Так загартоўваецца камандны дух. У паляўніча-рыбалоўнай гаспадарцы “Каменскае” прайшла летняя спартакіяда ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”

 

Як падтрымаць камандны дух працоўнага калектыву і арганізаваць эфектыўны адпачынак супрацоўнікаў, добра ведаюць у ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”. Нядаўна на прадпрыемстве прайшла першая летняя спартакіяда “АVTOPROVOD.COM”, яна была прымеркавана да Года міру і стварэння.

 

Мерапрыемства, якое прайшло на тэрыторыі паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі “Каменскае”, сабрала 6 зборных каманд з розных структурных падраздзяленняў завода. Удзел у спартыўных стартах бралі як простыя работнікі, так і кіраўнікі, якія выступалі ў якасці капітанаў каманд. Галоўным суддзёй спаборніцтваў стаў дырэктар прадпрыемства Андрэй Блавацкі.

 

 

Праграма мерапрыемства была насычана рознымі конкурсамі і выпрабаваннямі, якія не давалі засумаваць. Свой спрыт і камандную зладжанасць супрацоўнікі завода паказвалі на эстафеце. Самых трапных вызначалі ў дартсе, а самых моцных – падчас баёў гімнастычнымі шарамі. Таксама ўдзельнікі паспрабавалі свае сілы ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і кідках мяча ў баскетбольнае кальцо. Аднак не толькі спартыўныя якасці дэманстравалі ўдзельнікі, бо розум і кемлівасць прыйшлося прымяніць на этапе галаваломак.

 

 

Па выніках спаборніцтваў усе каманды выступілі годна, а прызёрамі сталі наступныя калектывы. Трэцяе месца заняла каманда “КВВГ 3Х5”, назва буквальна абазначае марку проваду, які вырабляюць на шчучынскім заводзе. На ганаровую срэбную прыступку п’едэстала паднялася дружына “Суперпровад”. А чэмпіёнам летняй спартакіяды быў прызнаны калектыў “Атрад спецыяльнага прызначэння”.

 

 

Не менш цікавым за камандную спартакіяду стаў конкурс сем’яў. Бацькі разам з дзецьмі выконвалі розныя заданні на хуткасць і спрыт, а вясёлы гоман напаўняў тэрыторыю рыбалоўна-паляўнічай гаспадаркі. Усяго ў конкурсе ўдзельнічалі шэсць сямейных калектываў. Лепшымі з іх сталі сем’і Палубятка, Бутурля і Гайдукевіч.

 

Усяго спартакіяда сабрала каля 200 чалавек. Акрамя ўдзельнікаў конкурсаў на мерапрыемства завіталі шматлікія заўзятары, каб падтрымаць сваіх калег альбо сваякоў. На свежым паветры былі арганізаваны пікнікі з гарачымі стравамі.

 

 

Кожны прысутны мог знайсці сабе забаву па душы. Дзеці каталіся на конях і вазках, а дарослыя маглі пагуляць у тэніс і паспрабаваць свае сілы ў армрэстлінгу. Падрабязней пра летнюю спартакіяду нам расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце завода “Аўтапровад” Таццяна Сінкевіч:

 

– Падобнае мерапрыемства мы праводзілі першы раз, яго ініцыятарам і ідэйным натхняльнікам стаў дырэктар завода. Важна, што спартыўныя конкурсы былі накіраваны на згуртаванне і выпрацоўку каманднага духу. Надвор’е было цудоўнае, у нас атрымалася арганізаваць выдатны адпачынак для супрацоўнікаў і іх сем’яў. Таму было вырашана, што гэтае мерапрыемства стане традыцыйным і пройдзе ў наступным годзе таксама ў жніўні.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіва ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!