Стадаляны – вёсачка руплівых гаспадароў
І зноў мы ў дарозе. На гэты раз яна прывяла нас у Васілішкаўскі сельсавет, у невялікую вёсачку Стадаляны. Заехаць сюды параіла старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Тамара Іванаўна Зубрыцкая. Яна і сама чакала нас ля дома старэйшай жыхаркі Стадалян – Ганны Пятроўны Мазуркевіч, якая сёлета адзначыла свой 93-ці дзень нараджэння.
– Ганна Пятроўна – мая першая памочніца, – крыху здзівіла Тамара Іванаўна. – Так-так, нягледзячы на паважаны ўзрост, любую пасільную просьбу гатова выканаць. І людзі яе паважаюць.
А Ганна Пятроўна ўжо сустракала нас у сваёй чысценькай утульнай хатцы. Нават і не скажаш, што гэтай акуратнай малажавай бабульцы ўжо за дзевяноста.
На роднай зямлі і дыхаецца па-асобаму
– У Стадаляны прыехала, калі мне было чатырнаццаць гадкоў, – расказвае Ганна Пятроўна. – Так атрымалася, што да гэтага жыла ў вёсцы Нявіша ў сваіх дзядулі і бабулі. Вучылася ў школе ў Прымаках, там і закончыла сем класаў. Цяжка захварэла мама і хутка пайшла з жыцця. А я пераехала да таты ў гэту вёску. Тут яшчэ жыў мой малодшы брат. Толькі і тата нядоўга затрымаўся на гэтым свеце… І засталіся мы зусім адныя.
Адразу пасля школы мама аддала Ганну Пятроўну вучыцца шыць. Дзяўчынка хутка засвоіла гэту навуку і трэба сказаць, што атрымлівалася ў яе нядрэнна. Гэта і дапамагло ім з братам выжыць, калі засталіся без бацькоў. Дзяўчына шыла вяскоўцам вопратку, а яны ў сваю чаргу дапамагалі, чым маглі.
– Колькі ў вёсцы было дзяўчат – усе насілі сукенкі, якія я шыла, – расказвае бабуля. – Калі яны замуж ішлі, я ім ўсім вясельныя ўборы майстравала і фату кожнай прыдумвала – такая ў мяне была здольнасць. А яшчэ і вышывала сама, і ткала…
У Стадалянах сустрэла Ганна Пятроўна і свайго мужа. Нарадзіліся ў маладых двое дзетак: дачушка і сынок. Дзеці выраслі, вывучыліся і пакінулі бацькоўскае гняздо. Дачка закончыла медыцынскае вучылішча, цяпер ужо на пенсіі, але яшчэ працуе старэйшай медсястрой у адной з абласных бальніц, а сын атрымаў прафесію ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце і цяпер займае пасаду генеральнага дырэктара ААТ “ГроднаАблсельгастэхніка”. Цяпер у бабулі тры ўнучкі і дзве праўнучкі.
І ў свае дзевяноста тры Ганна Пятроўна не можа сядзець без справы. Як ні просяць дзеці паберагчы сябе, не мыць бялізну, агарод не палоць, парадкі не наводзіць, хіба ж яна паслухае?! Сын нават ножкі ў крэсла абрэзаў, каб матулі было бяспечна: у мінулым годзе яна ўбачыла ў куточку павуцінку і вырашыла абавязкова зняць яе. З крэсла не дастала, дык на стол забралася. У выніку ўпала і зламала руку. І гэта пры тым, што ў маладосці яна вельмі баялася вышыні.
– Толькі ў гіпсе сядзець я катэгарычна адмовілася, – гаворыць Ганна Пятроўна. – І як доктар мяне не ўгаворваў, я не згадзілася. А ў мяне была святая вадзічка, якую мне прывёз ксёндз Зэнон Рамэйка. Я тою вадзічкаю мазала руку, і яна зраслася вельмі хутка. І сёння я ўсё ёю раблю.
