Сёння Шчучыншчыну наведаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло

 

Свой візіт у наш раён Ігар Вячаслававіч пачаў са знаёмства з калектывам ААТ “Шчучынская птушкафабрыка”. Атрымаўся адкрыты дыялог па самых набалелых пытаннях – ад міжнароднай сітуацыі і жадання Беларусі стаць пляцоўкай для пагаднення і  прымірэння паміж брацкімі народамі да выпрацоўкі стратэгіі, каб эфектыўна гаспадарыць у новых умовах, нягледзячы на эканамічныя санкцыі калектыўнага Захаду.

 

Да прысутных звярнуўся старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, выказаў словы падзякі за грамадзянскую пазіцыю падчас рэспубліканскага рэферэндуму і падтрымку абноўленай Канстытуцыі.

 

Летась Шчучынская птушкафабрыка істотна “падцягнула” асноўныя вытворча-эканамічныя паказчыкі, мае добры задзел і на перспектыву. За мінулы год было рэалізавана насельніцтву 21009 тысяч яек. Рэнтабельнасць работы гандлёвых кропак складае 15-25 працэнтаў.

 

-- Бізнес-планам на 2022 год прадугледжана павялічыць вытворчасць яек, атрымаць 2700 тысяч сутачных куранят, прадаць за год не меней 100 тысяч падрошчанага маладняку – спрацаваць з прыбыткамі, -- адзначыў дырэктар прадпрыемства Андрэй Красоўскі. --  Мы маем намер аднаўляць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. Так, у бліжэйшы час набудзем аўтамабіль для перавозкі сутачных куранят, а таксама спецыялізаваную “ГАЗель”.

 

Пытанні, якія задавалі працаўнікі птушкафабрыкі міністру, тычыліся перспектыў развіцця птушкагадоўчай галіны. І.В. Брыло падрабязна расказаў аб маштабнай рэканструкцыі на птушкафабрыках ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, падкрэсліў, што пры наяўнасці інавацыйных ідэй і бізнес-праектаў міністэрства гатова падставіць плячо і шчучынцам.

 

Ігар Вячаслававіч шчыра падзякаваў нашым птушкаводам за іх плённую працу. Лепшым з лепшых ён уручыў заслужаныя ўзнагароды. Напрыклад, аператар Ала Бочка, якая прысвяціла роднаму прадпрыемству не адзін дзясятак год і стала сапраўдным  прафесіяналам, удастоена прэстыжнага знака “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”. Ганаровымі граматамі  Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджаны Уладзімір Найдзін,  Ірына Някрэвіч, Мікалай Пілюцік, а Падзякай Міністэрства – Ганна Місюк, Людміла Сінкевіч, Анатоль Шарапа. Гэтыя самаадданыя працаўнікі прадпрыемства  дасягнулі высокіх вытворчых паказчыкаў і служаць прыкладам для іншых работнікаў.

 

 

У сустрэчы на птушкафабрыцы прынялі ўдзел першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валяваты, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Ігар Аверка,  генеральны дырэктар Саюза птушкаводаў “Белптушкасаюз” Уладзімір Вашкоў.

 

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло далей накіраваўся з дзелавым візітам на завод “Праймілк”, наведаў іншыя прадпрыемствы Шчучынскага раёна.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!