Спрацавалі бяспечна і чыста - гродзенскія сапёры на гэтым тыдні займаліся зносам закінутага недабудаванага будынка

На гэтым тыдні многія гараджане чулі гучныя выбухі, якія рэхам разыходзіліся па ўсім райцэнтры: гэта дзейнічалі гродзенскія сапёры, якія займаліся зносам закінутага недабудаванага будынка ля раённай бальніцы.

 

-- Такія “даўгабуды” часта аблюбоўвае дзятва для сваіх гульняў, што можа прывесці да траўматызму, таму кіраўніцтва Шчучынскага раёна выклікала нас, каб вырашыць праблему, -- гаворыць ваеннаслужачы 557-й інжынернай брыгады г. Гродна маёр Вячаслаў Вячаслававіч Будзейка. – Мы прыбылі на месца, агледзелі аб’ект і зразумелі, што разбурыць яго будзе няпроста: жалезабетонная зварная канструкцыя з’яўляецца адной з самых устойлівых да знешняга ўздзеяння.

 

На працягу трох дзён гродзенскія сапёры вялі падрыўныя работы. Праваахоўнікі, выратавальнікі і работнікі АДАІ арганізавалі ачапленне, каб на аб’ект ніхто не трапіў. Таксама побач дзяжурылі медыкі. Сапёры спрацавалі вельмі чыста і якасна: нягледзячы на магутнасць выбухаў, ніводнае шкло ў бліжэйшых дамах не было выбіта ўдарнай хваляй.  

 

 

-- Мы заклалі зарады пад усе апорныя канструкцыі і правялі дэтанацыю на бяспечнай дыстанцыі, аднак будынак паддаўся не адразу, -- працягвае Вячаслаў Вячаслававіч Будзейка. – Некаторыя канструкцыі давялося бурыць пры дапамозе “Амкадора”, каб не дапусціць шырокага раскідвання асколкаў. У выніку ўсё прайшло гладка, і на нас не паступіла ніводнай скаргі ад насельніцтва. Хутка гэтыя руіны будуць убраны, і мясцовае кіраўніцтва зможа задзейнічаць вызваленую плошчу з карысцю для горада.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!