Падрыхтоўка да Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была адной з цэнтральных тэм на пасяджэнні аргкамітэта

 

Як Шчучыншчына адзначыць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў -- абмеркавалі на пасяджэнні раённага арганізацыйнага камітэта пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Цюсінай.

 

На нарадзе абмеркавалі мерапрыемствы, якія будуць праходзіць у святочныя дні. Традыцыйна яны пачнуцца ўрачыстым шэсцем людзей розных пакаленняў. У святочных і ўпрыгожаных калонах пройдуць прадстаўнікі ўлады, ветэраны працы і Ўзброеных Сіл, працоўных калектываў, моладзь. У гарадскім скверы ля помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан будуць ускладзены кветкі. Мітынг, прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбудзецца на плошчы Свабоды. Традыцыйна напярэдадні Дня Незалежнасці ў раённую Кнігу Славы заносяцца звесткі аб суайчынніках, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. І на гэты раз яна папоўніцца новымі імёнамі шчучынцаў, якім уручаць сертыфікаты і падарункі.

 

 

Пасля мітынгу святочныя мерапрыемствы працягнуцца на плошчы і ў гарадскім скверы. У праграме -- канцэрт, работа аб'ектаў гандлю, дзіцячых гульнявых пляцовак, атракцыёнаў, выстава-продаж вырабаў рамеснай дзейнасці з майстар-класамі. З 12.00 на беразе гарадскога возера адбудзецца лёгкаатлетычны "Забег адважных".

 

 

Адным з мерапрыемстваў свята стане ўрачыстае адкрыццё на будынку раённай газеты “Дзянніца” мемарыяльнай дошкі ў гонар Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы. Імя лётчыка носяць вуліцы многіх гарадоў Беларусі і СНД, на яго подзвігу вырасла некалькі пакаленняў лётчыкаў, а яго вогненны таран стаў адным з самых вядомых у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 

 

На плошчы Свабоды ў 18.00 выступяць творчыя калектывы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, пасля адбудзецца канцэрт зорак беларускай эстрады. Кульмінацыяй святкавання Дня Незалежнасці ў 22.55 стане рэспубліканская акцыя "Праспяваем гімн Рэспублікі Беларусь разам!" У 23.00 неба над Шчучынам асвятліць святочны феерверк.

 

 

Як адзначыла Таццяна Уладзіславаўна, адно з галоўных дзяржаўных свят павінна прайсці ярка і ўрачыста, з масавым удзелам членаў працоўных калектываў і моладзі. галоўныя мерапрыемствы, вядома ж, адбудуцца ў раённым цэнтры. Але і на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў неабходна адсвяткаваць знакавую дату дастойна. Важна аддаць даніну памяці загінуўшым у гады вайны, павіншаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай.

 

Дарэчы, у раёне сёння пражываюць 2 ветэраны і 12 чалавек, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Клопату пра іх надаецца асаблівая ўвага. Напярэдадні святкавання памятнай даты прыняты дадатковыя меры сацыяльнай падтрымкі. Ветэраны атрымалі аднаразовую матэрыяльную дапамогу, ім уручаны юбілейныя медалі "80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!