УП “ШчучынСпецПашыў” на працягу больш чым 30 гадоў стварае камфортныя ўмовы для працоўнай адаптацыі інвалідаў
На працягу больш чым 30 гадоў УП “ШчучынСпецПашыў” паспяхова працуе на рынку лёгкай прамысловасці і стварае камфортныя ўмовы для працоўнай адаптацыі інвалідаў.
Сёння УП “ШчучынСпецПашыў” спецыялізуецца на пашыве спецвопраткі для работнікаў розных сфер. Сігнальныя, летнія і зімовыя камплекты спецадзення, а таксама пасцельная бялізна, коўдры, падушкі і ручнікі – усё гэта прадукцыя прадпрыемства.
Зараз у “ШчучынСпецПашыве” працуюць 28 чалавек, з іх 15 – з групай інваліднасці. Важнай асаблівасцю арганізацыі з’яўляецца тое, што тут праходзіць працоўная адаптацыя інвалідаў, на перыяд такой адаптацыі ўсе выдаткі на заробак работніка бярэ на сябе дзяржава. За гады існавання тут знайшла годную працу вялікая колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сярод іх цяперашні кіраўнік Аляксандр Сідлярэвіч. У 2017 годзе ён трапіў на прадпрыемства якраз па праграме працоўнай адаптацыі, больш за 7 гадоў адпрацаваў эканамістам. Нядаўна ён стаў часова выконваючым абавязкі дырэктара.
– Так як больш за 50% нашага калектыву інваліды, мы актыўна супрацоўнічаем з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, – заўважыў Аляксандр Сідлярэвіч. – Увогуле мы адчуваем значную падтрымку з боку дзяржавы. Напрыклад, мы вызвалены ад выплаты падаткаў на дададзеную вартасць, таксама для нас паменшаны працэнт адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Акрамя таго, за кошт бюджэтных сродкаў фінансуецца стварэнне новых працоўных месцаў на нашым прадпрыемстве.
Як адзначае Аляксандр, праца ў калектыве дапамагае інвалідам прыняць сябе і зразумець, што ты не адзін. Занятак запатрабаванай справай спрыяе вяртанню да чалавека душэўнай раўнавагі.
– Асабліва цяжка рэабілітацыя праходзіць у людзей, якія набылі інваліднасць не ад нараджэння, а ў працэсе жыцця, – кажа Аляксандр Сідлярэвіч. – У такім выпадку трэба прыкласці намаганні, каб прыняць новага сябе. Тут усё залежыць ад чалавека і ў першую чаргу ад адносінаў чалавека да праблемы. Хтосьці замыкаецца ў сабе, не хоча нікога бачыць. Хтосьці ставіцца да інваліднасці як да факта, які не зменіш і які трэба прыняць. З такім падыходам жыць прасцей. Што тычыцца нашага калектыву, то ён дружны, тут можна знайсці і разуменне, і падтрымку.
Зараз асноўная загрузка прадпрыемства прыпадае на пашыў спецадзення, менавіта яно прыносіць асноўны прыбытак.
– Мы ганарымся тым, што маем пастаянных кліентаў, і высока цэнім супрацоўніцтва з імі. Наша прадукцыя карыстаецца попытам у арганізацый Шчучынскага раёна, а таксама за яго межамі. Мы працавалі з Зэльвай, Карэлічамі, Пінскам, нават у Мінск адпраўлялі партыю тавару. Таксама супрацоўнічаем з вялікімі гродзенскімі арганізацыямі, напрыклад, зараз рыхтуем партыю спецадзення для “Гроднажылбуда”, – расказвае Аляксандр Сідлярэвіч.
Акрамя таго, работнікі “ШчучынСпецПашыву” займаюцца рамонтам адзення. Таксама па вуліцы Гастэлы, 2 у Шчучыне працуе невялікая абутковая майстэрня, дзе работнікі прадпрыемства абслугоўваюць жыхароў нашага горада.
– Яшчэ ў Шчучыне ёсць наша крама, у якой мы рэалізуем сваю прадукцыю. Мы ўважліва ставімся да патрэбаў і пажаданняў нашых кліентаў. Пакупнікі могуць прыйсці паглядзець і памераць рэч. Калі яна не падыходзіць, то можна зрабіць індывідуальны заказ: здымем меркі і пашыем. Гэта тычыцца і спецвопраткі, і пасцельнай бялізны. Шчучынцы высока ацэньваюць якасць нашай пасцельнай бялізны, падушак, коўдраў і ручнікоў, мы ж, у сваю чаргу, цэнім нашых кліентаў і стараемся для іх, – падсумоўвае Аляксандр.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.