“Моладзевы драйв” па-шчучынску. У Шчучыне прайшоў арт-фестываль прымеркаваны да Дня моладзі і студэнцтва (+ВІДЭА)
Вечарам нядзелі на пляцоўцы каля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці было горача ў прамым і пераносным сэнсе. Сотні людзей прыйшлі пазабаўляцца, адпачыць і зарадзіцца бадзёрасцю на наступны тыдзень, а нагода ўсяму – арт-фестываль “Моладзевы драйв”, прымеркаваны да святкавання Дня моладзі і студэнцтва.
Знайсці сабе забаву ў той вечар мог кожны. На мерапрыемстве працавала безліч дзіцячых атракцыёнаў. Самыя маленькія госці свята маглі паскакаць на разнастайных батутах і трамплінах, палётаць на ракеце, паплюхкацца ў басейне ўнутры надзіманых шароў. Моладзь з радасцю бавіла час на тэматычных пляцоўках і ў гульнях. Нехта спаборнічаў на кіданні дроцікаў, хтосьці кружыўся на роварах і самакатах, адным словам, усім было весела.
Святочная праграма была насычанай і цікавай. Адкрывалі фестываль артысты Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, таксама са сцэны гасцей мерапрыемства прывітала першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта БРСМ Віталія Селівончык:
– Сёння цудоўны сонечны дзень – свята маладосці, энтузіязму, яскравых ідэй і вашых ззяючых вачэй. Многа хто кажа, што моладзь – гэта будучае нашай краіны, але я хачу сказаць, што гэта таксама і сучаснасць. Тое, што мы з вамі робім сёння, – гэта і ёсць наш унёсак у будучае Беларусі. Я жадаю вам заўсёды быць яркімі, актыўнымі, ініцыятыўнымі, ісці наперад да сваіх мараў, тварыць і ствараць на карысць нашага горада і ўсёй краіны. Адпачывайце, атрымлівайце асалоду ад гэтага святочнага выхаднога дня і будзьце шчаслівымі. Са святам, моладзь!
Папулярныя і любімыя песні гучалі са сцэны. Шчучынскім артыстам у той вечар дапамагалі забаўляць публіку салісты Мастоўскага раённага цэнтра культуры. А кульмінацыяй святочнага вечара стаў фестываль фарбаў “Коларфэст”. У імгненне пляцоўка вакол сцэны афарбавалася ў розныя колеры. Усмешкі і шчырыя радасныя воклічы напаўнялі прастору, і кожны змог адчуць рытм агульнага свята.
Напрыканцы фестывалю ўсе жадаючыя змаглі асвяжыцца і змыць фарбы дзякуючы воднаму фантану з пажарнай машыны, які арганізавалі супрацоўнікі РАНС. Такое бадзёрае завяршэнне свята, безумоўна, ўсім спадабалася.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота і відэа аўтара.