Свята для творчых і таленавітых. У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Дню работнікаў культуры

У нядзелю, 13 кастрычніка, работнікі культуры адзначаць сваё прафесійнае свята. Але яго подых адчуваўся ўжо сёння: у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты сход, прымеркаваны да гэтай падзеі. Арганізатары прадугледзелі ўсё, каб падараваць добры настрой прысутным у зале. Атмасфера была надзвычай цёплая, а аўдыторыя жывая і ўдзячная: на свята прыйшлі і прыехалі прадстаўнікі ўсіх устаноў культурнай сферы раёна, людзі самых розных творчых, і не толькі, прафесій, а таксама ганаровыя госці. На працягу усёй імпрэзы гучала многа добрых слоў, музыкі, песень.

 

 

Словы шчырай удзячнасці работнікам культуры раёна за прафесіяналізм, любоў да мастацтва і жаданне несці яго ў масы, за талент і ўменне духоўна ўзбагачаць іншых выказала старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк. Цёплымі словамі прывітала кіраўнік і ветэранаў працы.

 

 

 Таленавітымі людзьмі, здольнымі бачыць у звычайных рэчах прыгожае, адметнае і незвычайнае, назвала работнікаў культурнай нівы Шчучыншчыны намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Алена Васільеўна Пасюта. "У жыцці вельмі шмат прозы, а хочацца лірыкі", -- адзначыла яна, звяртаючыся да прысутных, і пажадала не страчваць творчага імпэту, развіваць таленты, захоўваць і памнажаць скарбы нацыянальнай культуры.

 

 

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Васільеўна Ганчарук падкрэсліла: віноўнікам урачыстасці – педагогам, музыкантам, бібліятэкарам, прадстаўнікам іншых творчых і крэатыўных  прафесій -- ёсць чым ганарыцца. Сёння на Шчучыншчыне 16 калектываў са званнямі "народны" і "узорны". Асобныя ўстановы ўжо даўно пакідаюць свой адметны след на ніве культуры і мастацтва. У прыватнасці, 2019 год стаў юбілейным для Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі, якая з'яўляецца равесніцай нашай вобласці. На працягу 30 год радуюць творчасцю непаўторныя "Медуніцы" і "Промень". 157 перамог у конкурсах рознага ўзроўню – ад абласнога да міжнароднага -- дабавілі ў скарбонку дасягненняў выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў.  А ўлада ў сваю чаргу ўсё робіць для таго, каб юным талентам было камфортна развіваць свае здольнасці. Так, у хуткім часе запросіць у абноўленыя сцены Шчучынская ДШМ, заўважныя змены чакаюць і іншыя аб'екты культуры.

 

 

І, канешне, на свяце не абышлося без абавязковага атрыбуту такіх урачыстасцей – узнагарод. І быў сапраўдны іх россып! Ушанавалі вопытных супрацоўнікаў, уручылі падарункі маладым, якія толькі становяцца на крыло. Так, Ганаровай граматай Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў за добрасумленную працу, уклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення, прапаганду беларускай нацыянальнай культуры адзначана А.В. Юшкевіч – педагог па класе фартэпіяна і канцэртмайстар ДУА "Шчучынская дзіцячая школа мастацтваў". За высокія дасягненні ў рабоце, прафесіяналізм Ганаровых грамат раённага выканаўчага камітэта ўдастоены Д.Э. Антановіч – намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА "Шчучынская ДШМ", і Д.Г. Паноў – намеснік дырэктара па культурна-масавай рабоце ДУК "Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Вялікай групе работнікаў культуры былі ўручаны Ганаровыя граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Іх атрымалі М.І. Будзько, А.Г. Гаўрылаў, А.Т. Герасімчык, С.К. Іода, Н.І. Кімашэўская і многія, многія іншыя.

 

 

Напярэдадні яшчэ аднаго душэўнага свята – Дня маці – не забылі і пра мнагадзетных матуль, якія працуюць ва ўстановах культуры раёна. Зала шчыра прывітала апладысментамі К.А. Гулько, Г.Э. Петушок, І.Б. Барысевіч, А.Ч. Аброшка, Н.Ю. Русак і іншых самых мілых, любімых і галоўных у сем'ях жанчын. Усе яны атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

 

 

Прыгожае свята для ўсіх работнікаў культуры  ладзілі, канешне, іх жа калегі з РЦКіНТ. Музычныя падарункі "уручылі" ўсім прысутным Таццяна Ціцяк, Дар'я Бачко, Дзмітрый Паварго, Марыя Сідаровіч, Юрый Барысевіч,  Валянціна Маркевіч, Анастасія Тарас, Ганна Баранава, Юлія Ганчарук.Спявалі яны прыгожа, узнёсла – заслухаешся!

 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!