Шчырыя малітвы, шчодрыя падворкі, душэўныя гутаркі і духоўныя спевы… Даведаліся, якім быў учарашні вечар у Ракавічах, дзе 9 і 10 жніўня ладзіцца свята ў гонар Божай Маці

 

       Крэсным ходам прыйшлі ўчора са Шчучына ў Ракавічы шматлікія паломнікі. Па дарозе да іх далучаліся жыхары навакольных вёсак – Ражанкі, Багуславова, Балічаў, Валянчыцаў… А вось вялікі гурт моладзі на чале з крэатыўным і спартыўным свяшчэннаслужыцелем сабора Усіх Святых Ільёй Гапановічам прыкалясіў у Ракавічы з Гродна на веласіпедах. Настрой, як кажуць падарожнікі, цудоўны: і дзяўчаты, і тым больш юнакі велавандроўку пераадолелі без асаблівых цяжкасцей.

 

 

 -- А тут, у Ракавічах, такая благадаць валадарыць, такая прысутнасць Божай Маці адчуваецца, што сілы аднаўляюцца імгненна, -- гаворыць студэнт медуніверсітэта Мікіта Атліванчык. – Кожны год мы з сябрамі прыязджаем у гэту святую мясціну. Пасля набажэнства абавязкова ідзём да святой крыніцы, п’ём гаючую ваду. Добра, што тут праводзяцца работы і ў хуткім часе з’явіцца магчымасць акунацца ў купелі.

 

 

Пасля трапезы, а пра смачныя посныя стравы для шматлікіх гасцей-паломнікаў паклапаціліся жанчыны з Балічаў на чале з выдатнай гаспадынькай Наталляй Філіпчык, усе накіраваліся ў храм.   Адбылося прыгожае вячэрняе набажэнства і акафіст. Усё прыбывалі і прыбывалі людзі – са Шчычына, Гродна, Бераставіцы…

 

 

 

Неўзабаве настаяцель храма Ражства Прасвятой Багародзіцы іерэй Дзмітрый Галамбоўскі запрасіў усіх на святочны канцэрт, дзе сам выступіў у ролі вядучага праграмы, цікава расказаў гісторыю з’яўлення ў Ракавічах цудатворнай іконы Божай Маці Ракавіцкай, пра тыя цуды, на якія яна здольна. Вялікае задавальненне атрымалі ўдзельнікі фэста ад выступленняў ансамбля духоўных спеваў “Преображение”  РЦКіНТ пад кіраўніцтвам Алены Руткевіч,  знакамітага інструментальнага гурта выкладчыкаў Шчучынскай школы мастацтваў “Дывертысмент”, віртуознай ігры на акардэоне нядаўняга выпускніка гэтай ДШІ, а зараз студэнта музычнага каледжа Данііла Чарнаокага. З цэлым канцэртам прыехалі ў Ракавічы абаяльныя гродзенскія “Анёлы” на чале з кіраўніком творчага калектыву Альжбетай Даўгаполік. Шчырыя апладысменты, словы падзякі – гэта ўзнагарода артыстам за іх талент і шчодрасць душы. Да самай ночы гучалі песні над Ракавічамі.

 

 

А якімі неверагоднымі стравамі, неманскай юшкай і салодкай выпечкай частавалі гасцей работнікі культуры на каларытна аформленым вясковым падворку, дзе не меней, чым гасцінцы зачароўвалі ўзоры народнага ткацтва, старажытныя рэчы сялянскага побыту, прыгожыя кветкі з вясковых агародчыкаў! Так пастараліся энтузіясты з Ракавіцкай, Ляшчанскай, Мураванскай устаноў культуры. Дзякуй ім за гэта!

 

 

Прыгожыя драўляныя вырабы прывезлі на свята Сяргей і Ала Чаканюк з Ваўкавыска. У суседняй гандлёвай палатцы здзіўлялі прыгажосцю лялькі ручной работы. Дзятва не адыходзіла ад вітрыны са слодычамі. Свята ў Ракавічах адчувалі і старыя, і малыя! І гэта быў толькі першы дзень фэсту…

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!