Сімвал памяці і міру. 80 вянкоў – як сімвал васьмідзесяці мірных гадоў запусцілі ў Нёман падчас акцыі “Дзявочы вянок міру” ў Гродне

 

Са старадаўніх часоў нашы продкі надзялялі асаблівым, нават сакральным сэнсам вянкі, сплеценыя маладымі дзяўчатамі. Гэтая традыцыя дайшла і да нашых дзён. Сёння кветкавыя кампазіцыі маюць важнае і актуальнае значэнне – яны нібы сімвал надзеі і міру. Менавіта гэтым сэнсам была прысвечана абласная акцыя “Дзявочы вянок міру”, што нядаўна прайшла ў Гродне.

 

Прымеркаванае да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і марафону моладзі і студэнцтва мерапрыемства было арганізавана Беларускім саюзам жанчын і Гродзенскім аблвыканкамам.

 

Падчас мерапрыемства прадстаўніцы кожнага раёна ў нацыянальных строях прэзентавалі вянкі, сплеценыя з кветак, раслін і траў, якія сімвалізуюць подзвіг герояў. У вянок Шчучынскага раёна было ўплецена лісце крываўніка – як сімвал баявых перамог 451 стралковага палка і 1902 самаходнай артылерыйскай дывізіі, якія адыгралі ключавую ролю ў вызваленні нашага раёна ў 1944 годзе.

 

 

Вянок Шчучыншчыны прэзентавала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 горада Шчучына Анастасія Кіман. Прыгожую сукенку з нацыянальнымі ўзорамі для яе падрыхтавалі майстрыцы з Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

 

– Было прыемна прадстаўляць свой раён на такім мерапрыемстве, – прызналася Анастасія Кіман. – Калі выносіла вянок Шчучыншчыны, мяне перапаўнялі моцныя эмоцыі гонару за наш раён, за нашу гісторыю і герояў нашай слаўнай зямлі.

 

 

Акрамя таго, 80 вянкоў, прывезеных з усіх раёнаў Гарадзеншчыны, былі спушчаны на воды Нёмана ў той дзень. Нібы сімвал 80 мірных гадоў, яны сталі данінай павагі, пашаны і памяці героям-вызваліцелям нашай зямлі.

 

 

Таксама падчас акцыі “Дзявочы вянок міру” падзякамі Гродзенскага аблвыканкама былі адзначаны прадстаўнікі моладзі, які зрабілі важны ўнёсак у рэалізацыю мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Сярод іх юрысконсульт Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір” Марына Барысевіч – прызёр раённых конкурсаў “Мемарыялы Шчучыншчыны” і “Сямейны абярэг”, арганізатар мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці.

 

 

– Вельмі прыемна прадстаўляць сваё прадпрыемства і раён. Лічу, што сённяшняя падзяка – гэта не толькі мая заслуга, але і ўсёй маёй сям’і, бо мы сумесна ўдзельнічаем у разнастайных конкурсах. Сярод апошніх нашых перамог – першае месца ў раённым этапе абласнога конкурсу “Памяць у граніце”.

 

 

Акрамя ўрачыстай часткі мерапрыемства, для дэлегацый раёна была праведзена экскурсія па Старым замку ў Гродне. У яго старых мурах удзельнікі экскурсіі змаглі ў прамым сэнсе дакрануцца да мінулага нашых продкаў, якія з гонарам баранілі родны край, развівалі і паляпшалі яго дабрабыт. Ад былых пакаленняў нам дасталася галоўная спадчына – наша цудоўная Радзіма. А наш абавязак – захаваць, памножыць здабытае і перадаць гэтае багацце нашчадкам.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!