Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

 

Адны з самых цікавых куткоў нашага краю часцяком не бачныя з-за трас і, бывае, да іх не вядуць спецыяльныя ўказальнікі, а толькі прасёлкавыя дарогі. Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый. У выніку падрыхтавалі для вас даведнік па старажытных сядзібах Гродзеншчыны. У некаторых з іх калісьці грымелі пышныя балі і кіпела сапраўднае свецкае жыццё, а дзесьці развіваліся трагічныя адносіны ці зараджаліся сусветныя творчыя ідэі.

 

Гісторыя сядзібы цягнецца яшчэ з XVII стагоддзя — тады ў гэтых краях пасяліліся польскія манахі-камедулы. Яны паставілі тут некалькі хатак, пасадзілі вінаграднікі, вырылі каскад з пяці сажалак. У іх, як у злучаных сасудах, да гэтага часу цыркулюе ключавая вада. На процілеглым ад яе беразе разбіты парк, ад якога да сённяшняга часу ацалела букава-грабавая алея.

У 1828 годзе ў Радзівілках пасяліўся пан Юзэф Гурскі, які і пабудаваў сядзібу. Ён гуляў у тэніс на ўласным корце, вырошчваў тытунь, а яго сын Пётр адкрыў праз дарогу крухмальны завод. Прадукцыя карысталася неймаверным попытам, і Гурскі-малодшы нават хацеў пракласці ў Гародні чыгунку, каб хутчэй адгружаць тавар.

Цяпер сядзіба Свяцк-Гурскіх — гэта ўдалы прыклад таго, як прыватная ініцыятыва можа захаваць гісторыю, змяніўшы месца. Тут можна пажыць у гасцініцы, наведаць «піўніцу» або правесці любое з пжаданых мерапрыемстваў.

Сядзіба Святаполк-Чацвярцінскіх у Шчучынскім раёне

г. п. Жалудок, вул. Міра, 10

Да пачатку Другой сусветнай вайны мястэчка Жалудок належала шляхетным родам Сапегаў, Фрацкевіч-Радзімінскіх, Тызенгаўзаў. Потым у якасці пасагу Жалудок перайшоў ва ўласнасць Тызенгаўзаў і заставаўся іх сямейным гняздом два стагоддзі. У 1907 годзе Святаполк-Чацвярцінскія, да якіх перайшоў маёнтак, вырашылі, што ім неабходна пашырацца — і задумалі «будоўлю стагоддзя» — палац у стылі неабарока.

Падчас Другой сусветнай вайны Жалудок захапілі праз тры дні пасля пачатку, а заснавальнік палаца Людвіг Святаполк-Чацвярцінскі праз час памёр у Асвенціме. У сядзібе арганізавалі вайсковы шпіталь, які пасля распаду СССР быў расфармаваны. Маёнтак перайшоў Акадэміі навук —апошнія 20 гадоў тут здымалі музычныя кліпы і кіно. Напрыклад, першы беларускі харор «Масакра».

У нашы дні сядзіба Святаполк-Чацвярцінскіх шукае надзейных ды трапяткіх гаспадароў і знаходзіцца ў пэўным запусценні. Але знакаміты маёнтак можна аглядзець як звонку, так і знутры, бо ён нібы магніт прыцягвае цікаўных турыстаў і таленавітых фатографаў. Мы рэкамендуем пачынаць шпацыр з саду (там расце амаль сотня дрэў). У самім будынку ціха і светла, можна падняцца на ўсе тры паверхі. Самае вялікае ўражанне вырабляе лесвіца — арыгінальная, якая засталася яшчэ ад Чацвярцінскіх.

Сядзіба дэ Вірыёнаў ў Бераставіцкім раёне

в. Лішкі

Французскі род дэ Вірыёнаў з’явіўся на беларускіх землях у другой палове XVIII стагоддзя. Радзівілы запрасілі Караля Юзафа Вірыёна папрацаваць лекарам у Нясвіжы. Пазней Караль Юзэф паспеў папрападаваць у Гродзенскай медыцынскай акадэміі і Віленскім універсітэце і стаць асабістым урачом Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай.

Дакладна невядома, калі Караль Юзэф набыў маёнтак Лішкі. Каменная сядзіба, якая захавалася да нашых дзён, была пабудавана нашчадкам караля, Уладзіславам, у 1883 годзе. Сядзіба будавалася на манер італьянскіх рэнесансных віл: два паверхі асноўнага будынка дапаўняла высокая асіметрычная вежа. Не абышлося без рэгіянальных асаблівасцяў: да двухпавярховай вілы а-ля Італія прымацаваны аднапавярховы будынак.

Нягледзячы на занядбанасць, сядзібны дом нядрэнна дажыў да нашых дзён без істотных перабудоў. Сёння сядзіба ў Лішках шукае інвестара.

