Шчучынская Алімпія сабрала сяброў. Маштабнае мерапрыемства прайшло з нагоды адкрыцця пасля рэканструкцыі гарадскога стадыёна “Алімп”

 

Маштабнае свята спорту і здаровага ладу жыцця адбылося сёння на абноўленым стадыёне “Алімп” у Шчучыне. Дзясяткі юных спартсменаў нашага раёна паказалі свае навыкі і майстэрства ў розных спартыўных дысцыплінах. З трыбун за імі назіралі шматлікія гледачы і ганаровыя госці.

 

Адкрыццё гарадскога стадыёна “Алімп” пасля рэканструкцыі – значная і доўгачаканая падзея для Шчучына. Шматлікія заўзятары, а асабліва футбольныя фанаты, з нецярпеннем чакалі гэтага дня. І вось новае штучнае пакрыццё ўжо радуе сваім выглядам аматараў спорту. Да гэтай знакавай падзеі была прымеркавана спартыўна-культурная акцыя “Шчучынская Алімпія збірае сяброў”.

 

 

Таксама на стадыёне была адкрыта выстава спартыўных дасягненняў Шчучынскага раёна, дзе ўсе жадаючыя маглі прасачыць гісторыю развіцця спартыўнай галіны нашага рэгіёна. Мноства трафеяў і медалёў, бляск якіх часам асляпляў цікаўных, сведчыць аб моцных традыцыях і светлым будучым Шчучынскага спорту.

 

 

Спартыўна-культурную акцыю “Шчучынская Алімпія збірае сяброў” адкрывалі ганаровыя госці: начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Максім Малахоўскі, намеснік старшыні асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Уладзімір Базанаў, а з прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна:

 

– Дарагія сябры, я рада вітаць вас на гэтым выдатным свяце, якое, я думаю, стане нашай добрай традыцыяй. У 1993 годзе, роўна 30 гадоў таму, быў пабудаваны стадыён “Алімп”. І сёння Алімпія збірае сяброў не проста так: на стадыёне праведзена рэканструкцыя – з’явілася новае футбольнае пакрыццё. Канечне ж, наперадзе яшчэ шмат працы, нам неабходна адрамантаваць бегавыя дарожкі, але я ўпэўнена, што ў нас усё атрымаецца. Стадыён за апошнія пяць гадоў значна змяніўся. Сёння мы можам праводзіць тут не толькі спартыўныя гульні, але і сацыяльныя, культурныя мерапрыемствы.

 

Як заўважыў Максім Малахоўскі, футбольная інфраструктура ў нашай вобласці з кожным годам паляпшаецца, што ў сваю чаргу станоўча ўплывае на спартыўныя вынікі.

 

– Будаўнікі добра пастараліся, выдатна зрабілі сваю справу,  і цяпер “бразды праўлення” бяруць у свае рукі спартсмены, – адзначыў Максім Малахоўскі. – Тут выдатны штучны газон, хочацца дадаць, што гэта самае сучаснае на сённяшні дзень пакрыццё. Такімі ж футбольнымі палямі карыстаюцца і прафесійныя клубы. Таму цяпер у вашых каманд з’явіліся выдатныя ўмовы, каб гуляць у футбол і прымаць каманды, якія будуць прыязджаць. Радасна, што напярэдадні важнага свята – Дня народнага адзінства, адкрываюцца такія аб’екты. 9 мая гэтага года ў вашым горадзе была адкрыта новая міні-футбольная пляцоўка. Таму мы чакаем падрастаючае пакаленне і спадзяемся, што гадоў праз дзесяць гэтыя юныя спартсмены будуць гуляць у колерах нацыянальнай зборнай і адстойваць гонар нашай краіны. Спадзяюся, што ў наступным годзе мы цалкам адкрыем стадыён, з усімі бегавымі дарожкамі, і Шчучын стане цэнтрам спартыўнага прыцягнення.

 

З цёплымі пажаданнямі да юных спартсменаў Шчучыншчыны звярнуўся Уладзімір Базанаў:

 

– Жадаю вам добра гуляць за шчучынскія каманды, імкнуцца да клубаў з вашай вобласці, якія гуляюць у Першай лізе, прабівацца ў гродзенскі “Нёман”, у “Смаргонь”, якая гуляе ў Вышэйшай лізе. І, вядома ж, жадаю, каб усе хлопчыкі і дзяўчынкі імкнуліся трапіць у нацыянальную зборную. Думаю, што дзякуючы стараннай працы ў вас усё атрымаецца.

 

 

 

Не абышлося мерапрыемства без падарункаў. Так, асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” перадала нашаму раёну камплекты дзіцячай футбольнай формы і мячы.

 

 

Далей уся ўвага гледачоў была звернута на поле, дзе адбылася дэманстрацыя спартыўных майстэрстваў юных шчучынскіх спартсменаў. Эфектныя танцы змяняліся відовішчнымі адзінаборствамі. Шматлікія футбалісты перакідваліся мячамі, паказвалі майстэрскія фінты. Не адставалі ад іх орлеўскія хакеісты, якія паказалі, як можна трэніраваць свае навыкі без лядовай пляцоўкі. Дух захоплівалі артыстычныя выступленні шчучынскай чырлідарскай каманды, якая дэманстравала сапраўдныя цуды акрабатыкі і каманднага разумення.

 

 

 

Упэўнены, што ад такога шоу ўсе прысутныя засталіся ў вялікім задавальненні.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!