Шчучынскія дарожнікі добраўпарадкоўваюць сельскія дарогі
Крыху больш за два месяцы спатрэбілася работнікам ДРБУ-161, каб па новай заасфальтаваць участак дарогі Шынкаўцы-Вострава даўжынёй 2,2 кіламетра.
– Асфальтавае пакрыццё тут было моцна зношаным, усюды віднеліся ямы, а з двух бакоў дарогу ўшчыльную абступаў лес, што значна ўскладняла дарожны рух, – гаворыць старшы майстар ДРБУ-161 Алег Людвігавіч Ціцяк. – Мы раскарчавалі хмызняк, зрабілі адкосы і абочыны шырынёй 1,5 метра. Згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі спачатку паклалі выраўнавальны слой, а пасля – фінішны таўшчынёй 3 сантыметры і шырынёй 6 метраў. Падчас правядзення рамонтных работ зрасходавалі амаль 2,2 тысячы тон асфальту і 8,5 тонн эмульсіі. На рэалізацыю праекта было накіравана 350 тысяч рублёў з абласнога бюджэту.
Паклаўшы новае асфальтавае пакрыццё на ўчастку дарогі Шынкаўцы-Вострава, шчучынскія дарожнікі пачалі прыводзіць у парадак участак дарогі Мажэйкава-Мураванка даўжынёй 1,5 кіламетра.
– Тут мы прыменім іншую тэхналогію, – зазначае Алег Людвігавіч. – Спачатку пакладзём выраўнавальны слой паверх старога асфальту, а затым – спецыяльнае пакрыццё з халоднага літога асфальтабетону. Яно характарызуецца выдатнай счэпкай з коламі аўтамабіляў, таму рухацца па ўчастку дарогі Мажэйкава-Мураванка будзе камфортна і бяспечна.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.