“Шчучыншчына, якая навучаецца” – актывісты раёна абмяркавалі тэматычны напрамак у распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця

Які карысны досвед можа ўзяць для сябе турыст, наведаўшы нашу Шчучыншчыну? А як стварыць падмурак, каб кожны жадаючы з ліку мясцовых жыхароў мог самарэалізавацца ў творчасці або набыць новыя веды, атрымаць дадатковую адукацыю? Не сакрэт, што ва ўсім свеце сёння не толькі моладзь, але і людзі самага рознага ўзросту імкнуцца да пастаяннага развіцця і асобаснага росту.
 – Мы таксама гатовы прапанаваць цэлы спектр адукацыйных паслуг, – пераканана намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта. – Да прыкладу, у хуткім часе Шчучын прыме членаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, гатовых падзяліцца багатым вопытам у сферы адукацыі. Што тычыцца развіцця турызму, то ў рэгіёне важна ствараць унікальны прадукт, развіваць менеджмент турыстычных паслуг. Мала проста паказаць гасцям нашы славутасці. Сучасны турыст жадае інтэрактыўнасці, хоча быць непасрэдным удзельнікам цікавых працэсаў і падзей, прагне нечаму навучыцца, штосьці самабытнае пераняць. А таму так важна развіваць брэндавыя мерапрыемствы і фестывалі, ладзіць нашы знакавыя святы, даваць майстар-класы, арганізоўваць курсы навучання ў самых нечаканых галінах. І ўвогуле, чаму б не паставіць перад сабой мэту, каб наш Шчучын набыў статус культурнай сталіцы Беларусі? Тады да нас памкнуцца вядомыя людзі мастацтва, Шчучыншчына будзе ва ўсіх на слыху, інвестары зацікавяцца нашым рэгіёнам…
Гэтымі развагамі Алена Васільеўна падзялілася з аўдыторыяй аднадумцаў, што аб’ядналіся ў рабочую групу, падыходзячы да распрацоўкі стратэгіі ўстойлівага развіцця раёна. У канферэнц-зале гімназіі горача абмяркоўвалі чарговы тэматычны напрамак “Шчучыншчына, якая навучаецца”. На шляху рэалізацыі праекта ён не менш важкі, чым вызначаныя раней тэмы развіцця бізнесу, замацавання роўных правоў і даступных магчымасцей у грамадстве, вырашэння праблем экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
Вось і на гэты раз група актывістаў з ліку прадстаўнікоў раённай улады, сфер адукацыі, культуры, спорту зацікаўлена абмяркоўвала перспектывы развіцця сваёй малой радзімы, дзялілася творчымі напрацоўкамі. Так, настаўніца Васілішкаўскай СШ Святлана Ханько дыстанцыйна навучае камп’ютарным тэхналогіям дарослых не толькі з усіх куточкаў Беларусі, але і Расіі, Украіны. Шматлікія майстар-класы праводзяць педагогі Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Асабліва запатрабаваны ў гасцей Шчучына ўрокі … танцаў 19 стагоддзя. 
У Астрыну і Старыя Васілішкі, дзе дзейнічаюць музеі нашых славутых землякоў – паэткі Алаізы Пашкевіч і рок-музыканта Чэслава Немэна – прыязджаюць школьнікі і студэнты ўніверсітэтаў. Гэтыя і іншыя прыклады сведчаць, што вельмі многае ў нас ужо зроблена, каб стварыць брэнд роднага краю, але яшчэ большая праца чакае наперадзе. 
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!