Сонца не ўзыдзе – газета выйдзе!

Людзі старэйшага ўзросту дакладна памятаюць, што да 90-х гадоў мінулага стагоддзя на першым паверсе рэдакцыйнага будынка па вуліцы Гастэлы, 5 знаходзілася шчучынская друкарня. Раённую газету-чатырохпалоску тры разы на тыдзень друкавалі тут жа, на месцы. Станкі нагадвалі часы Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, аднак не падводзілі ніколі. “Сонца не ўзыдзе, а газета выйдзе!” – гэты крылаты выраз быў нібы дэвіз і для тых, хто пісаў артыкулы, і для тых, хто друкаваў ужо звёрстаныя, адлітыя ў метале палосы.

 “Танк” друкарні – лінатып 
Хто сёння памятае пра монстраў прагрэсу, «танкі» друкарняў – лінатыпы? Тыя грозныя на від машыны ў гарачым метале адлівалі нашы сэрцам напісаныя радкі. І было ў гэтым штосьці велічна-маналітнае, значнае і незабыўнае. 
Вырабленыя на лінатыпным заводзе ў Ленінградзе савецкія «агрэгаты» маглі выдаваць 16 радкоў набору ў хвіліну. Для параўнання, лепшыя мадэлі лінатыпаў ЗША і ФРГ выдавалі 14-15 радкоў. 
– Мы з дзяўчатамі (а так па-свойску называлі ў калектыве ўсіх работніц друкарні незалежна ад іх узросту) з заміраннем у сэрцы не раз стаялі ля лінатыпа і разважалі: хто ж прыдумаў такую складаную і разумную машыну?! – узгадвае былая брыгадзір Галіна Пятроўна Рыбак. – Па-сапраўднаму адчуваў яе і быў тэхнічна «падкаваным» адзін са старэйшых нашых калег, ветэран Вялікай Айчыннай вайны лінатыпіст Аляксей Уласавіч Долдзін – чалавек нешматслоўны, але вельмі адданы працы. 


Памятаецца і змена пакаленняў: у Шчучын напачатку 80-х прыехалі дзве маладыя лінатыпісткі – прыгажуні-расіянкі Таня Цімохіна і Галя Спірыдонава. Цяжкавата ім прыходзілася ў беларускамоўнай газеце. Між іншым, ад узроўню граматыкі лінатыпісткі вельмі многае залежала. Бо тэкст, адразу беспамылкова набраны з арыгінала, адпадала патрэба правіць уручную, замяняючы адны металічныя літары на другія. Работа ой якая карпатлівая!
Аднак выпускніцы паліграфічнага вучы­лішча вельмі хутка асвоілі і нашу мову, і нашы традыцыі, да ўсяго выйшлі замуж за шчучынскіх юнакоў і стварылі сем’і. Сёння Таццяна Сяргееўна Танкевіч і Галіна Барысаўна Санюк (прозвішчы пасля шлюбу, зразумела, сталі мясцовымі) і самі могуць многае расказаць з гісторыі Шчучынскай друкарні.
Што ж вы так, таварыш метранпаж?..
Увогуле поспех любога выдання ў ХХ стагоддзі – будзь то рэспубліканская, абласная ці раённая газета – поплеч з пішучай браціяй вызначалі кадры друкарні. 
Метранпаж… З французскага – вярстальшчык, старшы наборшчык, які ажыццяўляў вёрстку палос набору. Наборшчыкі 5-га разраду былі на вагу золата. За іх рэдактары вялі сапраўдныя войны, абяцаючы прэміі, добрыя зарплаты і кватэры. 


