Сваё шчасце дзюбай не б’ецца, сцвярджаюць жыхары раёна з такімі мілымі і дамашнімі прозвішчамі Петушок і Курачка

І зноў да вашай увагі наш праект “Фамільная каштоўнасць”. Сёння раскажам, чым займаюцца, як пачуваюць сябе людзі, чые прозвішчы цалкам супадаюць з назвамі… дамашняга птаства. Прычым у памяншальна-ласкальным варыянце. Жывуць вяскоўцы годна, з Богам у душы і лічаць, што сваё шчасце дзюбай не б’ецца.

 

Іван Петушок: “Жыццё пражыць – не поле перайсці”

 

– Некалі ў нашай вёсцы людзей з такім прозвішчам, як у мяне, было вельмі многа, – распавядае Іван Пятровіч Петушок з вёскі Залесна, што ў Каменскім сельсавеце. – А адзін чалавек быў поўным маім цёзкам.

 

– А вас не блыталі? Напрыклад, у калгаснай дакументацыі?

 

– Ён быў нумар адзін, бо старэйшы, а я нумар два, – смяецца суразмоўца. – Цяпер аднафамільцаў у вёсцы мала. Старэе Залесна.

 

Дабротны дом маіх новых знаёмых адразу на ўездзе ў вёску. Сядзіба абнесена ладным металічным плотам, на падворку і ў агародзе парадак: градкі ачышчаны, вусы ў клубніц абрэзаны . І толькі кусты памідораў усё яшчэ чырвонымі бусінкамі зіхацяць на сонцы. Не здаюцца восені і кветкі перад вокнамі. “А як жа без кветак”, – адгукаецца гаспадыня дома, якая мае жаданне вырошчваць такую прыгажосць.

 

Ганне Феліксаўне сёлета споўнілася 80 год. Дзякаваць Богу – сустрэла юбілей на сваіх нагах. Хаця, прызнаецца, перанесла складаную аперацыю. Але справілася, бо побач былі родныя. “Дзеці ў мяне залатыя, – з хваляваннем прамаўляе жанчына. – У бальніцу патрапіла, то людзі дзівіліся, як яны мяне даглядалі, ні адыходзілі ні на крок”. Пра дзяцей сціплыя вяскоўцы гавораць з асаблівай ахвотай. Сын Анатолій – інжынер-тэхнолаг, працуе ў Баранавічах на прадпрыемстве, якое з’яўляецца філіялам “Атланта”. Дачка Святлана па прафесіі таваразнаўца, жыве ў Мінску, нядаўна выйшла на пенсію. Дзеці не забываюць дарогу да бацькоўскага дома, дапамагаюць, зазначаюць Іван Пятровіч і Ганна Феліксаўна. Прыязджаюць у госці і дарослыя ўнукі са сваімі сем’ямі. “Зайдзіце, зайдзіце ў дом! Гляньце, якія яны ў нас”, – запрашае гаспадар.

 

Я пагаджаюся. І сапраўды, з партрэтаў на сцяне глядзяць прыгожыя і статныя прадаўжальнікі гэтага роду.
Утульна размясціўшыся на складанай лавачцы (яна, кажуць гаспадары, пры неабходнасці ператвараецца ў стол, за якім умяшчаецца сям’я і госці), заводзім размову пра простыя і важныя жыццёвыя каштоўнасці, пра важныя падзеі з мінулага і сучаснага. Ад маіх адкрытых і шчырых субяседнікаў даведваюся, што Іван Пятровіч нарадзіўся на хутары побач з Залесна, там карані яго роду, а Ганна Феліксаўна ў суседніх Лупінах. Абое з мнагадзетных сем’яў: у сям’і Петушкоў гадаваліся трое, а ў Лышчыкаў – шасцёра.

 

– Служыў я ў Азербайджане, ля Каспійскага мора, ажно тры гады, – успамінае Іван Пятровіч. – Там надта горача, няма зімы. Толькі раз мокры снег выпаў, дык салдаты давай сняжкі ляпіць. З таго часу спёкі не баюся.