Слухала Ганну Пятроўну і не пераставала здзіўляцца. Яна сама вырошчвае расаду, поле гарод, садзіць каля дома кветкі. А яшчэ … дэкламуе вершы, якія вучыла некалі ў школе, помніць усе песні, што спявала яе бабуля, калі прала кудзелю! І як сама гаворыць, умее зрабіць “розну дэкарацыю” – разам з іншымі жанчынамі ўпрыгожвала мясцовую каплічку, куды вяскоўцы ходзяць на службу кожную суботу. А ў маладосці майстравала з паперы цудоўныя кветкі.
Усё сваё жыццё Ганна Пятроўна была гаспадыняй адмысловай: і пячэнні розныя выпякала і пірагі вельмі смачныя, на вяселлях дапамагала гатаваць ежу. І не толькі па доме ўсю работу паспявала зрабіць – заўсёды трымалі вялікую гаспадарку – але і ў мясцовым калгасе працавала малаказборшчыцай. Нават граматы атрымлівала за добрасумленную працу. І калі муж пайшоў з жыцця, а гэта ўжо амаль сорак год таму, яшчэ доўга даглядала карову і іншую жывёлу. Цяпер ужо, канечне, сілы не тыя
Перад тым, як развітацца, Ганна Пятроўна прадэманстравала мне свой агародзік, памідоркі, якіх зашмат вырасла з расады, і цяпер бабулька перажывае, куды іх прыстроіць, каб не загінулі. А яшчэ адна праблема – дзе знайсці новага ўладальніка для кніг, якія яна беражліва захоўвае на паліцах…
– Суседзі ў мяне вельмі добрыя – сям’я Жолікаў, заўсёды ўсім дапамогуць, – на маю заўвагу, што жыць адной у такім узросце ўжо цяжкавата, адказала Ганна Пятроўна. – А да дзяцей не хачу, хоць яны і клічуць пастаянна. Тут мая хатка, тут мая родная зямелька. Тут мне нават дыхаецца па-асобаму…
Амаль шэсць дзесяцігоддзяў разам
Данута Адамаўна і Юзэф Юзэфавіч Жолікі аказаліся людзьмі вельмі прыемнымі, шчырымі і працавітымі.
– Мы – мясцовыя, – расказвае Данута Адамаўна. – Нашы сем’і жылі на хутарах, непадалёку. Адзін аднаго мы ведалі задоўга да таго, як пажаніліся. Разам на танцы хадзілі сюды ў Стадаляны. Сям’ю мы стварылі ў 1961-ым годзе, ужо 57 гадоў жывём душа ў душу.
– А я да гэтай пары вельмі люблю сваю Данусю, яна ў мяне – самая лепшая, – гэтае кранаючае прызнанне Юзэфа Юзэфавіча, па ўсім відаць, зусім не здзівіла Дануту Адамаўну, якая таксама цэніць і шануе свайго мужа і ганарыцца ім.
– Наша сям’я вялікая, на святы збіраюцца дзеці, ўнукі – усіх чалавек дваццаць, – гаворыць Данута Адамаўна. – І праўнукаў у нас ужо сем. Ці ж ёсць большае шчасце?
Пасля заканчэння школы Данута Адамаўна працавала ў паляводстве, а затым касірам у канторы калгаса імя Суворава. Калі нарадзіліся дзеці, прыйшлося пакінуць работу – не так-та проста вырасціць двух сыноў і дзвюх дачушак. А Юзэф Юзэфавіч і на трактары шчыраваў, і на камбайне. Калі на пенсію выходзіў, старшыня гаспадаркі яму нават трактар падарыў за выдатную работу. Цяпер гэта тэхніка з усімі прыладамі перайшла да малодшага сына, які жыве ў Лычкаўцах, дарэчы, перадавога камбайнера ААТ “Васілішкі.
Нягледзячы на тое, што здароўе ўжо крыху падводзіць, Данута Адамаўна і Юзэф Юзэфавіч яшчэ вырошчваюць курачак і трусоў, садзяць гарод. І корм для курэй – пшаніцу – таксама сеюць. Удзячны яны кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі, што ўбраць вырашчаны ўраджай дапамагае – выдзяляе камбайн руплівым гаспадарам.