Надзея Віктараўна Жук (на вялікі жаль, няма ўжо яе ў зямным жыцці) была сапраўдным прафесіяналам, умела і любіла вярстаць газету. Работа гэта прыпадала на другую палову дня, а то і на познія вячэрнія часы, калі ўжо апошнія сілы былі на зыходзе. Працу ў друкарні не назавеш лёгкай, вытворчасць тут лічылася шкоднай.
Дык вось: аднойчы зімовым вечарам невысокая, рухавая Надзя спатыкнулася на парозе цэха і з яе рук выпала цяжкая жалезная «скрыня», дзе ўтрымліваліся ўжо звёрстаныя артыкулы цэлай паласы. Металічныя радкі разляцеліся ў розныя бакі. Да апоўначы іх збіралі-складвалі і друкары, і дзяжурны карэспандэнт, і ўласнай персонай рэдактар Абрам Данілавіч Змудзяк, які адносіўся і да газеты, і да яе супрацоўнікаў, нібы да ўласных дзяцей.
У тую ноч друкарскія машыны былі запушчаны са значным спазненнем, але тыраж (а ён дасягаў 10 тысяч экзэмпляраў: колькасць насельніцтва ў раёне была значна большай, дый нумар газеты каштаваў усяго 2 капейкі) да раніцы быў надрукаваны цалкам! Паштальёны своечасова даставілі «Савецкую вёску» сваім чытачам.
Перадавы вопыт да Масквы давядзе
– Я прыйшла ў Шчучынскую друкарню амаль адразу пасля заканчэння школы. Спачатку была рэзчыкам паперы, але вельмі цікавілася тымі спецыяльнасцямі, якімі валодалі старэйшыя таварышы па працы – друкары, наборшчыкі, вярстальшчыкі, – расказвае Г.П. Рыбак, з якой мы сустрэліся напярэдадні Дня друку. – На работу заўсёды ішла з вялікім задавальненнем, з добрым настроем. 
Так склалася, што энергічнай, з дзелавой стрункай і добрымі арганізатарскімі здольнасцямі Галіне Пятроўне прапанавалі прыйсці на змену брыгадзіру ўчастка Генадзію Феліксавічу Кахновічу. На той час трывала замацавалася клішэ: друкарню павінен ўзначальваць менавіта мужчына. А тут – жаночая альтэрнатыва.
Галіна Пятроўна Рыбак не проста справілася, а вывела работу Шчучынскага ўчастка Гродзенскай узбуйненай друкарні (такі статус у апошнія гады мела наша друкарня) на новы віток. Тут асвоілі майстэрства друкаваць усемагчымыя бланкі, біркі для прадукцыі завода «Аўтапровад», этыкеткі для харчовых тавараў, канцылярскія кнігі і журналы. Заказаў было хоць адбаўляй. Шчучынскія друкары працавалі з прыбыткам, якасна, імкнуліся любой цаной своечасова выканаць даручанае заданне. А Г.П. Рыбак запрашалі падзяліцца вопытам да калег-мастаўчан, у іншыя друкарні вобласці. Прымала яна ўдзел і ва Усесаюзным злёце друкароў у сталіцы СССР – горадзе Маскве.
– З удзячнасцю ўспамінаю цудоўных людзей, з якімі давялося працаваць у тыя далёкія ўжо часы, – Надзею Галонскую, Ванду Пацук, Ніну Хвайніцкую. Крыху пазней да нашай браціі далучыўся Сяргей Андрыясаў, Вячаслаў Казнадзей, Вольга Аліхвер, Ганна Чапля і многія іншыя. Усё гэта добрасумленныя, працавітыя людзі, якія ўмеюць сябраваць і прыйсці на дапамогу ў складаную часіну.
Прагрэс робіць сваю справу 
Пачынаючы з 90-х гадоў мінулага стагоддзя забралі ў музеі і на металалом лінатыпы. Ім на змену прыйшлі фотанабор і камп’ютарная вёрстка. Афсетны друк стаў канкурэнтам маральна састарэлых друкарскіх станкоў, што груваздка мясціліся на першым паверсе рэдакцыйнага будынка. Шчучынскі ўчастак друкарні падпаў пад скарачэнне. Большасць работнікаў перакваліфікаваліся, хтосьці пайшоў на пенсію, кагосьці запрасілі працаваць у Гродна.
Цяпер тыраж «Дзянніцы» друкуецца на сучасным абсталяванні абласной друкарні. Газетныя палосы вярстаюцца на камп’ютары ў нашай рэдакцыі, па электроннай пошце адпраўляюцца ў Гродна, а там кожная з будучых газетных старонак выводзіцца на металічную пласціну і перадаецца ў друкарскі цэх. 
20 хвілін – і тыраж «Дзянніцы» гатовы. Прымай, чытач! Ні табе пароў свінцу, ні філіграннай ручной працы, ні цяжкіх фізічных высілкаў… 
Аднак нялёгкая праца ветэранаў друку, іх вопыт не прапалі – паслужылі ўзорам для лепшых традыцый, ляглі ў падмурак выдавецкай работы. Газетная справа жыве. Нягледзячы ні на што. Так было і так будзе.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!