Святкі і калядкі. Даведаліся, якія сюрпрызы рыхтуюць для шчучынцаў супрацоўнікі аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва
Супрацоўнікі аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ заўсёды рыхтуюць мноства сюрпрызаў да Раства і Новага года. Па традыцыі ёлачныя ўпрыгажэнні, цацкі і сувеніры ручной работы можна будзе набыць на выставе-продажы, якая хутка разгорне свае экспазіцыі ў музейнай зале народнай творчасці. Да таго ж майстры чаруюць над арыгінальнай фотазонай.
А яшчэ нашы энтузіясты – даследчыкі культурнай спадчыны – плануюць запрасіць шчучынцаў да ўдзелу ў каляднай гульні-віктарыне. Напярэдадні каталіцкіх святаў такое мерапрыемства будзе ладзіцца для дзяцей, а напачатку студзеня – для дарослых.
– На працягу года мы адпраўляліся ў этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках і вёсачках нашага раёна, гутарылі з карэннымі доўгажыхарамі, вывучалі мясцовыя абрады і звычаі, у тым ліку і звязаныя з варажбой падчас калядных вечароў. Шмат цікавага даведаліся ад захавальнікаў народнай спадчыны ў Орлі, Крупаве, Кроньках, Пяцюлеўцах, – распавядае Вольга Каранкевіч, загадчыца аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва. – Сваім досведам зараз гатовы падзяліцца з іншымі. Надзвычай важна перадаваць народныя традыцыі маладым. Вось так і нарадзілася ідэя правесці гульню-віктарыну, у якой прымуць удзел некалькі камандаў.
А пакуль нашы майстры напружана працуюць з прыроднымі матэрыяламі, тканінай, ніткамі, нажніцамі... Так нараджаюцца маленькія шэдэўры. А сімвал 2023 года – вушасты Вадзяны Трус – кожнаму творцу бачыцца па-свойму. Ужо хутка мы зможам гэта ўбачыць, ацаніць і нават набыць.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.