Шчучынская моладзь працуе ў студатрадах

Для шчучынскай моладзі лета – час адпачынку і… плённай працы. Звыш 110 чалавек не ўпусцілі магчымасць зарабіць уласны рубель і запісаліся ў студатрады. Працаўладкавацца ім дапамог раённы камітэт ГА “БРСМ”. Добра папрацавалі на палетках ААТ “Васілішкі” рабяты з СШ №3 г. Шчучына, якіх аб’яднаў атрад “ТРУД-КРУТ”.

Падчас нашага візіту вучні старэйшых класаў займаліся праполкай морквы.

– У нашым атрадзе – 20 рабят, – расказвае камандзір Марыя Букіна. – Мы былі задзейнічаны на праполцы капусты і морквы. Юнакі і дзяўчаты стараюцца, бо ведаюць, што ад якасці іх працы напрамую залежыць іх зарплата.

Многія ўжо нават вырашылі, куды патрацяць уласны рубель: адзенне, касметыка, ласункі… Аднак большая частка падлеткаў прызналася, што зарплата асядзе на “Школьным кірмашы”.

Маргарыта Пятрова – адна з тых, хто добра ведае цану грошай.

– Свой рубель шкада траціць, – прызналася школьніца, якая працуе ў атрадзе другі год. – Мінулым летам я атрымала 150 рублёў і набыла прынтар. Праўда, прыйшлося маме трошкі грошай дакласці. У гэтым таксама разлічваю на добры заробак.

Паразмаўляўшы за рабятамі высветлілася, што праца ў студатрадзе – асабістае жаданне кожнага. Да таго ж юнакі і дзяўчаты знаходзяць час, каб дапамагчы на агародзе сваім бацькам, бабулям і дзядулям.

Студатрад – гэта не толькі магчымасць зарабіць грошы, але і атрымаць вопыт і знайсці новых сяброў. Разам і працаваць, і адпачываць весялей!

Дарэчы, зараз на Шчучыншчыне дзейнічаюць сем студатрадаў. Актывісты БРСМ набіраюцца вопыту ў розных прадпрыемствах і арганізацыях раёна. Нараканняў на іх працу ў спецыялістаў няма. Так трымаць, студатрадаўцы!

Ганна КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!