Сядзіба Багудзенкі ў Свіслацкім раёне

г. п. Поразава, вул. Палетаева, 74/6

Першапачаткова «Багудзенкі» належалі роду Бутаўт-Анджэйкавічаў. Менавіта Тадэвуш Бутаўт-Анджэйкавіч у сярэдзіне XIX стагоддзя пабудаваў тут прасторны драўляны дом у так званым «закапанскім» стылі. Драўляны будынак плошчай больш за пяцьсот квадратных метраў мае мноства разьбяных карнізаў, аканіц і вежак. Парадны ганак упрыгожваюць калоны з мансардай, а фасад з выглядам на парк, дзе алеі і сажалкі, мае гранёны эркер з ламаным дахам.

Цікава, што ў савецкі час жыхары пасёлка Поразава выкупілі гэты будынак з надзеяй на тое, каб там размяшчалася бальніца. Так і склалася. Поразаўская бальніца праіснавала ў будынку сядзібы да 2002 года. Цяпер будынак пустуе, але вядома, што яго выкупілі інвестары для таго, каб зрабіць турыстычным цэнтрам. 

Калі паглядзець на сядзібу «Багудзенкі» з вышыні птушынага палёту, то можна ўбачыць, як захаваўся старадаўні парк. Вы на свае вочы можаце ўбачыць пышную ліпавую алею з 23 дрэў, якім ужо амаль па 200 гадоў. Дзеля гэтага варта затрымацца даўжэй у сядзібе.

Сядзіба Альбярцін у Слонімскім раёне

г. Слонім, вул. Калгасная, 4

У чатырох кіламетрах ад цэнтра Слоніма, уздоўж ракі Ісы, размяшчаецца былая сядзіба Альберцін, з 1965 года празаічна названая фабрычным пасёлкам. Пачатак ёй паклаў у першай палове ХІХ стагоддзя правадыр шляхты Слонімскага павета Войцех Пуслоўскі. Сядзіба Альберцін, названая сугучна з імем аднаго з яго сыноў, прадстаўлена некалькімі пабудовамі і паркавымі кампазіцыямі.
Унутраная прастора маёнтка зараз прыстасавана пад навучальную ўстанову. Захаваліся і іншыя будынкі сядзібы: жылы і службовы флігелі, уязная брама і прыгожы, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя з асаблівай чырвонай цэглы, будынак стайні, які сам па сабе амаль што палац.

Яшчэ пры Войцэху Пуслоўскім побач з сядзібай пачаў фармавацца магутны прамысловы комплекс. У другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя тут абгрунтаваліся каля паўтары дзясяткаў прадпрыемстваў, на якіх выраблялі сукно і шоўк, запалкі і цвікі, паперу і кардон, ткалі дываны, лілі чыгун, выраблялі цэглу, малолі муку.

Сядзіба Храптовічаў у Навагрудскім раёне

аг. Шчорсы, вул. Паркавая, 9

Асаблівую папулярнасць гэтая мясцовасць набыла ў XVIII стагоддзі, калі Іаахім Літавар Храптовіч пабудаваў тут свой маёнтак. Было вырашана ўзвесці сядзібу Шчорсы ў класічным французскім архітэктурным стылі. Будаўніцтва пачалося ў 1770 годзе і працягвалася шэсць гадоў.

Так з’явіўся прыцягальны комплекс Храптовічаў, у акружэнні парку і штучных азёр. Цэнтральнай часткай быў палац, які ўяўляў сабой аднапавярховы будынак у класічным стылі з элементамі барока. Цяпер ад яго засталася толькі невялікая частка: падвалы і гаспадарчыя пабудовы.

Рэстаўрацыя сядзібы так і не была праведзеная, але спробы яе выратавання робяцца пастаянна. Адкрыты дабрачынны фонд «Шчорсы і Храптовічы» мае мэту аднавіць гістарычную спадчыну. На тэрыторыі былога маёнтка Храптовічаў адкрыты музей-сядзіба Шчорсы.

Сядзіба Умястоўскіх у Іўеўскім раёне

аг. Жамыслаўль, вул. Садовая, 1А

У 1684 годзе ежы Ваўжынц Жамло набыў Кандрацішкі, і ўсе свае землі стаў называць у свой гонар — Жамыслаўлем. Сам Ежы быў даволі бачнай персонай у Ашмянскім павеце і займаў высокія пасады, а ў 1807 годзе Жамыслаўль выкупіў Якуб Умястоўскі. Новыя гаспадары маёнтка жылі на левым беразе Гаўі ў дыхтоўным барочным доме — з хваёвым паркетам, кафлянымі печамі. У 1863-1877 гадах на месцы старога драўлянага дома ўзвялі сапраўдны каменны палац. Велічны сядзібны дом пабудавалі па вобразе і падабенстве каралеўскай рэзідэнцыі Лазенкі ў Варшаве.

Вялікую шкоду сядзібе Умястоўскіх прынеслі войны, а пару гадоў таму там здарыўся пажар. Маёнтак моцна парушаны і з тых часоў паціху прыходзіць у заняпад.

