Снежная казка ў “Каменскім”. Адзіная на тэрыторыі Шчучынскага раёна рэзідэнцыя Дзеда Мароза пачала сваю працу

 

У панядзелак, нягледзячы на марозік, турбаза паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі “Каменскае” стала цэнтрам прыцягнення дзіцячай радасці. А ўся справа ў тым, што тут пачала сваю працу адзіная ў нашым раёне рэзідэнцыя Дзеда Мароза і Снягуркі.

 

Першымі сюды завіталі вучні малодшых класаў гімназіі і Орлеўскай сярэдняй школы імя С.П. Шупені. Хлопчыкаў і дзяўчынак забаўлялі розныя казачныя персанажы – Гном, Гаспадыня лесу, спадарыня Завіруха і Баба Яга.

 

Радасныя дзеці вадзілі вакол прыгожай елкі карагоды, танчылі разам з казачнымі персанажамі і ладзілі вясёлыя гульні, а таксама разам ратавалі сімвал надыходзячага года – Труса. Галоўнай часткай навагодняй імпрэзы стала ўручэнне салодкіх падарункаў. Аднак цукеркі проста так нікому не дасталіся, для таго каб атрымаць іх, хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі Дзядулю Марозу вершыкі і прыдумвалі арыгінальныя віншаванні са святамі.

 

 

Навагодні канцэрт для школьнікаў сумесна праводзілі супрацоўнікі Астрынскага ДКіТТ і Навадворскага Дома культуры. Вось як апісала імпрэзу рэжысёр узорнай тэатральнай студыі Астрынскага ДКіТТ Наталля Лукіна, якая сыграла Бабу Ягу:

 

– Галоўная асаблівасць нашай праграмы ў тым, што мы стараемся зацікавіць свайго гледача дабрынёй. Нашы персанажы дасягаюць сваіх мэт дзякуючы шчырасці і сяброўству.   

 

 

 

Неперадавальныя эмоцыі спазналі маленькія госці рэзідэнцыі падчас язды на санях. Сёлета зіма парадавала сапраўднай марозам і сняжком, таму дзеткі змаглі адчуць старадаўнюю навагоднюю атмасферу, катаючыся на запрэжаных конях, як некалі гэта рабілі нашы продкі.

 

Таксама ў праграме мерапрыемства была экскурсія па паляўніча-рыбалоўнай гаспадарцы “Каменскае”, наведванне мясцовага міні-заапарка і чаяванне з блінамі з праглядам мультфільмаў. Можна з упэўненасцю сказаць, што зімовая казка дзецям спадабалася.

 

– У рыбалоўна-паляўнічай гаспадарцы “Каменскае” ўжо склалася свая традыцыя: чатыры гады запар тут арганізоўваецца рэзідэнцыя Дзеда Мароза і, як паказвае практыка, дзецям тут падабаецца, бо праграма насычаная і конкурсы цікавыя. У гэтым сезоне мы плануем прыняць у рэзідэнцыі каля 600 дзяцей, – падзяліўся з намі начальнік гаспадаркі “Каменскае” Дзмітрый Розмыслаў.

 

Навагодняя рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў паляўніча-рыбалоўнай гаспадарцы “Каменскае” будзе працаваць з 19 снежня па 4 студзеня. Наведаць яе ў арганізаваных групах могуць усе жадаючыя, для гэтага трэба папярэдне запісвацца па тэлефонах, якія пазначаны на сайце, а таксама ў сацыяльных сетках рыбалоўна-паляўнічай гаспадаркі.  

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!