Сёння – Вербная нядзеля! Даведаліся, як традыцыйна ўпрыгожвалі вербачкі на Шчучыншчыне

 

Вялікае свята – Вербную нядзелю – сёння адзначаюць усе хрысціяне свету. У гэты вельмі важны і для каталіцкай, і для праваслаўнай царквы дзень вернікі ўспамінаюць уваход Госпада ў Іерусалім. Галоўны атрыбут свята – вярбу, напэўна, ужо ўпрыгожылі ў кожнай сям’і, каб накіравацца ў храм і асвяціць гэтыя вербныя галінкі, якія сімвалізуюць жыццё.

 

Рыхтаваліся да свята і ў аддзеле рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага РЦКіНТ. На працягу ўсяго тыдня майстрыхі ўпрыгожвалі вербачкі, каб кожны жадаючы мог набыць тую, што спадабалася. Прычым упрыгожвалі менавіта так, як заўсёды было ўласціва для нашай мясцовасці: ніткамі і зяленівам.

 

– Нашы шчучынскія вербачкі заўсёды вызначаліся сваёй прастатою, – расказвае загадчыца аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Ірына Менская-Асмалоўская. – Нітка скручвалася пэўным чынам і прымацоўвалася да вярбы. А яшчэ выкарыстоўвалі мох, лісце брусніц, якое прыносілі з лесу. Многія ўпрыгожвалі вербы сухімі кветкамі, саломкай, каласкамі. Рыхтуючыся да гэтага свята, мы зрэзвалі галінкі ў такі час, каб пупышкі на вярбе паспелі да свята распусціцца. Многія нашы пакупнікі, пераважна людзі старэйшага ўзросту, аддаюць перавагу менавіта традыцыйным вербам, упрыгожаным ніткамі. А вось моладзь выбірае вербы яркія, з кветкамі, стужкамі і іншымі ўпрыгажэннямі.

 

 

У аддзеле рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва на занятках гуртка “Златаручка” і дзеці вучацца майстраваць свае вербачкі: дарослыя стараюцца перадаць ім усе лепшыя традыцыі, каб яны іх захоўвалі і прадаўжалі. У некаторых юных майстрых вербы атрымаліся такімі прыгожымі, што дзеці нават вырашылі пайсці з імі ў храм.

 

Як расказала Ірына Аляксандраўна, у адносінах да вярбы існуюць свае традыцыі. Напрыклад, вярбу, якая прастаяла ўвесь год дома, выкідваць нельга. Нашы продкі пускалі яе на ваду па цячэнні або проста ставілі ў куст вярбы. Таксама свае вербы людзі спальвалі ў печы або на вуліцы.

 

 

Многія традыцыі, якія існавалі спакон вякоў, захоўваюцца і ў наш час. Старажылы ўспамінаюць, як раней у вялікіх сем’ях у вярбу звязвалі столькі галінак, колькі людзей было ў сям’і. І сёння, вярнуўшыся з храма, асвячонай вярбою абавязкова стукаюць па спіне родных і знаёмых, каб яны былі здаровымі і ніколі не хварэлі, і пры гэтым кажуць: “Не я б’ю – вярба б’е, за тыдзень Вялікдзень. Будзь здароў, як вада, а расці, як вярба! Будзь здароў на ўвесь год!” А затым вербачкі ставяць на акно, каб яны аберагалі дом ад грому і маланак, або ўпрыгожваюць імі абразы і “чырвоныя куты”. Асвячоныя ў храмах галінкі вярбы прынята захоўваць на працягу ўсяго года.

 

 

– Сёлета, ужо па добрай традыцыі, мы ўпрыгожвалі асаблівую вярбу, з якою нашы работнікі культуры ў шчучынскіх строях прымуць удзел у дэфіле, якое адбудзецца 12 красавіка падчас рэгіянальнага свята-кірмашу вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”, – расказвае Ірына Аляксандраўна.

 

 

Вербная нядзеля распачынае Вялікі тыдзень перад Вялікаднем. Самы час ачысціцца духоўна і з адкрытым сэрцам сустрэць доўгачаканае свята.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!