Цяпер будынак не зачынены, але варта ведаць, што заходзіць унутр небяспечна. З вуліцы можна разглядзець маляўнічую мазаіку, якая даволі добра захавалася на падлозе ў холе першага паверха. Да палаца вядзе ліпавая алея. Абавязкова варта абысці сядзібны дом з усіх бакоў — ён стаіць практычна на абрыве над ракой і глядзіцца вельмі прыгожа.

Сядзіба Путткамераў у Воранаўскім раёне

аг. Больцінікі, вул. Азёрная

Гісторыя сядзібы цесна звязана з імем народнага паэта Адама Міцкевіча. Марыля Верашчака, любімая дзяўчына Міцкевіча, была заручана з Ваўжынцам Путткамерам, за яго ж і выйшла замуж у 1821 годзе. Маладыя муж і жонка пераехалі ў маёнтак у Больцініках. Нягледзячы на тое што Ваўжынец здагадваўся аб узаемных пачуццях сваёй жонкі і паэта, Адам Міцкевіч часта гасцяваў у сядзібе.
Гэты дом пабудаваны з чырвонай цэглы. Канчатковае афармленне ў стылі ангельскай неаготыкі сядзіба набыла ўжо пры ўнуках Марылі. Першапачаткова будынак быў больш сціплы, задуманы ў стылі класіцызм. Пры перабудове сядзібы быў выкарыстаны ранейшы падмурак, некаторыя апорныя канструкцыі. Цяпер тут чаргуюцца гатычныя стральчатыя і кругавыя аконныя праёмы.
Да сённяшняга дня захаваўся жылы дом, уязная брама, парк, гаспадарчыя пабудовы. Візіт сюды будзе карысны дарослым і дзецям, якія цікавяцца гісторыяй беларускай літаратуры. Недалёка ад сядзібнага комплексу знаходзіцца гай, які ў вершах паэт Міцкевіч называў «гаем Марылі». Тут закаханыя хадзілі на кароткія спатканні.

Сядзіба Багушэвічаў у Смаргонскім раёне

аг. Кушляны, вул. Стрыпунская, 12А

Маёнтак у Кушлянах продкі народнага паэта Францішка Багушэвіча набылі яшчэ ў 1749 годзе. Сам жа ён правёў у Кушлянах апошнія гады жыцця. Сядзіба рэканструяваная і пераўтвораная ў музей памяці пісьменніка ў 1990 годзе. Ад часу, калі ў ёй жыў паэт, засталіся некранутымі альтанка, стары парк, каменная адрына і каштанавая алея.

Алея характэрная тым, што большасць дрэў у ёй пасаджана рукамі самога Багушэвіча. У самой сядзібе адноўлена некалькі пакояў, у тым ліку гасцёўня і кабінет, дзе працаваў пісьменнік. Экспануюцца прадметы мэблі, побыту, многія іншыя асабістыя рэчы, якія некалі належалі дваранам Багушэвічам.

Адноўлены знешні выгляд музея-сядзібы Багушэвічаў выдатна перадае атмасферу канца XIX стагоддзя. 

Сядзіба Агінскіх у Смаргонскім раёне

аг. Залессе, вул. М. К. Агінскага

«Паўночныя Афіны» — так у XIX стагоддзі называлі мястэчка Залессе. Тут аўтар паланэза «Развітанне з Радзімай», кампазітар Міхаіл Клеафас Агінскі, жыў з 1802 па 1822 год, калі гэтай самай Радзімы ўжо пэўную колькасць часу не існавала на палітычнай карце.
Да пачатку XIX стагоддзя гэта быў невялікі драўляны дом з прымыкаемым да яго французскім рэгулярным паркам. Пасля пераезду сюды Міхаіл Клеафас узяўся за будаўніцтва новага мураванага палаца ў стылі класіцызм і заклаў англійскі пейзажны парк з мноствам зацішных куткоў. Да флігеля палаца прымыкалі дзве аранжарэі, дзе вырошчвалі экзатычную садавіну.

Пазней сядзіба належала розным уладальнікам. У пачатку 90-х у яе перадалі на баланс Міністэрства культуры. Сёння наведвальнікаў радавога маёнтка Агінскіх сустракаюць «жонка» Міхаіла Клеафаса Марыя Неры і «дзеці кампазітара»: дочкі Амелія, Эма, Іда і сын Ірэніюш. Гэта цяперашнія супрацоўнікі сядзібы-музея ў вобразах XIX стагоддзя праводзяць для гасцей тэатралізаваныя экскурсіі, а па асаблівых датах праводзяцца пышныя балі.

Варта звярнуць увагу, што сядзібы знаходзяцца ў розным стане — адны ў занядбаным, іншыя наадварот адбудаваныя і чакаюць з нецярпеннем турыстаў. Папярэджваем, што асаблівую ўвагу варта звярнуць на старадаўнія паркі, якія былі абавязковай часткай любой сядзібы. Некаторым з іх сотні гадоў. Там вы можаце пагуляць, атрымаць асалоду ад прыгажосці месца і прасякнуцца атмасферай багатай гісторыі краю. Тым больш паглядзіце, якая прыгожая выдалася восень!

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!