“Срэбра” ў нашых гандбалістаў. У Шчучыне прайшоў заключны этап чэмпіянату Гродзенскай вобласці па гандболе сярод мужчынскіх каманд
На гэтых выхадных у Шчучыне праходзіў заключны этап чэмпіянату Гродзенскай вобласці па гандболе сярод мужчынскіх каманд. Сёлета за медалі спаборніцтва змагаліся чатыры каманды: “Шчучын”, “Ашмяны”, а таксама гродзенскія “ГрДУ” і “Авангард”.
“Фінал чатырох” праходзіў у два дні. У суботу, 5 кастрычніка гуляліся паўфіналы ў якіх за выхад у фінал змагаліся дзве пары: “Ашмяны” – “Шчучын” і “ГрДУ” – “Авангард”.
Спаборніцтвы адкрываліся гродзенскім “дэрбі”. “Авангард” і “ГрДУ” не толькі змагаліся за пуцёўку ў фінал, але і біліся за званне лепшага аматарскага калектыву нашага абласнога цэнтра. Вынікі матча былі наступныя: пасля двух таймаў лік на табло 34:25 засведчыў перамогу і выхад у фінал каманды “Авангард”.
У другім суботнім матчы “Шчучын” і “Ашмяны” вызначалі яшчэ аднаго фіналіста. У гэтым двубоі мацнейшай аказалася наша каманда. У напружаным матчы шчучынцы з лікам 25:21 перамаглі ашмянскіх гандбалістаў і, такім чынам, упершыню ў гісторыі гарантавалі сабе месца ў тройцы прызёраў чэмпіянату Гродзенскай вобласці.
Другі дзень спаборніцтваў пачынаўся з гульні за трэцяе месца, у якім за бронзавыя медалі змагаліся каманды “ГрДУ” і “Ашмяны”. З розніцай у тры мячы перамогу ў матчы і выніковае трэцяе месца вырвалі ашмянцы. Лік сустрэчы быў 24:21.
У апошнім матчы двухдзённага турніру вызначаўся чэмпіён вобласці. У пачатку сустрэчы “Шчучын” і “Авангард” ішлі роўна, аднак да канца першага тайма лік на табло быў 6:12 на карысць гасцей з Гродна. У другой частцы матча нашым землякам не ўдалося пераламіць хаду гульні і таму фінальны вынік сустрэчы быў 14:27 на карысць гродзенцаў.
Па выніках “фіналу чатырох” прызавыя месцы чэмпіянату Гродзенскай вобласці па гандболе размеркаваліся наступным чынам: трэцюю п’едэстальную прыступку заняла каманда “Ашмяны”, срэбраныя медалі ўзяў “Шчучын”, а чэмпіёнам вобласці стаў гродзенскі “Авангард”.
Лепшымі гульцамі ў складзе шчучынскай каманды былі прызнаны Дзяніс Тарасевіч і Дзмітрый Ануфрык.
Цырымонію ўзнагароджвання адкрываў загадчык сектару спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дзмітрый Кірылаў. Ён павіншаваў удзельнікаў турніру:
– Прыемна, што ў гэтым годзе федэрацыя гандбола даверыла Шчучыну правядзенне “фіналу чатырох”, удвайне прыемна, што ў заключным турніры ўзяла ўдзел і наша каманда. Віншую ўсіх з заканчэннем турніру, жадаю, каб у наступным годзе вы павысілі сваё майстэрства і паказалі яго ў нас, у Шчучыне.
Вынікі шчучынскай гандбольнай каманды пракаментаваў яе галоўны трэнер Герман Байчароў:
– Гульню нашай каманды на працягу сезона і ў фінальным турніры ацэньваю на “выдатна”. Другое месца на вобласці – гэта лепшы вынік за ўсю гісторыю Шчучынскага гандбола ўвогуле. Асабліва прыемна тое, што ў гэтай камандзе гуляюць нашы шчучынскія хлопцы, тут тры пакаленні маіх выхаванцаў. У гэтым годзе ў нас атрымалася сабраць баяздольную каманду, таму на наступны сезон ставім мэту захаваць калектыў, трэніравацца і змагацца за першае месца.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.