Спажывецкая кааперацыя запатрабавана і патрэбна людзям

 

Са з’яўленнем на гандлёвым мерыдыяне сеткавых крамаў, гіпер- і супермаркетаў той-сёй загаварыў пра ролю спажывецкай кааперацыі: маўляў, навошта цяпер гэта сістэма… Аднак час і жыццё паказалі, што яна не толькі патрэбна людзям, але і запатрабавана.

 

А тое, што ў гандлі ёсць канкурэнцыя, не перашкаджае працаваць, сцвярджае дырэктар Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Вануш Навасардзян.

 

– Спажывецкая кааперацыя і ў будучым будзе запатрабавана! Колькі б гандлёвых сетак ні было. Ні адзін свой магазін мы з-за канкурэнцыі не закрылі, – запэўнівае Вануш Рубікавіч. – З’яўленне новых гандлёвых аб’ектаў толькі стымулюе развіццё нашай сістэмы і нацэльвае на ўдасканаленне фармату яе работы, павышэнне якасці паслуг, зніжэнне цэн.

 

Такая пазіцыя кіраўніка, што важна, аргументавана:

 

– Ёсць куточкі раёна, дзе прысутнічаем толькі мы. Сеткавыя ж магазіны і ІП адкрываюцца ў мнагалюдных Астрыне і Жалудку, у прыгарадных Тапілішках, і ў Каменцы гатовы гандляваць – там моцная гаспадарка, добрыя заробкі… А вось Орлеўскі сельсавет іх не вельмі цікавіць. А мы, як сацыяльна адказная структура, не можам пакінуць людзей без гандлёвых паслуг. Таму 25 нашых магазінаў сёння працуюць у населеных пунктах з насельніцтвам да 150 чалавек. Да таго ж штодзень калясяць па раёне 12 аўтакрамаў. А яны не тое што ў вёсачку з дзесяццю жыхарамі заязджаюць (абслугоўваюць у раёне 338 вёсак, а ўсяго – больш за 420), але і тую, дзе адзіны жыхар, не абмінаюць! Сочым, каб і цана адэкватная была, і асартымент дастойны. І пра аўтамабілі дбаем: штогод абнаўляем, да канца 2023-га мяркуем замяніць увесь аўтапарк.

 

Стацыянарны гандлёвы сегмент Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства – гэта 70 магазінаў. У апошнія два гады 43 з іх аўтаматызаваны: цяпер усе працэсы тавараабароту ажыццяўляюцца з адной кропкі. Між іншым, па тэмпах аўтаматызацыі філіял – у тройцы лепшых у рэспубліцы!

 

Аднак тут не жывуць адным гандлем. Працуюць таксама 7 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, 5 вытворчых аб’ектаў (4 – у нашым раёне і адзін у Скідзелі), 7 нарыхтоўчых пунктаў. І кожны з іх займае сваю нішу, старанна ўтрымлівае пазіцыі на спажывецкім рынку. Больш таго: сёння менавіта нарыхтоўчая і прамысловая галіны на першым месцы па даходах.

 

У апошнія два-тры гады філіял узмоцнена развівае ўласны прамысловы сектар, звязаны з перапрацоўкай мяса. Найперш мадэрнізавалі два цэхі – паўфабрыкатаў і забойны. Экспарт мясной прадукцыі ў расійскія рэгіёны павялічылі ў тры разы. Ад рэалізацыі прадукцыі атрымалі 700 тысяч рублёў, чысты прыбытак склаў 230 тысяч. І гэта вельмі добры ўнёсак у агульны фінансавы вынік, ад якога залежыць дабрабыт усіх 495 работнікаў філіяла.

 

Між іншым, у мінулым годзе да Шчучынскага філіяла далучылі аб’екты гандлю Гродзенскага. Так што цяпер хлебазавод у Скідзелі мясцовы толькі па прапісцы. У зону абслугоўвання нашых кааператараў трапілі таксама Азёры, Парэчча і іншыя населеныя пункты суседняга раёна.

 

– Каманда наша моцная, сярод лідараў у вобласці і на добрым рахунку ў Белкаапсаюзе, – задаволены дырэктар. – Толькі летась выкананне асноўнага аб’ёмнага паказчыка да ўзроўню 2020 года склала 114,1 працэнта, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі – 1,89 працэнта. Што і дазволіла аказацца ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва. Усім работнікам дзякую за добрасумленную працу, за вернасць філіялу і спажыўкааперацыі!

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!