«Срэбны камертон» прынёс срэбра

Вучаніца пятага класа Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў Лізавета Чарнова вярнулася з перамогай з прэстыжнага XII Міжнароднага конкурсу інструментальнай і вакальнай музыкі «Срэбны камертон», які прайшоў у Санкт-Пецярбургу. У намінацыі “Фартэпіяна” Ліза заваявала другое месца. 

Па-за кадрам – падрыхтоўчая праца таленавітай вучаніцы і выдатнага педагога Ірыны Валер’еўны Ерашэвіч. 
– Наш удзел у конкурсе – сапраўдная авантура, аднак мы вырашылі паспрабаваць свае сілы, – прызнаецца Ірына Валер’еўна. – Праходзіў конкурс у Дзіцячай школе мастацтваў Яўгена Мравінскага. Паверце, выйсці і выступіць перад народнымі артыстамі Расіі, педагогамі Санкт-Пецярбургскай і Маскоўскай кансерваторый, Расійскай акадэміі імя Гнесіных – гэта ўжо ўчынак. Журы ацэньвала выступоўцаў як будучых прафесійных музыкаў: прад’яўляла высокія патрабаванні да слыхавога аналізу твора. Мы змаглі даказаць, што і ў невялікім горадзе можна выхаваць таленавітага музыканта.
На конкурс з’ехаліся юнакі і дзяўчаты не толькі з Беларусi і Расіі, але і маладыя выканаўцы з Прыбалтыкі, таму канкурэнцыя была вельмі вялікай. 
Ліза прызналася, што засталася задаволена сваім выступленнем. Да таго ж дзяўчынка атрымала бясцэнны вопыт падчас правядзення майстар-класаў.
У захапленні юная шчучынка засталася ад Санкт-Пецярбурга і яго славутасцей. 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!