“Сям’я года –2022” жыве ў Васілішках. Перамогу ў раённым конкурсе заваявала сямейная каманда Вількевічаў

 

У традыцыйным раённым конкурсе “Сям’я года”, які сёлета праходзіў у пяты раз, прынялі ўдзел пяць сямей. Што сімвалічна: усе яны – мнагадзетныя, да таго ж – дружныя, згуртаваныя, творчыя! Да прыкладу сямейная дружына Кушнярэвічаў з гарадскога пасёлка Астрына – гэта мама Таня, тата Аляксандр і сямёра іх таленавітых дзетак! У астатніх – пакуль па трое нашчадкаў, але хто сказаў, што буслы над Шчучыншчынай запусцілі сваю галоўную службу і перасталі насіць немаўлят?

 

Раённы этап традыцыйнага рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” ўрачыста адкрыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. Яна цёпла прывітала канкурсантаў і прысутных у зале, якія прыйшлі “пабалець” за сваіх блізкіх, сяброў, аднавяскоўцаў.

 

-- Моцныя сем’і – моцная краіна, -- слушна заўважыла Ганна Станіславаўна. -- Зусім не выпадкова ў нашай адноўленай Канстытуцыі такая вялікая ўвага нададзена ролі сям’і і спрадвечным традыцыйным каштоўнасцям. Сям’я -- надзейны тыл для кожнага чалавека, у сям’і мы чэрпаем сілы для новых стваральных спраў дзеля грамадства і сваёй Радзімы. Прыемна, што ў нас на Шчучыншчыне нямала такіх дружных сямей, якіх мы бачым сёння на сцэне раённага цэнтра культуры. У гэтым конкурсе не можа быць прайграўшых, бо кожная сям’я адметная.

 

 

Вядучая Віталіна Панімаш пазнаёміла з членамі журы на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Аленай Пасютай. І пачалося неверагодна цікавае сямейнае шоу. Візітоўка “Радавод” паказала, што ва ўсіх сем’ях добра ведаюць свае карані, любяць і часта наведваюць сваю малую радзіму, перадаюць традыцыі старэйшага пакалення сваім дзецям.

 

А вось конкурс “Мая сям’я – мая краіна” яскрава прадэманстраваў актыўную грамадзянскую пазіцыю дарослых і дзяцей, кола іх інтарэсаў і жыццёвыя прынцыпы. Вольга і Віталій Мішкелі з аграгарадка Ляшчанка перадаюць сваім дзеткам Савелію, Меланні і Мацвею захопленасць народнай культурнай спадчынай і яе адраджэннем.

 

У шчучынцаў Марыны і Дзмітрыя Малышкаў, іх сыноў Сашы і Паўліка ды дачушкі Машы ёсць свой сямейны праект “Веласубота”, накіраваны на здаровы лад жыцця, пазнанне новага, вывучэнне свайго краю.

 

Рэцэптамі сямейнага шчасця падзяліліся і Наталля і Аляксандр Гайдамакі, якія прыехалі на конкурс з аграгарадка Тапілішкі з дачушкамі Лізай, Евай і сынам Глебам. Супружная пара рассказала, як удаецца развіваць таленты сваіх дзяцей, як жывуць і чым жывуць. Аказваецца, яны нават усёй сям’ёй прынялі ўдзел у здымках  мастацкага кінафільма па ваенных падзеях.

 

Свой праект і ў таленавітай, песеннай і надзвычай працавітай сям’і астрынчан Кушнярэвічаў. Усе яны – ад малога да вялікага -- плануюць гэтай вясной прыняць удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі каля мясцовай крыніцы.

 

Ой, цяжка было вызначыць журы пераможцаў у гэтым конкурсе. Але найбольш балаў набрала сям’я Вількевічаў з аграгарадка Васілішкі. Педагогі па прафесіі і прызванні, бацькі перадаюць у спадчыну дзецям свае дараванні. Аляксандра Вількевіч працуе музычным кіраўніком у цэнтры развіцця дзіцяці, а муж Павел выкладае ў Васілішкаўскай ДШМ па класе баяна. Здаецца, што мастацтва прапісалася ў іх доме. Дзеці – Жэня, Марыя і Аляксей -- упэўнена адчуваюць сябе на сцэне і разам з дарослымі ўтвараюць такі гарманічны сямейны ансамбль!

 

 

Ні адна з сямей не пакідала сцэну без падарункаў і ушанаванняў. Падтрымаць сваіх работнікаў-канкурсантаў прыйшлі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.

 

Падводзячы вынікі, старшыня журы Алена Пасюта не хавала захаплення тым, якую значную ролю ў выхаванні дзяцей адыгрываюць не толькі клапатлівыя матулі, але і таты – дастойная апора сям’і. Падарункі і цёплыя словы знайшла для ўдзельнікаў лідар раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Шанчук.

 

На працягу ўсяго конкурсу гледачоў радавалі душэўныя песні, што называецца, у тэму: “Погода в доме”, “Близкие люди”, “Родительский дом”… Іх так цудоўна і шчыра выконвалі салісты РЦКіНТ. Усе, каму пашчасціла прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве, пакідалі залу з добрымі, прасветленымі пачуццямі: сям’я – гэта вялікае шчасце і надаражэйшая каштоўнасць.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!