“А што гэта ў вас за чамаданчык?” Вучні восьмых класаў гімназіі г. Шчучына пабывалі на на Дні адчыненых дзвярэй у Шчучынскім раённым аддзеле Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз

Вучні восьмых класаў гімназіі г. Шчучына даведаліся шмат новага і цікавага аб рабоце эксперта-крыміналіста, пабываўшы на Дні адчыненых дзвярэй у Шчучынскім раённым аддзеле Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

 

Увагу рабят адразу ж прыцягнуў шэры чамаданчык. Аказалася, гэта абавязковы спадарожнік крыміналіста пры выездзе на агляд месца здарэння. Старшы эксперт-крыміналіст Д.В. Трахімовіч паказаў унутранае начынне чамаданчыка, расказаў, які прыбор для чаго прымяняецца. Хлопчыкі і дзяўчынкі паспрабавалі па гіпсавым злепку вызначыць, якой нагой – правай ці левай – быў пакінуты след. “Можна нават вызначыць памер абутку, калі ведаеш шырыню абцаса і шырыню падноска”, – патлумачыў Дзмітрый Валяр’янавіч. Знайшліся і ахвотнікі пад кантролем спецыяліста “адкатаць” свае пальчыкі. 

 

 

А ў суседнім кабінеце яшчэ адна група васьмікласнікаў уважліва слухала старшага эксперта Івана Янавіча Бартэля, які цікава распавядаў аб правядзенні дактыласкапічных экспертыз, напрыклад, па якіх прыкметах устанаўліваецца тоеснасць сабраных слядоў. Аб тэхнічнай экспертызе дакументаў і, у прыватнасці, аб тым, як адрозніць падробны пашпарт ад сапраўднага, расказаў гімназістам эксперт Сяргей Андрэевіч Будрыца.
Госці на свае вочы пабачылі крыміналістычнае абсталяванне і прыборы, у якіх умовах працуюць эксперты, пазнаёміліся са спецыфікай работы спецыялістаў гэтага профілю, даведаліся, дзе можна набыць запатрабаваную прафесію. Рабятам паказалі таксама адзін з аб’ектаў экспертызы – вінтоўку з аптычным прыцэлам, дактыласкапічную карту з адбіткамі пальцаў рук і ўзор заключэння эксперта, іншыя прафесійныя цікавосткі.

 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!