Спадчына матчыных рук. Як Яніна Тарас з Турэйска стварае сапраўдныя творы мастацтва

 

За сваё доўгае жыццё 77-гадовая жыхарка вёскі Турэйск Яніна Тарас выткала і вышыла больш за сотню прыгожых радзюшак, ходнікаў, ручнікоў, абрусаў, сурвэтак, навалачак, звязала безліч рэчаў. Простая сялянская жанчына, чые рукі зведалі цяжкую працу і самабытнае мастацтва, захавала ў сваіх вырабах прыгажосць Прынёманскага краю і спадчыну продкаў.

 

Нарадзілася Яніна ў вёсцы Борці ў 1949 годзе. У сям’і было пяць дзяцей. Бацькі працавалі ў калгасе, але кожную вольную хвіліну аддавалі творчасці. Тата, Уладзімір Антонавіч Мазоль, быў адмысловым майстрам па вырабе валёнак і валёначак. Мама, Марыя Францаўна, шыла, прала і ткала, як многія тагачасныя кабеты. Гледзячы на іх, дзяўчынка таксама пачала ствараць рукатворную прыгажосць. Не дзіва, што пасля восьмага класа Сарокінскай школы бацькі адправілі яе вучыцца швейнай справе да вядомай на ўсю акругу швачкі.

 

 

-- Вучыцца мне падабалася, і шыць падабалася, -- успамінае Яніна Уладзіміраўна. – А дзеля заробку па вечарах прыбірала памяшканне клуба, потым працавала на ферме ў Петрашках, 15 кароў рукамі даіла. Працавала цяжка, ніякай механізацыі тады не было, а адказнасць – вялізная.

 

У 1969 годзе каравокая прыгажуня пазнаёмілася з Віталём Тарасам з Турэйска. Лёсавызначальная сустрэча вылілася ў доўгі моцны шлюб. Яня прыйшла ў прынёманскую вёску з адмысловым “пасагам” – вытканымі ды вышытымі ручнікамі, абрусамі, навалачкамі, прасцінамі з падзорамі. Захапленне сваё не кінула, хаця гадавала трох дзетак, у калгасе працавала, падтрымлівала сямейны ачаг, вяла хатнюю гаспадарку ды агарод даглядала.

 

 

-- Турэйскія жанчыны ткалі посцілкі-“паўтрацёўкі”, -- расказвае Яніна Уладзіміраўна. – Такія прыгожыя, агромністыя. І я навучылася. Была цудоўная кампанія: маладыя, спрытныя Фаня Парфіновіч, Геня Іванчык, Надзя Тарас, Шура Грыц. У каго хата паболей -- там і збіраліся (кросны былі амаль у кожнай хаце, а адна такую работу не зробіш, толькі супольна). Ткалі, спявалі, абмяркоўвалі справы і жыццё, дзяліліся рацэптамі. Дарэчы, аснова посцілкі – лён, а выткана яна ваўнянымі ніцямі, якія спецыяльна фарбавалі, каб кветкі былі рознакаляровымі.

 

 

З-пад рук Яніны Уладзіміраўны выходзілі радзюшкі, што паўтараюць узоры беларускіх лугоў, абрусы, дзе кожная лінія – сведчанне пра любоў да зямлі, а колер – вясновыя кветкі, летнія ягады, восенькае лісце і бялюткія снежныя пейзажы. Пашытыя яе рукамі спадніцы і сукенкі насілі многія вясковыя модніцы, а вязаныя рэчы сагравалі ўсю сям’ю.

 

 

З мужам Яніна Уладзіміраўна пражыла 54 гады. Ён адышоў у вечнасць два гады таму, пакінуўшы добрую памяць пра сябе ў сэрцах жонкі, дзяцей і аднавяскоўцаў. Дзеці выраслі дружныя, працавітыя. Старэйшы сын Сяргей – пенсіянер РАУС, жыве ў Шчучыне, дачка Іна шчыруе на сучасным прадпрыемстве „Конте Спа” ў Гродне, малодшы сын Барыс жыве ў суседняй Орлі і працуе ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс”. Двое дарослых унукаў і праўнук Дамір, прыязджаючы на вёску, з асалодой слухаюць гісторыі бабулі пра колішняе жыццё. А на святы за агромністым бацькоўскім сталом збіраецца ўся сям’я – дванаццаць чалавек. Румяныя пірагі, рулеты, бліны і іншыя прысмакі ад матулі – найсмачнейшыя на свеце!

 

 

Некалькі год таму добрая жанчына з сынам выхадзілі-выкармілі бусліка Федзю, які выпаў з гнязда, і нават навучылі лятаць. Праз гэта сталі “зоркамі” многіх рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ. І цяпер кожную вясну, дачакаўшыся прылёту белых птушак, шукаюць сярод іх свайго гадаванца.

 

 

… Яніна Уладзіміраўна з гонарам паказвае свой “скарб” – сапраўдныя творы мастацтва, вырабленыя напрацаванымі рукамі. Кожны выраб – сімвал адыходзячай эпохі, сведчанне пра людзей і падзеі, што адбываліся на яе вяку. У кожным узоры -- частка душы і любоў да мясцін, дзе нарадзілася і жыве. Пры гэтым яна не лічыць сябе майстрыхай (кажа, раней кожная вясковая кабета магла стварыць падобнае), для яе гэта – нягучны спосаб расказаць гісторыю свайго жыцця.

 

 

 

Ала БІБІКАВА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!