Традыцыі авіятараў жывуць: у ангары № 266 прайшлі мерапрыемствы з нагоды Дня ваенна-паветраных сіл

 

Традыцыйна ў трэцюю нядзелю жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень ваенна-паветраных сіл. Гэтае свята непасрэдна звязана з гісторыяй Шчучына. Справа ў тым, што аэрадром нашага горада ў свой час быў адным з самых важных у Савецкім Саюзе, тут базавалася стратэгічная авіяцыя.

 

У нашы дні аэрадром не перастае выконваць сваіх абавязкаў, сёння тут можна назіраць самалёты малой авіяцыі. Але гэта далёка не ўсё, што адбываецца на гэтым, некалі стратэгічным, аб’екце. Каб даведацца, чым жа сапраўды жыве шчучынскі аэрадром, трэба завітаць у ангар № 266. Менавіта тут дзецям прывіваюць любоў да авіяспорту.

 

 

З нагоды Дня ваенна-паветраных сіл на мінулых выхадных тут былі праведзены выязныя заняткі Шчучынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці. Праводзілі іх Іван Трыпуць і Генадзій Кіенка. На гэта мерапрыемства завіталі не толькі шчучынцы, але таксама госці з Ліды і Гродна.

 

У рамках мерапрыемства былі праведзены заняткі па авіямадэляванні і радыёсувязі. Таксама былі здзейснены паказальныя выступленні авіямадэлістаў, падчас якіх на мадэлях самалётаў былі прадэманстраваны фігуры разнастайнай цяжкасці. Таксама парадавалі прысутных пралёты парапланерыстаў.

 

Жадаючыя маглі правесці радыёаматарскія сеансы сувязі на дзіцячай калектыўнай радыёстанцыі EW4WE. Генадзій Кіенка кажа, што з радыёстанцыі, якая размясцілася ў ангары № 266, можна падтрымліваць сувязь з любой краінай свету. Так, шчучынскія радыёаматары ўжо мелі кантакт з двумастамі калегамі з розных куткоў зямнога шара, у якасці доказу Генадзій паказвае карткі-квітанцыі, якія дасылаліся з розных краін.

 

 

У ангары таксама праводзяцца экскурсіі, якія расказваюць пра развіццё авіяцыі ў Шчучыне. Дзякуючы архіўным фотаздымкам і захаванаму аэрадрому наведвальнікі трапляюць у гістарычную атмасферу. Пасля экскурсіі можна пакінуць свой водгук у кнізе гасцей. Завітваюць на экскурсію і замежнікі. Так, акурат падчас запускаў авіямадэляў, да ангара № 266 падышоў слухач летняй школы рускай мовы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта немец Бернд Адам. Аказалася, што Бернд не першы год наведвае летнія курсы рускай мовы ў Гродне і нядаўна знайшоў у інтэрнэце інфармацыю пра шчучынскі аэрадром. Таму вырашыў прыехаць сюды на аўтобусе. Вельмі цікавымі для мужчыны аказаліся расказы пра гістарычнае мінулае аэрадрома. Калісьці Бернд сам займаўся авіяспортам і таму з асаблівай увагай паслухаў пра канструкцыю эксперыментальнага планера, абсталяваннем якога ў ангары № 266 займаецца Іван Трыпуць.

 

 

Як бачым, традыцыі авіятараў у нашым горадзе не толькі не забываюцца, але працягваюцца і перадаюцца наступным пакаленням. Дзякуючы намаганням Івана Трыпуця і Генадзія Кіенкі гісторыя легендарнага шчучынскага аэрадрома захоўваецца, а кожны жадаючы можа да яе дакрануцца.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!