчыцы народнага музея А.С. Пашкевіч (Цёткі) ў Астрыне Алы Балобан, якая ўзялася за распрацоўку нетрывіяльнай тэмы “Не ведае каханне плагіяту: гісторыя ўзаемаадносін Алаізы Пашкевіч і Стэпонаса Кайрыса”.

 

 

Кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна прыехала з Гродна, дзе выкладае гісторыю ў гімназіі № 6, каб падзяліцца са шчучынскімі калегамі сваімі напрацоўкамі па тэме “Жаночы складальнік беларускага нацыянальнага адраджэння ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя”. Цікавымі фактамі і меркаваннямі былі напоўнены выступленні настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Галавічпольскага дз/с-СШ Юльяна Коцкі і педагога дадатковай адукацыі Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Зоі Аксціловіч.

 

Як адзначыла вядучая мерапрыемства Алена Маркевіч, асабліва каштоўна, што больш за дзясятак гістарычных даследаванняў прадставілі на канферэнцыю самі вучні. Так, шчучынская гімназістка Мілана Галавач унесла шэраг прапаноў па далейшаму ўшанаванню маладым пакаленнем памяці Алаізы Пашкевіч. Дарэчы, прамоўцу падтрымаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Тарчынскі, паабяцаўшы, што некаторыя з выказаных Міланай ідэй у хуткім часе будуць ажыццяўляцца, напрыклад, з тэрыторыі былой Хадзілонскай школы плануецца перанесці ў Шчучын скульптуру Цёткі.

 

Увогуле навукова-практычная канферэнцыя сёння праходзіла плённа і зацікаўлена, бадай, у кожным выступленні адкрываліся ўсё новыя старонкі жыцця нашай слаўнай зямлячкі, яркія грані яе таленту. Старшыня журы, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Жанна Мецько выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто прыняў удзел у мерапрыемстве, самааддана працаваў над вывучэннем духоўнай спадчыны беларускай пясняркі, якая праз натхнёны паэтычны радок, кіпучую рэвалюцыйную дзейнасць, актуальную публіцыстыку, проста сваю чалавечую дабрыню і душэўнасць ўнесла значны ўклад у адраджэнне беларускай самасвядомасці, патрыятызму, роднай мовы.

 

 

Заўтра, 13 ліпеня, пройдзе пленарнае пасяджэнне навукова-практычнай канферэнцыі і прэзентацыя даследчых работ пераможцаў. А ў 11.30 у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі адбудзецца прэзентацыя кнігі “Акрыленыя родным словам” пра Лесю Украінку і Алаізу Пашкевіч (Цётку), разгорнецца экспазіцыя бібліятэчных рарытэтаў. Прыходзьце: будзе цікава!

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!