Вольга і Віталій Мішкелі разам са сваімі дзеткамі будуць абараняць гонар раёна на абласным этапе конкурсу “Сям’я года”
Мы ўжо расказвалі нашым чытачам пра раённы этап самага “цёплага і дамашняга конкурсу”, дзе сёлета перамагла надзвычай дружная і творчая сям’я Мішкель з аграгарадка Ляшчанка. Вольга Віктараўна – загадчыца клуба, Віталій Іванавіч – культарганізатар: зладжаны дуэт і на рабоце, і ў жыцці! Гэтымі днямі ўся сям’я (а гэта, акрамя супружнай пары, іх двое сыноў і дачушка) рыхтуецца прыняць удзел у абласным этапе конкурсу, які пройдзе 17 мая ў Гродне.
Сёння, у Дзень сям’і, мы патэлефанавалі Мішкелям, каб павіншаваць іх са святам і даведацца, з якім настроем тут збіраюцца “штурмаваць” абласную сцэну.
– Настрой баявы і прыўзняты, – усміхаецца Вольга Віктараўна. – Усе нацэлены на перамогу. Малодшыя дзеці Мілаша і Савелій кажуць, што пасля Гродна абавязкова ў Мінск яшчэ паедзем. Старэйшы Мацвей больш стрыманы ў сваіх прагнозах. Але мы насамрэч добра падрыхтаваныя і да апошняга працягваем нашы рэпетыцыі. Вось і сёння збіраемся ў чарговы раз “абкатаць” праграму. Не буду да канца раскрываць сакрэты, але мы гатовы захапляюча прадставіць свой радавод, прэзентаваць тэму “Мая краіна – мая сям’я”, расказаць пра тое, як узялі пад сваё крыло крынічку за вёскай Лядск. Навялі там парадак, дзеці выклалі беражок каменьчыкамі, а наш тата зрабіў зруб. Ваду з крынічкі мы вазілі на аналіз у занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і яна, да нашай радасці, аказалася вельмі чыстай. Так што прыязджайце!
Мы пажадалі нашым канкурсантам перамогі, а з нагоды Дня сям’і – моцнага здароўя і асабістага шчасця.
Нагадаем, што ўсе мерапрыемствы, якія праводзяць у Ляшчанскім клубе Вольга і Віталій Мішкелі пранікнуты атмасферай па-хатняму цёплай і душэўнай.
– Мы ўдзячны сваёй прафесіі, бо яна дае магчымасць творча рэалізавацца самому і дапамагчы расквітнець таленту іншых людзей, адкрывае ў чалавеку здольнасці, якіх іншы раз і сам ад сябе не чакаў...
Здаецца, гэтыя двое ведаюць, пра што кажуць, бо ў юнацтве выбіралі зусім іншыя сферы дзейнасці і ні за што б не падумалі, што ў клубе знойдуць сваё прызванне.
– Ды ў Ляшчанскім клубе не тое што прафесію, мы знайшлі адзін аднаго! Тут пазнаёміліся, тут завязаліся адносіны, а потым і сям’ю стварылі, – зноў здзіўляюць Віталій і Вольга.
Не дзіва, што і дзеці ў іх растуць актыўнымі, артыстычнымі, ахвотна займаюцца ў гуртках, свабодна выходзяць на сцэну, бо практычна гадаваліся за кулісамі.
Шэсць год таму, калі Вольга яшчэ была ў дэкрэтным водпуску, тагачасны культасветработнік Лілія Жылук прапанавала маладой матулі паспрабаваць у новай ролі свае творчыя сілы і арганізатарскія здольнасці. Так Вольга Віктараўна памяняла бібліятэку на сельскі клуб. Вядома, вагалася, перажывала, але падтрымка больш вопытнай калегі і добразычлівасць мясцовых людзей зрабілі сваю справу. Ды і муж ва ўсім дапамагаў: так у іх заведзена здавён. У рэшце рэшт Віталій і сам быў залічаны ў штат на чвэрць стаўкі. Да ўсяго галава сям’і працуе інструктарам-метадыстам па адаптыўнай фізічнай культуры ў Шчучынскім доме-інтэрнаце. Работа ў культуры – ягоная аддушына, настрой на пазітыў.
– Менавіта муж з’яўляецца генератарам самых нечаканых ідэй, – сцвярджае Вольга. – Каб зацікавіць людзей, сабраць залу важна чымсьці здзівіць публіку, прыдумаць захапляючы сцэнарый, прапанаваць штосьці нестандартнае. Такім паспяховым і гучным праектам у Ляшчанцы стала свята “Вясковы асілак”, з якім, як мне здаецца, мы выйшлі на новы ўзровень у рабоце.
– Нам вельмі хочацца развіваць гэты праект, зрабіць яго брэндам рэгіёна, папулярным на ўсю краіну, -- дзеліцца планамі на будучыню Віталій Іванавіч.
А мы ў сваю чаргу звяртаемся да ўсіх жыхароў Шчучыншчыны: давайце “балець” за нашых і жадаць Мішкелям удала выступіць на конкурсе “Сям’я года”. Не здарма ж кажуць, што задуманае абавязкова матэрыялізуецца!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Алега ШЫШЛОЎСКАГА.