Шчучынскі раён заняў трэцяе месца ў абласным спаборніцтве па ўборцы збожжавых культур

 

Асноўная фаза ўборачнай кампаніі ў нашым раёне паспяхова завяршылася. Аграрыі Шчучыншчыны пастараліся на славу і зрабілі значны ўнёсак у агульны каравай краіны. Таму самы час падвесці прамежкавыя вынікі сельскагаспадарчага сезона, з чым нам дапамог першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Андрэй Клімовіч.

 

– Сёлета ў Шчучынскім раёне намалочана 117,5 тысячы тон збожжавых і зернебабовых культур пры сярэдняй ураджайнасці 56,3 ц/га, – адзначае Андрэй Віктаравіч. – Фактычна гэта ўраджайнасць на ўзроўні мінулага года, нават крыху большая. Гэта пры тым, што гэты сезон быў вельмі засушлівы, шмат дзён у нашым раёне не было дажджу. Але дзякуючы старанням і дысцыпліне у гаспадарках Шчучыншчыны атрымалася ўдала прымяніць сучасныя сельскагаспадарчыя тэхналогіі, што і паспрыяла атрыманню такога добрага ўраджаю.

 

Працоўныя дасягненні нашых аграрыяў годна ацанілі на абласным узроўні. Так, на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі - 2023”, які адбудзецца ў гэтую суботу ў Зэльве наш раён будзе адзначаны ганаровай граматай за трэцяе месца ў абласным спаборніцтве па ўборцы збожжавых культур. Падчас спаборніцтва ацэньваўся шэраг паказчыкаў, сярод якіх валавы збор, ураджайнасць, прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі збожжа, бал раллі і іншыя. Агулам спіс складае каля дзесяці паказчыкаў, з іх выводзіцца агульны каэфіцыент, які і ўлічваецца пры размеркаванні прызавых месцаў.

 

 

– У мінулым годзе ў гэтым спаборніцтве наш раён таксама заняў трэцяе месца. Можна сказаць, што трымаем марку не зніжаючы патрабаванняў да сябе. Асабліва хацелася б выдзеліць СПУ “Пратасаўшчына”, ААТ “Дэмбрава”, ААТ “Васілішкі” і “Жалудоцкі агракомплекс”, якія сёлета дасягнулі выдатных вынікаў. Таксама адзначу ААТ “Першамайск-агра”. У мінулым годзе гаспадарка была ў кепскім стане, але ў гэтым сезоне значна павялічыла паказчыкі, – заўважыў Андрэй Клімовіч.

 

Самай высокай ураджайнасці ў раёне дасягнулі аграрыі з СПУ “Пратасаўшчына”, паказчык у 110,9 ц/га з’яўляецца чацвёртым сярод 145 сельгасарганізацый вобласці. Сёлета ў гаспадарцы склаліся спрыяльныя ўмовы для атрымання рэкорднага ўраджаю.

 

Варта адзначыць, што сёлета ў нашым раёне атрыманы рэкордны ўраджай азімага рапсу. Намалочана каля 23 тысяч тон гэтай культуры пры сярэдняй ураджайнасці 42,5 ц/га. Яшчэ ніколі ў гісторыі Шчучынскага раёна азімы рапс не даваў такіх высокіх ураджаяў.

 

Пасля гарачай летняй пары надышла не менш важная асенняя кампанія. Сельскагаспадарчыя работы ў нашым раёне ідуць поўным ходам. На Шчучыншчыне ўжо завяршылася ўборка грэчкі, завяршаецца ўборка проса. Зараз вядзецца падрыхтоўка глебы і сяўба азімых збожжавых, якія займаюць каля 75% у структуры збожжавых плошчаў раёна.

 

– Некалькі гадоў таму ў нашым раёне была зроблена стаўка на азімыя збожжавыя культуры, якія даюць істотна большую ўраджайнасць у параўнанні з яравымі, – расказвае Андрэй Клімовіч.

 

Актыўна ідзе нарыхтоўка кармоў, у прыватнасці, кукурузы на сілас. Ужо ўбрана больш за 40% плошчаў гэтай культуры пры 120 тысячах тон валавога збору зялёнай масы. Сёлета ў нашым раёне ўраджайнасць кукурузы самая высокая ў вобласці і складае 403 ц/га. Паралельна вядзецца ўборка бульбы, ужо пачаўся збор цукровых буракоў. Працы шмат зараз на зямлі, але нашы аграрыі годна выконваюць усе пастаўленыя перад імі задачы.

 

Такім чынам, да 117 тысяч тон намалоту збожжавых культур плануецца дадаць яшчэ каля 45-50 тысяч тон зерня кукурузы. У выніку агульны каравай раёна ў гэтым сезоне з усімі культурамі, уключаючы рапс, будзе складаць каля 190 тысяч тон.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!