Супрацоўніцтва выходзіць на новы ўзровень. На гэтым тыдні было падпісана пагадненне аб узаемадзеянні ў прафарыентацыйнай сферы паміж ТАА “Праймілк” і аддзелам адукацыі райвыканкама

 

Прафарыентацыйная работа набірае абароты ў Шчучынскім раёне. На гэтым тыдні паміж аддзелам адукацыі райвыканкама і ТАА “Праймілк” было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.

 

Урачыстае падпісанне пагаднення адбылося на тэрыторыі завода “Праймілк”. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў ТАА “Праймілк” на чале з дырэктарам Анатолем Бяляўскім, начальніка аддзела адукацыі Паўла Тарчынскага, а таксама вучняў аграрных класаў школ нашага раёна. Пагадненнем прадугледжана паглыбленая прафарыентацыйная работа з вучнямі аграрных класаў на базе ТАА “Праймілк”.

 

 

Вучні профільных класаў змогуць асабіста пазнаёміцца з работай адной з самых паспяховых і сучасных кампаній краіны падчас экскурсій і практычных заняткаў у лабараторыях прадпрыемства.

 

Варта адзначыць, што падпісанне пагаднення стала падсумаваннем і пераводам на сістэмную аснову шматгадовага супрацоўніцтва кампаніі “Праймілк” і раённага аддзела адукацыі. З 2019 года прадпрыемства надае ўвагу прафарыентацыйнаму навучанню школьнікаў. За гэты час вялікая колькасць зацікаўленых вучняў паспела пабываць у вытворчых цэхах.

 

 

Чакаецца, што практычныя заняткі для вучняў класаў аграрнага профілю на базе прадпрыемства пачнуцца ўжо ў снежні.

 

 

– Вам будзе вельмі цікава вывучаць вытворчасць і працаваць на нашым абсталяванні, – звярнуўся да школьнікаў Анатолій Бяляўскі. – Такога сучаснага абсталявання ў нашай краіне няма ні на адным прадпрыемстве. Сёння “Праймілк” – гэта экспартаарыентаванае прадпрыемства, 98% нашай прадукцыі ідзе ў 22 краіны свету, і мы хочам пашыраць сваю вытворчасць. У бліжэйшыя гады плануем стварыць каля 40 дадатковых працоўных месцаў, таму ў будучым наша прадпрыемства будзе мець патрэбу ў кадрах.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!