Сумесная малітва і цудоўны адпачынак. У касцёле св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбыліся “Канікулы з Богам”

Больш за 600 дзяцей усіх узростаў – ад самых маленькіх, якія прыходзілі з мамамі, татамі або дзядулямі і бабулямі, да старшакласнікаў – цэлы тыдзень не толькі адпачывалі і весяліліся, але і прымалі ўдзел у сумеснай малітве, усе разам спявалі рэлігійныя песні. 

 

“Канікулы з Богам” у Шчучыне – гэта добрая традыцыя, якая доўжыцца ўжо больш за дваццаць год. Кожнае лета рабяты з нецярпеннем чакаюць апошніх тыдняў лета, каб зноў разам з айцамі-піярамі правесці сем незабыўных дзён.

 

 

– Некалькі апошніх год мы абавязкова вызначаем тэму “Канікулаў з Богам”, – расказвае пробашч парафіі айцец Вітольд Пяцельчыц. – Сёлета мы гаварылі пра восем благаславенстваў, якія Пан Езус агучыў людзям. Гэта духоўная частка нашых сустрэч, без якой, безумоўна, адпачынак немагчымы. Што тычыцца другой – забаўляльнай часткі, тут не было межаў фантазіі нашых важатых, якія арганізоўвалі вольны час дзяцей. Усе рабяты ў адпаведнасці з узростам былі падзелены на атрады. Спартыўныя, творчыя, музычныя гульні, конкурсы, імпрэзы, забавы на батутах – ніхто не сумаваў, усім было весела і цікава!

 

 

Сачыць за такой колькасцю дзяцей не так проста. Айцам-піярам у гэтай справе заўсёды дапамагаюць важатыя. На гэты раз іх было амаль 60 чалавек і не толькі са Шчучына. Студэнты і іншая моладзь з задавальненнем бавяць час са школьнікамі.

 

 

 

Юлія Медушэўская – студэнтка БДМУ, не першы год працуе важатай, і ёй вельмі падабаецца!

 

– Раней я хадзіла на “Канікулы з Богам” як удзельніца, а пасля заканчэння школы дапамагаю тут як важатая, – расказвае Юля. – Чым большыя дзеткі, тым складаней іх чымсьці заняць. Мы арганізуем розныя гульні, абавязкова цікавімся ў дзяцей, чым яны хацелі б заняцца. Напрыклад, у пятніцу быў спартыўны дзень, аднак заданні падрыхтавалі рабятам не толькі спартыўныя, але і інтэлектуальныя. Ім спадабалася. 
 

 

 

Важаты Сяргей Кавалеўскі лічыць, што “Канікулы з Богам” – цудоўная магчымасць пабыць з дзецьмі, павучыцца ў іх адкрытасці і непасрэднасці. Сам ён з другога класа хадзіў на “Канікулы з Богам”. Цяпер стараўся знайсці для дзяцей цікавыя заняткі, арганізоўваць розныя забавы, квэсты, інтэлектуальныя гульні.

 

А дзеці з радасцю прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, што прапануюць ім старэйшыя сябры. 

 

 

– Мне тут вельмі спадабалася яшчэ ў мінулым годзе, таму зноў прыйшла сёлета, – гаворыць Варвара Рымко, дзяўчынка з другога атрада. – Мы малюем, танцуем, і нам вельмі здорава адпачываць. 

 

Згодна з Варварай Яна Стасюкевіч і многія іншыя дзеці. “Канікулы з Богам” – ім толькі ў радасць! Шкада, што доўжацца яны так мала.

 

– Кожны дзень рабяты таксама атрымлівалі садавіну і салодкія падарункі, – гаворыць айцец Вітольд. – Пачаставаць нашых дзяцей мы змаглі дзякуючы падтрымцы і дапамозе спонсараў. Вялікі ім за гэта дзякуй.
Хутка праляцелі сем дзён. Наступным летам айцы-піяры зноў будуць чакаць дзяцей на традыцыйныя “Канікулы з Богам”. Да сустрэчы!

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота Карыны РУДСКАЙ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!