Амаль увесь аграгарадок Ляшчанка сабраўся нядаўна на сваё фірменнае “Свята ляшчыны”
Свята ладзілі для землякоў загадчыца мясцовага клуба В.В. Мішкель і яе творчыя памочнікі -- удзельнікі мастацкай самадзейнасці. На ўрачыстасць завіталі старшыня Лядскага сельвыканкама П.А. Літавар і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.В. Ганчарук. Менавіта ганаровыя госці пад дружныя апладысменты ўручалі сімвалічныя знакі павагі самым старэйшым і самаму юнаму жыхарам мястэчка.
Сюрпрызы чакалі і 75-гадовых юбіляраў – равеснікаў Гродзенскай вобласці. Інтэрактыўная віктарына паказала, што ляшчанкаўцы добра ведаюць гісторыю свайго краю, знакамітых землякоў, асаблівасці прыроды. Паклапацілася Вольга Віктараўна Мішкель і аб падарунках у намінацыі “Самы актыўны глядач”.
А колькі было песень, танцаў, інсцэніровак! Насычаная праграма свята не пераставала здзіўляць. Удзельнікі нечакана шукалі ў сябе пад крэсламі “шчаслівы арэшак” з прызам, частаваліся слодычамі і тортам ад старшыні сельскага Савета, заснавалі свой лагатып – выяву літары “Л”, аздобленай арэхамі. Цяпер гэты знак будзе паўсюль суправаджаць народныя святы ў Ляшчанцы.
І хоць наш родны край багаты на таленты, аб чым сведчылі два дзясяткі цудоўных канцэртных нумароў, аднак у песенны вянок “Свята ляшчыны” з поспехам уплялі свае самабытныя творы артысты Ізабелінскага Дома культуры Ваўкавыскага раёна. Так нараджаецца супрацоўніцтва і дружба паміж людзьмі і рэгіёнамі.
Падчас свята працавалі гандлёвыя кропкі і гульнявыя пляцоўкі для дзяцей. Усім – ад старога да малога -- было хораша і весела.
-- Так заўжды атрымліваецца, калі ў арганізацыю мерапрыемства ўкладваеш душу, -- дае сваю ацэнку культурнай падзеі вядучы метадыст ЦКіНТ Г.Э. Петушок. – Загадчыца Ляшчанскага сельскага клуба В.В. Мішкель – сапраўдны прафесіянал. Яна здолела згуртаваць і зацікавіць сяльчан. Цяпер гэта свята стане сапраўдным брэндам аграгарадка.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Галіны ПЕТУШОК.