Раней, калі выдавалася свабодная хвілінка, Данута Адамаўна вязала шкарпэтачкі, кофты і іншыя рэчы. Цяпер пачаў падводзіць зрок і любімы занятак прыйшлося пакінуць.
– А вось учора да нас прыехалі работнікі Шчучынскай бібліятэкі з рознымі кнігамі і часопісамі, – гаворыць Данута Адамаўна. – Дык я шмат набрала – люблю чытаць.
На надворку ў маіх суразмоўцаў – чысціня і парадак, адчуваецца гаспадарская рука. Юзэф Юзэфавіч – вялікі аматар тэхнікі і ўсё можа зрабіць сваімі рукамі. Дом для сваёй сям’і таксама сам пабудаваў.
А на сонейку чакае сваёй чаргі для пасадкі расада кветак. Пакуль яшчэ не сезон, а вось праз некаторы час увесь двор будзе патанаць у прыгожых кветках, вырашчаных рукамі Дануты Адамаўны.
Я шчыра ад усёй душы пажадала гэтым прыемным людзям моцнага здароўя і доўгіх год жыцця разам. Іх сям’я – сапраўдны прыклад таго, як трэба ўмець шанаваць адзін аднаго.
Дбайныя гаспадары
– Мы купілі дом у Стадалянах і пераехалі сюды амаль пяць год таму, – расказваюць Гэлена Вацлаваўна і Станіслаў Іосіфавіч Теслюкевічы. – Раней жылі непадалёку – у Біцеўцах. А тут і аўтобус ходзіць, і на работу ў Васілішкі мужу лягчэй дабірацца было. Цяпер ён ужо на пенсіі, а працаваў у калгаснай будаўнічай брыгадзе.
– Нічога не магу сказаць дрэннага пра свайго Станіслава, – кажа Гэлена Вацлаваўна. – І працавіты, і мяне ніколі не крыўдзіў, і чалавек добры, майстравы. Мы ж сюды як пераехалі, дом самі абуладкоўваць пачалі. І фарбавалі, і штосьці рамантавалі. Участак апрацавалі, цяпер вось гарод пасадзілі.
Сын Гэлены Вацлаваўны і Станіслава Іосіфавіча жыве разам з бацькамі, працуе ў мясцовай гаспадарцы ў паляводстве. А ў дачкі – свая сям’я, і жывуць яны ў Ражанцы.
– Заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, – сумуе па тых часах Гэлена Вацлаваўна. – І па тры каровы, і гусі, і качкі, і куры, і авечкі, і конь быў. Ніколі не думала, што калі-небудзь буду жыць без каровы. Прыйшлося ўсё прадаць – здароўе ужо не дазваляе. І тут вяскоўцы толькі курэй трымаюць.
Калі знойдзецца свабодная хвілінка, Гэлена Вацлаваўна любіць і тэлевізар паглядзець, і пачытаць штосьці. Як кажа сама – ёй усё цікава. А самае вялікае яе захапленне – кветкі. Чаго толькі не ўбачыш летам у яе прыгожым кветніку! А дома адразу кідаюцца ў вочы дзіўныя вышыванкі – адразу відаць, што працавала над імі сапраўдная майстрыха.
А вось Станіслаў Іосіфавіч – грыбнік заядлы. Любіць з кошыкам пахадзіць па лесе, нават нягледзячы на тое, што ў месцы грыбныя трэба ехаць на веласіпедзе за кіламетраў дзесяць.
Непадалёку ад дома пасадзіў Станіслаў Іосіфавіч маладзенькія бярозкі. Праз некалькі год яны вырастуць і нададуць яшчэ большую прыгажосць дагледжанаму дворыку сям’і Теслюкевічаў. Няхай у Стадалянах становіцца ўсё больш такіх дбайных гаспадароў, каб не пуставаў ніводны дом, а сядзібы пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі ад прыгожых кветак.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.