 

З армейскага жыцця і эпізод, звязаны з прозвішчам.

 

– Ідзе пераклічка. “Петунюк!” – чую. Я не адклікаюся. Зноў паўтараюць – я зноў маўчу. Нарэшце не вытрымліваю: “Як будзе маленькі певень звацца? Петушок! Я і ёсць Петушок”, – смяецца гаспадар дома.
Пажаніліся Іван і Ганна ў 1963 годзе. “Кавалер быў на ўсю вёску”, – так тлумачыць свой выбар жанчына. Маладыя нядоўга пажылі з бацькамі, а потым пабудавалі свой дом. Працавалі многа: жонка – на ферме, а потым у паляводстве, а муж – вадзіцелем. “Усю Беларусь аб’ездзіў, – дзеліцца гаваркі Іван Пятровіч. – Пачынаў на ЗІСе, потым ездзіў на іншых машынах. Я такі чалавек, што ўсіх слухаў: яшчэ і на пенсіі працаваў на ферме і ў будаўніцтве…”. Сумленная праца гэтых людзей была адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі. Тая ж Ганна Феліксаўна да гэтага часу захоўвае грамату Вярхоўнага Савета БССР, якую атрымала ў далёкім 1969 годзе.

 

Суразмоўцы ўспамінаюць пра час, калі, як кажуць, “бедната была”, як на працадні атрымлівалі напрыканцы года торбачку збожжа. І як яшчэ трэба было пастарацца нарад на работу займець: людзей жа ў калгасе многа было, працаваць хацелі ўсе… Паступова сям’я станавілася на ногі: трымалі вялікую гаспадарку і напружанай працай стваралі свой дабрабыт. І, не сакрэт, марылі, каб дзеці жылі лепш за іх саміх, таму вырашылі: “Будзем вучыць!”. І вывучылі: сын і дачка атрымалі вышэйшую адукацыю. “Жыццё пражыць – не поле перайсці”, – глыбокадумна заўважае Іван Пятровіч. Ён і Ганна Феліксаўна аднадушныя ў тым, што жыць цяпер добра. Перамены да лепшага – на вачах. “Толькі дзве такія фермы на ўсю Беларусь!” – з гонарам кажа мужчына, калі размова заходзіць пра новую ферму ля іх Залесна.

 

Акурат насупраць дома Петушкоў стаіць паклонны крыж. Няхай пад яго абаронай яшчэ многа год жывуць у міры і спакоі гэтыя сціплыя і душэўныя людзі.

 

Сяргей Курачка: “Усё нажывалі сваім мазалём”

 

Такога я дакладна не чакала. Прыехала знаёміцца ў Тапілішкі з Сабінай Антонаўнай і Сяргеем Міхайлавічам Курачка, і аказалася, што гэтыя людзі… – блізкая радня вяскоўцаў, пра якіх расказала вышэй.

 

 

– Я ж у іх на вяселлі дружкай была, – здзіўляе Сабіна Антонаўна. – Помню, жартавала з Ані, што яна за хлопца з прозвішчам Петушок замуж ідзе. А яна мне ў адказ: “Абы чалавек добры”. А хутка настала і яе чарга з мяне пажартаваць, калі дазналася, што маім мужам стане Сяргей Курачка.

 

Сабіна Антонаўна паглядае на свайго Сяргея Міхайлавіча і залівіста смяецца. Так у добрым настроі, на вясёлай ноце і вядзём гутарку. Што цікава: муж і жонка з прыемным на слых і такім свойскім прозвішчам Курачка доўгі час працавалі на мясцовай… птушкафабрыцы. Сабіна Антонаўна – ажно 42 гады, а Сяргей Міхайлавіч – 32. Яна – птушніцай, ён – вадзіцелем. Жанчына прыйшла сюды на работу ў 15-гадовым узросце. Яна ахвотна прыгадвае першыя дні работы птушніка: “Прывезлі курэй і выпусцілі ў старую канюшню. Спачатку ўсё рабілі ўручную, тыя ж кармы мяшалі і разносілі. Яйкі збіралі. На корм курам нават моркву вырошчвалі і церлі, а яшчэ мяса ў катлах варылі. Увесь час на нагах, у гумовых ботах. Работа была цяжкая. Гэта потым механізацыя прыйшла”. “А я ўладкаваўся сюды на працу ў 1964-ым. Тады ўжо што-кольвек было пабудавана”, – дадае муж.

