Сёння -- Дзень будаўніка. Ужо напрыканцы лета ў нашым горадзе адчыніць свае дзверы новенькі дзіцячы садок
Узвядзенне гэтага сацыяльна важнага аб’екта пачалося больш года назад і за гэты час ён рос амаль на нашых вачах. Двухпавярховы садок змяшчае ў сабе шмат цікавага, але галоўная яго “разыначка“ – свой басейн, дзе дзеткі будуць весела бавіць час. Як сцвярджаюць самі будаўнікі, садкоў з аналагічнай планіроўкай у рэспубліцы ўсяго тры, а наш шчучынскі стаў чацвёртым. Пры падрыхтоўцы да будаўніцтва дзяліліся вопытам калегі з такога ж садка ў Пінску. І вось новенькі будынак амаль ужо ўзведзены.
– Другі паверх у хуткім часе плануем здать заказчыку пад ключ, – распавядае прараб МПМК-167Дзмітрый Валер’евіч Старасцін. – Тут ужо пачалася зборка мэблі, афармленне сцен. На дадзеным этапе мы займаемся агульнабудаўнічымі і апрацоўчымі работамі: усталёўваем дзверы па перыметры, робім адлівы, рыхтуем да афарбоўкі цокаль. Гідраізаляцыя басейна будзе завершана да канца жніўня. Наперадзе і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол будынку. У бліжэйшы час мы чакаем да сябе дарожнікаў, якія пачнуць класці асфальт.
Тратуарная плітка тут пакладзена амаль што цалкам. Вакол будынка садка ўсталяваны каркасы для альтанак, побач будаўнікі ўстановяць лаўкі, арэлі, горкі. Апошнія штрыхі – бардзюры, якія з’явяцца ля дарожак напрыканцы добраўпарадкавання. Увогуле на ўзвядзенні аб’екта выкарыстана 3,7 мільёна рублёў. Каб дзіцячы садок стаў любімым месцам для маленькіх шчучынцаў, будаўнікі прыклалі нямала намаганняў.
– Памятаю, як адзін час на будаўнічай пляцоўцы было задзейнічана аж пяць кранаў, два «Амкадоры» і шмат іншай тэхнікі, – расказвае прараб МПМК-167 Андрэй Андрэевіч Шкода. – Цяпер мы ўжо адчуваем, як усё падыходзіць да лагічнага завяршэння: тут застаўся адзін кран ды пагрузчык, стараемся як мага хутчэй вывезці будаўнічае смецце.
Штодзень з васьмі да васьмі на аб’екце працуюць 100-120 чалавек. Амаль усе яны – работнікі МПМК-167. Разам з імі рыхтуюць аб’ект да здачы калегі не толькі са Шчучынскай МПМК-166, але і з Гродна, Мастоў, Ваўкавыска.
– Усе нашыя будаўнікі – вельмі працавітыя і руплівыя, выдзяліць кагосьці аднаго з іх немагчыма, – канстатуе Дзмітрый Валер’евіч. – Сярод лепшых зарэкамендавалі сябе брыгады А.М. Лагуна, В.Ф. Якубоўскага, Г.А. Бялко і А.А. Капыловай.
Прараб МПМК-167 Дзмітрый Валер’евіч Старасцін працуе ў гэтай галіне ўжо дзявяты год. За яго плячыма будаўніцтва самых розных аб’ектаў: ад птушкафабрыкі ў Стральцах да завода ТАА «Праймілк» у Шчучыне. Нарадзіўся будучы будаўнік у Гродне, але прафесія пасля заканчэння політэхнічнага коледжа прывяла ў Шчучын.
– У пачатку, на першых аб’ектах мне дапамагалі і начальнік участка Ю.С. Краеўскі, і былы брыгадзір М.Л. Сініца, – успамінае Д.В. Старасцін. – Цяпер я працую з брыгадай А.М. Лагуна, разам мы адна дружная каманда.
Пасля размеркавання Дзмітрый Валер’евіч вырашыў застацца ў нашым горадзе. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю па сваёй спецыяльнасці, у якасці прараба ён ужо трэці год. У гэтай жа будаўнічай арганізацыі працуе эканамістам па матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню і жонка Марыя. Разам яны выхоўваюць чатырохгадовага сына Данііла.
Нягледзячы на гарачую пару ў будаўніцтве дзіцячага садка, частка абсталявання ўжо пераносіцца на іншыя аб’екты, дзе ў хуткім часе пачнуць працаваць работнікі МПМК-167. У перспектыве некалькі праектаў: рэканструкцыя будынка ветэрынарнай лабараторыі па вуліцы Чапаева ў Шчучыне, дзе пачаліся разборачныя работы, а таксама фермы ў Грамавічах, дзе ідзе падрыхтоўка пляцоўкі да будаўніцтва комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы.
Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.