Сёстры Хатыні: Агародзішча. Адбыўся мітынг-рэквіем на месцы спаленай вёскі

 

Сярод векавых соснаў, беластволых бяроз, старога ельніку, дзе так ціха, што можна пачуць, як размаўляюць паміж сабой гэтыя дрэвы, гэтак жа ціха спяць 147 мірных жыхароў былой вёскі Агародзішча. Гэта “вёска-сястра” Хатыні, мясцовыя жыхары якой у лютым 1943 года былі спалены жыўцом…

 

Напярэдадні 82-й гадавіны Хатынскай трагедыі, якая стала сімвалам усіх спаленых вёсак Беларусі, у месца, якога ўжо не існуе на карце, на жалобны мітынг прыехалі землякі загінулых, кіраўніцтва Шчучынскага раёна ў асобе старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк, пракурор Алег Вялічка, прадстаўнікі аддзелаў i службаў райвыканкама, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, школьнага ляснiцтва, Лiдскага лясгаса, вайскоўцы-пагранічнікі, ветэраны, педагогі, школьнікі.

 

 

Ля сціплага абеліска вядучыя распавялі аб падзеях таго жудаснага дня, а школьнікі, педагогі і мясцовыя работнікі культуры сілай мастацкіх вобразаў прымусілі задумацца над гісторыяй, якую нельга забываць. Толькі шчымліва адгукаліся ў сэрцы страшныя лічбы спаленых вёсак нашай Радзімы.

 

-- Паважаныя ўдзельнікі мітынгу, Вялікая Айчынная па праўдзе з'явілася вайной усенароднай з яе першага дня і да самай перамогі, -- адзначыла ў сваёй прамове старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. -- Немцы зразумелі, што наш невялікі і міралюбівы народ не ўдасца зламаць. І тады акупанты ўзялі жахлівы курс на яго ліквідацыю. На тэрыторыі Беларусі было створана 578 лагераў смерці. Усяму свету вядомы трагічны лёс Хатыні. Ні на адной, нават самай падрабязнай геаграфічнай карце, мы не знойдзем сёння гэтай беларускай вёскі. Боль Хатыні блізкі і жыхарам Шчучыншчыны. Акупанты не супраць былі спаліць кожную беларускую вёску, ператварыць у разваліны кожнае мястэчка, кожны пасёлак. На нашай тэрыторыі было закатавана, павешана, расстраляна каля 10 тысяч землякоў. Яны аддалі самае дарагое – сваё жыццё дзеля таго, каб абараніць будучыню свайго народа і ўсяго свету ад нацысцкай заразы. Мы нізка схіляем галовы перад памяццю ўсіх загінуўшых і павінны зрабіць усё, каб неба над нашымі галовамі заўсёды было мірным.

 

 

Былая настаўніца, ветэран педагагічнай працы Першамайскай сярэдняй школы Тарэса Вацлаваўна Глушань напісала верш “Агародзішча – сястра Хатыні”, які сёння пранікнёна, і нават балюча, гучаў з вуснаў старшыні Першамайскага сельскага выканаўчага камітэта Наталіі Сідлярэвіч.

 

 

Дзень памяці стаў і днём малітвы. Прысутныя разам з ксяндзом Дзмітрыем з парафіі Узвышэння Святога Крыжа аграгарадка Першамайск памаліліся на месцы апошняга спачыну гаротнікаў. Хвіліна маўчання…

 

Вайскоўцы-пагранічнікі Яўген Носікаў і Даніла Кірпічоў, якія прыбылі на ваенную службу ў першы пагранічны пост пагранічнай камендатуры “Парэчча” з Мінску, упершыню пачулі гісторыю “вёскі-сястры” Хатыні.

 

 

-- Нас вельмі ўразіла гісторыя загінуўшых жыхароў. Калі задумаешся аб тым, што на месцы, дзе некалі гучалі вясёлыя чалавечыя галасы, ужо ніколі не загарыцца святло ў акне, ніхто не вырасціць сад, не народзіць дзіця, сапраўды становіцца жахлiва. Мы зробім усё, каб вайны больш не было, -- эмацыянальна адгукнуліся хлопцы.

 

 

Гэты мемарыяльны комплекс – не проста месца пахавання. Галоўны манумент і шэсць помнікаў з імёнамі загінуўшых шэпчуць гісторыю, якую ні ў якім разе нельга забыць!

 

Вікторыя ШЫЛКО.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!