 

84-гадоваму Сяргею Міхайлавічу помніцца, як ён ездзіў у камандзіроўкі ў Прыбалтыку. Па што б вы думалі? Па рыбу! Таксама ішла на корм курам. Зімой прывозіў замарожаную, у пластах, адразу з караблёў загружалі на машыну, а летам дастаўляў рыбны фарш у бочках. У няблізкі свет з птушкафабрыкі адпраўляліся па 2-3 машыны.

 

Пакуль муж па тыдні адсутнічаў дома, жонка і на работу хадзіла, і вялікую гаспадарку даглядала. “Ён паедзе, а ты думай, хвалюйся. Тэлефонаў жа не было. А на мне яшчэ і хата, і дзяцей трэба было ў школу адправіць, – зазначае Антонаўна. – Добра, што да работы блізка”.

 

Дарэчы, спраўныя работнікі Сабіна і Сяргей Курачкі былі на птушкарэпрадуктары ў пашане. Гаспадар дома паказвае мне чырвоную скрыначку, у якой захоўваюцца медаль “За працоўную адзнаку”, уручаны Сабіне Антонаўне ў 1986 годзе, і ажно некалькі значкоў “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, якімі адзначаліся і ён сам, і жонка. У абаіх ёсць многа Ганаровых грамат.

 

Між іншым, птушкафабрыка некалі і пазнаёміла 19-гадовую дзяўчыну з Тапілішак і на дзесяць год старэйшага хлопца з Пісклюкоў. “Рабілі разам і паглядвалі адно на аднаго. Я хоць і маладая была, але і тады салідна выглядала”, – смяецца гаспадыня дома. Пасля жаніцьбы з год жылі ў бацькоў Сабіны, а потым узялі пляц, купілі дом і перавезлі сюды. Жылі, пажывалі і дабра нажывалі. Безумоўна, сваім мазалём. Ніякай працы не цураліся: абое былі з мнагадзетных сем’яў. “Гэта цяпер, калі чацвёра дзетак, то сям’я лічыцца мнагадзетная, – кажа Сабіна Антонаўна. – А некалі нашы сем’і былі яшчэ невялікія, у іншых і па шэсць-восем дзяцей гадавалася”.

 

Цяпер прасторная і дагледжаная сядзіба Курачкаў дастойна глядзіцца на вуліцы Цэнтральнай. У буднія дні тут ціха, а ў святы, калі прыязджаюць дзеці з сем’ямі, голасна. Абедзве дочкі недалёка ад бацькоў. Святлана ў свой час скончыла інстытут народнай гаспадаркі, працуе намеснікам галоўнага бухгалтара ў ААТ “Васілішкі”. У Таццяны – дыплом сельгасінстытута, яе рабочае месца – у “стале даведак” Шчучынскага РЭС. “Там і дачка яе, а наша ўнучка, працуе інжынерам”, – задаволены бабуля і дзядуля. Хваляць яны і трох унукаў, радуюцца прадаўжэнню роду – тром праўнукам. “Дзецям добра – і нам добра! – запэўніваюць суразмоўцы. – У дзецях шчасце! А для нас важна, што мы ўдваіх. Бо адзін – што былінка ў полі”.

 

Хацелася б пабыць даўжэй з гэтымі прыемнымі людзьмі, паслухаць мудрыя разважанні Сабіны Антонаўны пра адказнае мацярынства, а ў выкананні Сяргея Міхайлавіча – яго любімую песню “Деревенька” (гаспадар дома мае талент, некалі ўдзельнічаў у самадзейнасці), надыхацца паветрам, настоеным на яблыках… Але, пажадаўшы ўсяго найлепшага, давялося развітацца. Спяшалася напісаць гэтыя радкі.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!